Грамадскі фуршэт: віншуем пераможцаў!

Хто стаў лепшым у 2019 годзе?

 

Спадзяемся, вы не паспелі набыць яшчэ новых бліскучых сукенак і смокінгаў, на якія было б крыўдна назіраць зараз. “Грамадскі фуршэт” павінен быў адбыцца і планаваўся нашай камандай на пачатак красавіка, але мы, як і ўсе адказныя грамадзяне, сядзім зараз дома, паспяваючы толькі гартаць стужку і верыць у лепшае.

Тым не менш, абвяшчэнне вынікаў нашай актывісцкай галасаванкі мы вырашылі не пераносіць, а ўжо зараз адзначыць і падзякваць тым, хто зрабіў нешта вартае ўвагі ў 2019-м. Спадзяемся, гэта хоць крыху падыме вам настрой і вы разам з намі ўзгадаеце пра тых, хто адзначыўся ў полі грамадска-значнай актыўнасці ў Віцебску і вобласці ў мінулым годзе.

Нагадаем, што пераможцы вызначаліся адкрытым галасаваннем з удзелам каманды “Віцебск для мяне”. Так што дзякуем усім, хто выказаў сваё меркаванне і намінаваў усе крутыя падзеі і ініцыятывы.

Пагналі!

Культурніцкі праект

Нацыяльны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа за пастаноўку “Ваўкалак” 

Прэм’ера, якая адбылася на коласаўскай сцэне 11 снежня і захапіла нашыя сардэчкі. “Ваўкалак” пастаўлены па аповедах Яна Баршчэўскага з кнігі “Шляхціч Завальня”. Творчы саюз Ірыны Цішкевіч, Юліі Карымавай і Дзіяны Юрчанкі зрабіў сапраўдную магію на сцэне, увасабілі сабой якую яшчэ і бліскучыя акцёры (Улляна Атясава, Арцём Герак, Раіса Грыбовіч, Святлана Жукоўская, Зміцер Каваленка, Паліна Крашэўская, Юлія Крашэўская, Пятро Ламан, Аляксей Стома, Юры Цвірко).

Зараз у вас акурат ё час перачытаць п’есу, каб дайсці да тэтра ў больш бяспечныя часы і паглядзець на гэтую містычную беларускую пастаноўку. Віншуем і шчыра дзякуем!

Экалагічны праект

Намінацыя не ўручаецца. Актывісты, бярыцё пакуль не дужа занятую ў Віцебску нішу і зрабіце ўжо ў бягучым годзе круты праект!

Адукацыйны праект

ОГО Віцебск

ОГО Віцебск — гэта адукацыйны праект новага фармата у горадзе, дзе зразумелай мовай слухачам распавядаюць пра актуальныя тэмы і фарматы. У 2019 годзе ініцыятыўная група праекта правяла каля 10 крутых івэнтаў для шырокай аўдыторыі, гэта былі і лекцыі, і воркшопы, і дыскусіі. Мэта праекта — спрыянне адкрытай грамадскай адукацыі, дыялогу ў гарадскім асяроддзі, падвышэнне ўроўню кампетэнцый, якія б палепшылі жыццё гарадскіх жыхароў. Дзякуем за такія годныя падзеі ў горадзе і запрашем на лекцыі праекта ў больш бяспечныя часы. Віншуем!

Бясплатныя лекцыйныя курсы для ўсіх “Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя”

Курсы па цікавай і пазашкольнай гісторыі горада, якія ўжо з 2016 года праводзяцца ў абласной бібліятэцы. Дзякуем за старанасць і адданасць гэтай ініцыятыве кафедры гісторыі Беларусі дзяржаўнага ўніверсітэта і адміністрацыі абласной бібліятэкі імя Леніна. Раім пазней наведаць падзеі праекта, а пакуль можна ў суполках паглядзець запісы з найцікавейшых лекцый. Ведайма гісторыю і будзьма разам. Віншуем!

Сацыяльны праект

Дабрачыннае графіці ў прытулку для жывёлаў

Малюнак, які з’явіўся на сцяне прытулку для жывёлаў у Білева, цяжка не пазнаць па фірмовай каляровай гаме і стылі выканання. Дзякуем за его стварэнню ўдзельніку творчага аб’яднання #Youfeelmyskill Яну Кузьміну. Па словах аўтара, гэта хіба што першы дабрачынны праект, які мы лічым вельмі ўдалым і прыгожым. Дзякуй за неабыякавасць! Віншуем!

Дзіцячая кніжная крама “Абажурчык”

Унікальнае месца для дзяцей, не проста кніжная крама, але сапраўдны клуб для маленькіх аматараз чытання і забавак. У “Абажурчыку” праходзяць майстар-класы, публічныя чытанні, сустрэчы з літаратарамі, спектаклі для чытачоў усіх узростаў. Дзякуем за цікавыя падзеі і адданасць працы. Віншуем!

Дабрачынная супольнасць “Добрае сэрца”

Адна з найбольш пазнавальных арганізацый горада, дзе знайшлі сябе ў дапамоге іншым звыйчаыня людзі. Асноўныя напрамкі дапамогі — дзіцячыя дамы, прытулкі, інтэрнаты, а таксама шматдзетныя і незабяспечаныя сем’і. Калі хочацца сапраўднай дабрыні, проста паглядзіце на рэпорты і фотасправаздачы ўдзельнікаў аб’яднання. Можа, і самім захочацца далучыцца. Дзякуем за такую важную справу! Віншуем!

Медыя-праект

Партал “Віцебскі кур’ер news“

Медыя-гісторыя, за якой сачыла ўся тусоўка зацікаўленых “віцебскіх”, як адзін “Віцебскі кур’ер” ператварыўся ў два (https://baj.by/be/content/u-vicebsku-cyaper-dva-vitebskih-kurera), а потым зноў у адзін — “Віцебскі кур’ер news”, за якім мы сочым і чытаем зараз. Ну а калі шчыра, то ад усёй душы выказваем сваю павагу камандзе прафесійных журналістаў, якія ўчапіліся і змагаліся за сваё выданне і працягваюць сёння рабіць годную журналістыку. Дзякуем за гэта і віншуем!

Лідар (-ка) года

Максім Жукаў

Гэтага чалавека вы ведаце па музычнай віцебскай тусоўцы (ці калі вы олдфаг, соры), калі хоць раз хадзілі ў той жа “Дзітрых” ці на любы іншы канцэрт, дзе Макс ставіў гук. Але “сацыяльная нагрузка” Максіма Жукава — гэта сядзіба Адамава ў вёсцы Вялікія Лётцы, аднаўленнем і рэстаўрацыяй якой ён займаецца. Спадзяемся, вы даехалі туды ў 2019 і паляжалі на цёплай жнівеньскай траве пад пяшчотныя гукі Markuts Band на Адамаўскім фэсце. Калі не, дык будзем верыць, што фэст адбудзецца і ў 2020-м, а сядзіба хутка заззяе фарбамі новага культурніцкага цэнтра на Віцебшчыне. Дзякуй, Максім! Віншуем!

Ігар Загрэкаў

Ня Віцебскам адзіным! Наш полацкі калега Ігар Загрэкаў таксама плённа папрацаваў на ніве актывізму. Ён рэалізоўвае шэраг праектаў на Полаччыне, адзін з выбітнейшых у гэтым годзе — “Радасць быць разам”, скіраваны ў тым ліку і на працу з уразлівымі групамі насельніцтва. Дзякуем і віншуем!

Унёсак у развіцце супольнасці

Адкрыты кубак Хмелю

Дзякуем гэтай ініцыятыве за падтрымку спорта і здаровага ладу жыцця! Адкрыты кубак Хмелю праводзіцца ўжо дзявяты год запар аматарскім футбольным клубам “Хмель”. Гэта свята футбола, пазітыву, добрага настрою. Гэта сустрэча старых і новых сяброў і штогадовы турнір сярод аматарскіх каманд па міні-футболе. Віншуем!

Партал “Народныя навіны Віцебска”

Дзякуем аднаму з вартых СМІ Віцебшчыны за асвятленне жыцця рэгіёна! Менавіта тут мы ўжо колькі гадоў сочым за падзеямі і здарэннямі, шукаем афішу, чытаем цікавыя артыкулы, бачым аўтарскія фота. Віншуем!

Тэлеграм-канал Vitebsk4people

Дзякуем годнаму тэлеграм-каналу, якія аб’ядноўвае неабыякавых людзей горада, за падтрымку лакальных навін. Віцебск — горад для людзей, а ў чаце абмяркоўваюць важныя гарадскія падзеі і праблемы, у тым ліку інфраструктуру, экалогію, архітэктуру, гісторыка-культурную спадчыну. Віншуем!

Уздым года

Праект Closet Free

Closet Free — моладзевая квір-ініцыятыва, якой толькі ў сакавіку споўніўся год. Што не перашкодзіла энергічнай камандзе бліснуць на 34mag, а таксама на Rada Awards. Актывісты працуюць над гендарнай адукацыяй у горадзе, стварэннем safe space, а таксама праводзяць розныя падзеі пра сексуальнасць, фемінізм і правы чалавека. Так трымаць, віншуем!

Правал года

Конкурс эскізаў для завода “Вістан”

Хочам адзначыць, што ўсе, хто галасаваў былі вельмі пяшчотнымі і талерантнымі і намінантаў у гэтай пазіцыі амаль не прызначылі. Што ж, выцягваем бервяно з уласных вачэй і прымяркуем на гэтую намінацыю ўласны праект — конкурс эскізаў для завода “Вістан”. Адгрэблі хэйта за гэтыя паўгады, а потым загразлі ў бюракратычных працэдурах, накрыўшыся пандэміяй зверху. Але мы не губляем настрою і такі спадзяемся калі не размаляваць сценку, дык хаця б падзякваць мастакам, якія знайшлі час на ўдзел у конкурсе.

А таксама наша асабістая падзяка намесніку старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Віктару Валер’евічу Глушыну. Шчыра дзякуем за дапамогу і падтрымку культурніцкіх праектаў у горадзе.

Пра што яшчэ хацелі расказаць? Усе пераможцы абавязкова атрымаюць свае ганаровыя дыпломы, як толькі мы зможам зрабіць іх уручэнне і дастаўку бяспечнай. А калі сітуацыя зменіцца – абяцаем прыдумаць невялікае, але афлайн-святкаванне з нагоды “Грамадскага фуршэта”. Агромністы і напоўнены любоўю “дзякуй” усім ініцыятывам, асобам і праектам за тое, што вы існуеце і робіце наш горад і рэгіён лепей. Будзьма трымацца разам.

Дзякуем за падтрымку праекта Яўгеніі Пачэпке, праекту “Навука па-за сабой”, Валерыі Субач, Паліне Варабей.

Фота ўзятыя з адкрытых суполак і старонак праектаў і герояў у сацыяльных сетках, калі не пазначана іншае (Максім Жукаў – TUT.by; Closet Free — Лера Субач для 34mag.net).

 
Віка Фаміна · 07.04.2020