Юлія Пухавіцкая, навуковы супрацоўнік Лепельскага раённага краязнаўчага музея
Чым слаўны Віцебск? На гэтае пытанне кожны адкажа па-свойму. Адзін скажа, што тут жыў і ствараў свае работы Марк Шагал, іншы назаве фестываль мастацтваў «Славянскі Базар», трэці ўзгадае непаўторны «лятаючы» рэльеф горада. Але калі б гэтае пытанне задалі простаму салдату часоў Вялікай Айчыннай, ён з вялікай доляй верагоднасці адказаў бы — вядома, махоркай! Так лічыў і народны паэт БССР Аркадзь Куляшоў, які прысвяціў віцебскай махорцы аднайменны верш. Пра махорачную фабрыку, прадукцыя якой славілася далёка за межамі нашага горада, пойдзе гаворка ў гэтым артыкуле.
Марк Шагал
Безумоўна, галоўная славутасць не толькі Пакроўскай вуліцы, але і ўсяго Задзвінскага квартала — гэта дом-музей Марка Шагала. Менавіта гэты невялікі цагляны будынак з’яўляецца месцам паломніцтва сотняў тысяч самых розных людзей з усяго свету.
Але варта трохі звярнуць з пракладзенага турыстычнага шляху і можна ўбачыць не менш цікавыя месцы — будынак піваварнага завода, што захаваўся з дарэвалюцыйных часоў, руіны сінагогі, закінуты будынак клуба металістаў — як фантомы з іншага часу.
Картонна-паліграфічны камбінат (былая тытунёва-махорачная фабрыка). Вуліца Пакроўская. Фота: Юры Шэпелеў
А ў нашым выпадку і збочваць нікуды не трэба: менш за 100 метраў ад помніка славутаму мастаку — і перад намі будынак тытунёва-махорачнай фабрыкі. Зрэшты, гэта таксама фантом, бо ўжо амаль 40 гадоў тут працуе картонава-паліграфічны камбінат. Да таго ж у гады Вялікай Айчыннай вайны будынак быў амаль цалкам разбураны, пазней — атынкаваны і пазбаўлены свайго чырвонацаглянага каларыту. А калісьці тут лунаў характэрны духмяны, моцны водар, добра знаёмы рабочым і сялянам, салдатам і нават хатнім гаспадыням, — водар махоркі.
Еўдакім Раманаў
У гэтым годзе фабрыка магла б адзначаць 130‑годдзе. У 1883 г. адзін з многіх прадпрымальных віцебскіх габрэяў, купец 1‑й гільдыі Арон Калбаноўскі вырашыў, што вырабляць больш выгадна, чым перапрадаваць, і пачаў вытворчасць махоркі і тытуню. І не пралічыўся – сродкі, укладзеныя ў будаўніцтва будынка і няхітрае абсталяванне, неўзабаве акупіліся. Хоць у горадзе гэта было не адзінае падобнае прадпрыемства, менавіта фабрыка Калбаноўскага была найбуйнейшай па колькасці работнікаў і аб’ёму вытворчасці.
Да рэвалюцыі тут працавала ад 20 да 165 рабочых, гадавая выручка складала ў лепшыя гады да 300 тысяч рублёў. На тэрыторыі Беларусі яна саступала толькі знакамітай тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага ў Гародні, прадукцыя якой неаднаразова адзначалася медалямі на міжнародных выставах. Дарэчы, гэтая фабрыка існуе і па сённяшні дзень пад назвай «Нёман».
Будынак былой фабрыкі. Сучасны фотаздымак і параўнанне: Віктар Барысенкаў
Да сусветных тытунёвых гігантаў таго часу віцебскай фабрыцы было, вядома, далёка, але ўсё ж прадукцыя карысталася немалым попытам. У гаспадароў фабрыкі меліся ўласныя плантацыі тытуню ва Ўкраіне, выпускаўся курыльны, нюхальны тытунь і махорка.
Калбаноўскі і яго спадкаемцы год за годам падлічвалі барышы, а вось умовы працы рабочых былі вельмі цяжкімі. Працэс вытворчасці быў шкодным, але аб ахове працы і гаворкі не было. Па ўспамінах старажылаў фабрыкі, «працоўныя не бачылі адзін аднаго на адлегласці трох крокаў з-за махорачнага пылу і гарачага нікаціну», «горы махорачнага пылу ў цэхах не прыбіраліся гадамі».
Будынак фабрыкі, 1940-я гг.
Працоўны дзень складаў 12 гадзін, а дзённая плата толькі 20–30 капеек. Ды і гэтых грошай можна было не атрымаць: на фабрыцы панавала сістэма жорсткіх штрафаў. Аштрафаваць маглі не толькі за спазненне на работу або парушэнне тэхналогіі, але і за шум, размовы і спевы падчас працы. Амаль увесь працэс вытворчасці быў ручным, уся механізацыя складалася з коннага прывада для рэзкі, крышыльных станкоў і агнявога барабана для сушкі і крошкі сыравіны.
Анастас Мікаян
У 1919 г. Віцебская махорачная фабрыка была нацыяналізавана і замест гаспадара ў яе з’явіўся дырэктар. У 1932 г. ім стаў Гаўрыіл Саламонавіч Школьнік. Цікава, што нарадзіўся ён у адзін год з Маркам Шагалам — 1887, і жыццё абодвух было цесна звязана з Пакроўскай вуліцай. Вось толькі ў той час, як 13‑гадовы Марк грыз граніт навукі ў чатырохкласным вучылішчы і зазіраўся на мінаючых гімназістак, яго аднагодка Гаўрыіл удыхаў «дым Айчыны», працуючы на махорачнай фабрыцы.
Прайшоўшы некалькі прыступак кар’ернага росту (крышыльшчык, друкар, набойшчык, інструктар набойна-бандэрольнага цэха, намеснік дырэктара), ён заняў кіруючы пост і знаходзіўся на ім 26 гадоў. Характэрна, што дырэктар махорачнай фабрыкі сам не паліў.
Пад кіраўніцтвам Г. Школьніка фабрыка паднялася на нечуваную для махорачнай прамысловасці вышыню. З 1932 па 1940 гг. прадпрыемства атрымлівала пераходзячы Чырвоны Сцяг як лідар махорачнай прамысловасці Саюза. У 1940 г. фабрыка за два тыдні выпрацоўвала столькі ж махоркі, колькі да рэвалюцыі выпрацоўвалася за год. Наркам харчовай прамысловасці Анастас Мікаян ставіў працу віцебскай махорачнай фабрыкі ў прыклад астатнім. Дырэктар за высокія вытворчыя паказчыкі быў прэміраваны персанальным легкавым аўтамабілем і ўзнагароджаны ордэнам «Знак пашаны».
Гаўрыіл Школьнік (фотаздымак з асабістага архіва)
Палепшыліся і ўмовы працы рабочых: быў уведзены 8‑гадзінны працоўны дзень, работнікам выдаваліся спецвопратка, ахоўныя прыстасаванні, малако і тлушчы за шкоднасць. Працэс вытворчасці быў цалкам механізаваны — ад крошкі сыравіны да падачы прадукцыі ў цэх.
Старажылы горада без цяжкасці ўзгадаюць, як выглядала прадукцыя прадпрыемства. Віцебская махорка была расфасаваная ў папяровыя пакецікі па 7 капеек за пачак. Магчымасць правесці магічны рытуал скручвання самакруткі прадастаўлялася спажыўцу. Зрэшты, махорку бралі не толькі для курэння — хатнія гаспадыні карысталіся ёю для знішчэння молі.
Самуіл Маршак
За гады кіраўніцтва фабрыкай Школьніку даводзілася вырашаць нямала праблем. І галоўную з іх ён выканаў з бляскам. У цяжкія ліпеньскія дні 1941 г., калі дырэктары віцебскіх фабрык і заводаў наперабой даказвалі начальніку вакзала, што менавіта іх прадукцыя жыццёва важная для фронту і перамогі, Школьнік ужо выбіў для сваёй фабрыкі некалькі вагонаў і 3 лiпеня эвакуіраваў работнікаў і абсталяванне ў горад Маркс Саратаўскай вобласці. Тры–чатыры месяцы давялося працаваць на тытунёвай плантацыі, нарыхтоўваючы сыравіну. Да зімы на фабрыцы ўжо выпускалі прадукцыю.
Адзін з карпусоў фабрыкі пасля Другой сусветная вайны
Яшчэ ў 1930‑я гг. наркам харчовай прамысловасці А. Мікаян эмацыйна заяўляў: «Без махоркі нават ваяваць нельга. Махорка гэта абарона. Гэта праўда, не гармата, не аэраплан, але і без яе на фронце цяжка». Дык вось падчас Вялікай Айчыннай пра віцебскую махорку ведалі на ўсіх франтах. Менавіта віцебскай махоркаю забяспечвалі салдат-абаронцаў Сталінграда.
Аркадзь Куляшоў
У час вайны будынак фабрыкі згарэў, застаўся толькі каркас. Работнікі, якія вярнуліся з эвакуацыі, самі аднаўлялі прадпрыемства, перакваліфікаваўшыся ў столяраў, муляроў, тынкоўшчыкаў. У студзені 1948 г. фабрыка ўжо распачала вытворчасць: за год было выпушчана 80,6 тыс. скрынь пры плане 60 тыс. І гэта не быў план дзеля плана, попыт на махорку захоўваўся высокі. Напрыклад, у 1950 г. партыя асаблівага прызначэння была адпраўлена на Далёкую Поўнач.
Пакунак віцебскай махоркі, 1940-я — 1960-я гг. Крыніца: "Народныя навіны Віцебска"
Але час не стаяў на месцы, тытунёвая прамысловасць развівалася, у СССР выпускалася больш за 50 відаў цыгарэт на любы густ і кашалёк, а вытворчасць махоркі ў ранейшых аб’ёмах была прызнана немэтазгоднай. У 1930‑я гг. рэнтабельнасць і прадукцыйнасць віцебскай фабрыкі прывяла да закрыцця махорачных фабрык у Мінску і Бабруйску, а ў хуткім часе віцебскі махорачны цэх быў далучаны да Гродзенскай тытунёвай фабрыкі.
Па чалавечых мерках махорачная фабрыка пражыла доўгае, напоўненае падзеямі жыццё. І, выканаўшы сваю місію на Зямлі, сышла ў гісторыю. І хоць «Міністэрства аховы здароўя папярэджвае», так хочацца ўявіць, як жа пахла тая легендарная віцебская махорка.
Артыкул апублікаваны ў межах серыі «Віцебск: папулярнае мінулае»