Ванда Цюлькова: пяць правілаў жыцця

Інтэрв’ю з заснавальніцай клуба “Залаты ўзрост”

 

Што такое “сталы ўзрост”? Ці існуе жыццё пасля 50 і як гэта ўвогуле – быць актыўным чалавекам і не ўпісвацца ў стэрэатып пра “пенсіянера на канапе”? Пра гэта нам распавядае Ванда Андрэеўна Цюлькова, сузаснавальніца аб’яднання сталых людзей “Залаты ўзрост”.

Мы сустракаемся ў пабе “Торвальд” і вечаровую гарбату вырашаем замяніць куфлям цёмнага піва. Чаму б і не? Да размовы – вельмі пасуе! Прапануем нашай гераіні зрабіць самапрэзентацыю:

—  Мяне завуць Ванда, мне 78 год. Я нарадзілася ў Заходняй Беларусі. У школе была неверагоднай актывісткай, пасля адвучылася ва ўніверсітэце і пайшла працаваць у школу, гэта было ў Паставах. Працавала на розных пасадах, была і заведуючай агітацыйным калектывам, і на іншых пасадах. У 29 год, я, на жаль, апынулася ўдавой. Тады я вырашыла пераехаць у Віцебск. Уладкавалася ў 11 школу, каля васьмі год там працавала педагогам-арганізатарам. А пасля ажно 32 гады была дырэктаркай бухгалтарскай школы! Крыху пазней мяне запрасіла да сябе Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрамальнікаў: там я зладзіла прадпрымальніцкі кааператыў. У сэнсе, ен ужо быў створаны, але трэба было неяк удыхнуць туды жыццё: вось мяне і запрасілі. Замест планаваных некалькіх удзельнікаў мы дайшлі да амаль 300 чальцоў!

Потым на адміністратыўным узроўні ў Асацыяцыі пачаліся праблемы і хутка кааператыў зачыніўся, я ж занялася іншай справай. Я стварыла невялікі гурток валанцёраў пры Беларускім чырвоным крыжы. Калі ўжо колькасць актывістаў дайшла амаль да 50 пад маім узначаленнем, кіраўніцтва Чырвонага крыжа параіла нам адасобіцца.

Так мы і зрабілі. Стварылі Гарадское грамадскае аб’яданне сталых людзей “Залаты ўзрост”. Спачатку я кіравала ўсім сама, але ж троху стамілася, ды і трэба іншым даваць магчымасці. Таму зараз у нас старшыня – мужчына, адзін з удзельнікаў аб’яднання, а я – намеснік. Дапамагаю ўсім, чым магу, і актыўнічаю, як і раней, а галава ўжо меней баліць за справы “Залатога ўзроста”.

Далей нашу гераіню не спыніць: яна прыадкрывае сакрэт даўгалецця і добрага настрою, які вынайшла для сябе сама і горача раіць усім астатнім:

Я жыву па пяці прынцыпах: па-першае, як мага болей піць кавы; па-другое – як мага болей смяяцца; па-трэцяе – заўсёды фарбаваць вусны і падфарбоўваць праз 10-15 хвілін; чацвёртае – аблівацца халоднай вадой шторанку, ды пятае – можа, каму сорамна чуць ад мяне ў 78 год, – але гэта секс! Вось у мяне запытваюцца: “А як там справы з пятым пунктам?” Да ўсё вельмі проста і цудоўна!

Я заўсёды жартавала, маўляў, пастаўце мне потым помнік у выглядзе мабільнага тэлефона з надпісам “Часова недасяжна”. Але пасля перадумала. Зараз жартую: напішыце там “Загінула ад агіды”. 

Просім Ванду распавесці, уласна, пра паўсядзённае жыццё аб’яднання “Залаты ўзрост”. Якія людзі прыходзяць туды, як бавяць свой час і навошта ўвогуле аб’ядноўваюцца разам.

—  У “Залатога ўзроста” есць дэвіз: “Нас не дагоніш!” Што для нас істотна? Побытавай мовай кажучы – адарваць сталых людзей ад тэлевізара і канапы. Зматываваць на творчасць. Каб не толькі яны проста выходзілі куды-небудзь, але і былі ініцыятарамі і ўдзельнікамі падзей. У аб’яднанні ёсць адказныя за розныя напрамкі дзейнасці: за культурна-масавую працу, за спартыўнае жыццё і г.д.

Высвятляем, куды любяць хадзіць удзельнікі “Залатога ўзросту” больш за ўсё.

—  Напрыклад, у музычнай гасцёўні ёсць кінаклуб “Дыялог”, які працуе па панядзелках і пятніцах. На “Паддашку” таксама працуе кінаклуб, там фільмы ледзьве не кожны дзень дэманструюць. Любім хадзіць у кіно і проста так, у “Дом кіно” і “Мір”. Шмат хто з нашых вось хадзіў нядаўна на Manhattan Short Film Festival, дужа спадабалася. У аўторак, чацвер і пятніцу мы займаемся спортам: гарадскі камітэт дапамог нам з трэнерам і залай, вось мы і займаемся. Па пятніцах вучым танцы розныя, таксама з трэнерам. Вельмі шмат сацыяльнай актыўнасці, намагаемся дапамагчы паўсюль, дзе толькі можам. Шмат удзельнічаем у мерапрыемтсвах Чырвонага крыжа, перыядычна збіраем рэчы і іншую дапамогу для Воранаўскага дома-інтэрната для састалелых і інвалідаў, тое ж – для хоспіса ў Акцябрскім пасёлку.

Якім жа чынам да “Залатога ўзроста” далучаюцца новыя чальцы, калі так востра стаіць пытанне, як разлучыць умоўных пенсіянераў з канапай і тэлевізарам? Ванда тлумачыць:

—  У нас ёсць старонкі ў інтэрнэце, пра нас часта згадваюць розныя выданні, так што знайсці нас лёгка. Прычым, шчыра кажучы, зараз у нас умоўна “зачынены” прыём жадаючых у аб’яднанне, бо нас ужо болей 100 удзельнікаў, натуральна, проста памяшканне не дазваляе збірацца ўсім. Але мы вельмі дбаем пра тое, каб усе чальцы прымалі ўдзел у мерапрыемствах і маглі іх самі ладзіць: не толькі ж я і старшыня будзем нешта рабіць. Даем дарогу маладым! 

Запытваем Ванду Андрэеўну, ці не крыўдзіць яе слова спалучэнне “сталыя людзі”. Ці ёсць нейкая альтэрнатыва такому звароту?

—  Шчыра кажучы, нам не вельмі падабаецца зварот “сталыя людзі”, ну але як па-іншаму? Мы ж немаладыя, насамрэч. Не скажаш жа там аб’яднанне мудрых людзей “Залаты ўзрост”. Карацей, словы не самыя ўдалыя, але крыўды я тут не бачу. Увогуле, мала ўвагі на гэта звяртаю. Радуе сам факт, што мы вось так збіраемся, ходзім, нешта ладзім. Тут прыемны сам факт чалавечых стасункаў. Кожнаму ўдзельніку аб’ядання выдаецца гэткі план на тыдзень, дзе распісаныя ўсе мерапрыемствы, якія ён можа наведаць. Стараемся быць усюды, дзе нас запрашаюць. Есць сталыя сувязі з рознымі установамі культуры, дзе пра нас памятаюць: каледж культуры, музычны каледж, гарадскія бібліятэкі, музеі заўсёды клічуць на свае падзеі.

Ды й сярод нас саміх вельмі шмат творчых людзей – мы не толькі як гледачы на імпрэзах бываем. Нашы ўдзельнікі самі пішуць вершы, прозу, музыку, займаюцца дэкаратыўнай творчасцю. Мы выдаем адзін адному кнігі, абмяркоўваем, глядзім фільмы, таксама дзелімся ўражаннямі пасля.

У мяне ўвогуле ёсць асабістая забаўка – салон “У Ванды”. Мы праводзім яго раз на месяц. Напрыклад, узялі тэму – творчасць Іллі Рэпіна. Мы спачатку з’езділі на экскурсію ў Здраўнёва, а пасля правялі салон. Кожны госць рыхтуецца. Нехта друкуе карціны і прыносіць, паказвае. У каго ёсць журналы нейкія, артыкулы – таксама прыносім, распавядаем. Вось ужо нешта ў галаве і застанецца, можна распавесці, зацікавіць іншага.

Ванда Андрэеўна шмат распавядала пра паездкі ўдзельнікаў “Залатога ўзроста”. Чальцы аб’яднання любяць культурніцкія туры ў бліжняе замежжа і па Беларусі: мясціны Пушкіна, Рэрыха, іншых творцаў. Усе такія паездкі робяцца і аплочваюцца ўдзельнікамі самастойна.

—  Канешне, што датычна выездаў, хацелася б атрымліваць нейкую староннюю дапамогу. Часткова – яна ёсць. Усе партнёрскія арганізацыі, з якімі мы працуем (як Савет Ветэранаў, Чырвоны крыж, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва), запрашаюць нас на сумесныя выезды і мерапрыемствы, калі ёсць такая магчымасць, калі ёсць месцы.

Мы спрабуем шукаць спонсараў, канешне, але тут як атрымліваецца.

Хаця і нават без гэтага радасна. Мы святкуем разам амаль усе святы, і гэта проста цудоўна: напрыклад, вось нядаўна адзначалі разам дзень сталых людзей. Сабраліся разам у “Задзвінні”, пасядзелі. Гэта ж цудоўна: ты апранаешся прыгожа, збіраешся, прыходзіць да людзей, вы разам. А не адзін дома сядзіш! Прыйшоў: прыгожы, з макіяжам, з добрым настроем…

У нас зараз увогуле такі “кастынг” на ўступленне: трэба правесці нейкую падзею, каб да нас далучыцца. Экскурсію, лекцыю якую, майстар-клас. Тады бярэм. Так што ўсё робім самі, не сядзім, не чакаем дапамогі, працуем актыўна.

Запытваемся пра планы “Залатога ўзроста” на бліжэйшы час. І не толькі пра паўсядзённыя, але і пра фантастычныя мары.

Мне б вельмі хацелася, каб у нас з’явілася нейкая самадзейнасць, на арганізаваным, добрым узроўні. Каб мы маглі болей выступаць, непасрэдна ўдзельнічаць на творчых імпрэзах. Яшчэ мы хочам пасадзіць алею “Залатога ўзроста” у парку Мазурына – там нам выдзелілі месца. Амбіцый, планаў, падзей шмат – толькі паспявай хадзіць, глядзець, захапляцца.

Куды яшчэ можна схадзіць у горадзе чалавеку сталага ўзроста?

Канцэртна-танцавальныя праграмы “И снова здравствуйте!”, якія праходзяць кожную нядзелю ў канцэртнай залі “Віцебск” а 14.00.

Клуб кветкаводаў-аматараў, якія месцяцца ў Цэнтры культуры “Віцебск”, а таксама рэгулярна ладзяць выставы і прэзентацыі.

Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыіCityDog.byvitebsk4.me, часопіса Бінокль" і "Рэгіянальнай газеты".

Фота: Лера Субач (TUT.BY, архіў гераіні)

 
Віка Фаміна · 28.11.2018