“Стужку” – перарэзалі!

Абвешчаны пераможцы конкурса для журналістаў

 

У лістападзе мінулага года ў горадзе распачаў працу Віцебскі рэгіянальны медыяцэнтр. Першай ініцыятывай цэнтра стаў навучальны курс “Медыя і актывізм”. Цягам двух месяцаў у Віцебску прайшло 8 заняткаў для журналістаў і актывістаў ад знаўцаў у гэтай сферы з усёй краіны. Ад пачатку года ўдзельнікамі курса было створана больш за 60 публікацый пра культурніцкія і сацыяльныя падзеі і з’явы горада.

У жніўні медыяцэнтр абвясціў конкурс журналісцкіх публікацый “Грамадская стужка” для аўтараў з Віцебска і вобласці. Да 13 верасня доўжыўся прыём заявак. Агулам на конкурс падалі 21 працу, сярод якіх – артыкулы, відэасюжэты, фотасправаздачы, сайты-візітоўкі.

У журы конкурса ўвайшлі:

Алена Каховіч (Берасцейскае абласное моладзевае грамадскае аб’яднанне “Дзедзіч”);

Паўлюк Быкоўскі (DeutscheWelle);

Дзяніс Васількоў (Беларускі партал TUT.BY);

Сяржук Серабро (“Народныя навіны Віцебска”);

Ганна Пярова (Беларускі партал TUT.BY).

Журы ацэньвала сацыяльную і/або культурную значнасць абранай тэмы, а таксама журналісцкае майстэрства аўтараў.

Узнагароджанне адбылося 29 верасня ў арт-пабе “Торвальд”.

Першае месца атрымаў Алесь Лібер за сайт пра прытулак для жывёл. Прызам для пераможцы стаў смартфон.

Другое месца – Аляксандр Кутынка за тэкст пра шматдзетную сям’ю ў новабудоўцы.

Трэцяе месца атрымала Юля Абуховіч за інтэрв’ю з маладым аўтарам Нікам Наско. Яе падарунак і дыплом мы даслалі ў Пецябург, дзе зараз навучаецца аўтар.

Віцебскі рэгіянальны медыяцэнтр будзе працягваць працу па асвятленні грамадскіх і культурніцкіх ініцыятыў у горадзе. Конкурс “Грамадская стужка” пройдзе чарговы раз у сакавіку 2019 года. Дзякуем за падтрымку ініцыятывы сацыяльна-культурніцкай установе “Віцебск для мяне”.  

 
Vitebsk4me · 29.09.2018