Увага! Конкурс!

Фэст экскурсаводаў сумесна з партнёрамі абвяшчае фота-відэа конкурс “Помнікі побач”

 

Як вядома, экскурсіі ў межах традыцыйнага Фэста вясной гэтага года не адбыліся ў сувязі з пандэміяй COVID-19. З той жа прычыны вымушана адмененыя большасць арганізаваных вандровак па Беларусі. Шмат хто зараз застаецца ў самаізаляці ці на каранціне. Але нашыя помнікі гісторыі, культуры, дойлідства і прыроды застаюцца побач з намі і патрабуюць нашай увагі. Таму мы абвяшчаем фота-відэа конкурс “Помнікі побач”.

Даставайце свае фота-вiдэа архiвы i дзялiцеся сваiмi знаходкамi i ўражаннямi!

Умовы конкурса:

1. Абраць сваё фота (ад 1 да 5)  ці відэа (да 5 хв.), дзе адлюстраваны помнік гісторыі, культуры, дойлідства ці прыроды Беларусі.

Гэта можа быць што заўгодна – камень цi балота, дот цi могілкі, каплiца ці замак. Галоўнае, што вы асабiста наведалi гэтае месца. Фота i вiдэа могуць быць з вамі, вашымі блізкімі або проста сэлфі.

Просім дасылаць у дастаткова добрай якасці (пажадана не менш за 400*600 пікселей).

2. Зрабіць кароткае апісанне гэтага помніка (2-5 сказаў).

3. Абавязкова дадаць кароткую ўласную гісторыю, звязаную з вашай вандроўкай, цi вашы ўражанні, цi сямейную легенду, ці нават уласны верш.

4. Апублiкаваць у сваіх сацыяльных сетках: фэйсбук, кантакт, інстаграм, – з хэштэгам #помнікіпобач цi #pomnikipobach.

Публікацыяў ад аднаго ўдзельніка можа быць некалькі, але ў адной публікацыі – адзін помнік. Калі аўтараў фота, відэа і апісанняў некалькі, пазначце ўсіх. Мы жадаем ведаць усіх герояў нашага конкурсу.

Прызоў будзе некалькі, па адным ад кожнага з арганізатараў.

Пры вызначэннi пераможцаў кожны з арганiзатараў будзе прымаць рашэнне самастойна. Але, сярод iншага, будуць улiчвацца наступныя крытэрыi:

- помнiк малавядомы, а лепш - зусiм не вядомы;

- цiкавае месца, якое знаходзiцца зусiм побач, але звычайна людзi праходзяць мiма, не звяртаючы на яго ўвагі;

- крэатыўнасць падачы матэрыялу (незвычайны ракурс, выбiтная гiсторыя).

Арганізатары і партнёры конкурса:

Каманда Фэста экскурсаводаў, Нацыянальнае агенцтва па турызму, Беларускі камітэт ICOMOS, Беларускі фонд культуры, грамадская арганізацыя “Беларускае таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў”, турыстычная кампанiя "Вiаполь", вандроўніцкі клуб "Арт Вандроўня", турыстычная фірма TravelAgency.by, Наша ніва.

Даты правядзення конкурса: з 10.06.2020 па 31.07.2020.

Заклiкаем вас найперш разбіраць архівы сваіх ранейшых вандровак па Беларусі. А калі вы ўсё ж выходзіце на пешаходную ці роварную прагулку альбо вандруеце з сямьёй, захоўвайце ўсе правілы бяспекі і сацыяльнага дыстанцыявання!

 
Vitebsk4me · 23.06.2020