WATCH DOCS Belarus

Фестываль едзе ў Віцебск!

 

8-10 лістапада WATCH DOCS Belarus пакажа ў Бітлз-клубе шэсць моцных дакументальных стужак аб пастках сучаснай інфапрасторы, цяжкасцях вяртання з месцаў зняволення, сэксуальнай адукацыі, неанацызме і мастацтве жыць насуперак. Важнымі падзеямі стануць дыскусія аб фэйках у СМІ і сустрэча з беларускім рэжысёрам Анастасіяй Мірашнічэнкай. 

У гэтую восень міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека WATCHDOCSпашырыў сваю геаграфію адразу на некалькі беларускіх гарадоў: Мазыр, Гродна, Стоўбцы. У Віцебск 8-10 лістапада фестываль прыязджае ў другі раз – з ужо не проста насычанай, а напраўду шчодрай праграмай. Шэсць свежых дакументальных фільмаў, адзначаных кінаўзнагародамі сусветных кінафестываляў, – шэсць выбітных гісторый пра рэчаіснасць.

Кожны дзень віцебскіх гледачоў WATCHDOCSBelarus чакаюць спецыяльныя падзеі і фарматы: дыскусія аб медыяпісьменнасці пасля фільма “Наш новы прэзідэнт”,  сустрэча з Анастасіяй Мірашнічэнкай, рэжысёрам фільма “Дэбют”, аб жаночай калоніі ў Гомелі. А ў суботу адбудзецца “Кінаноч” – адразу 4 эмацыйных і маляўнічых фільмы, якія дакладна не дадуць заснуць да самай раніцы ў Бітлз-клубе!

Уваход на ўсе падзеі вольны.

***

“Бітлз-клуб”

вул. Кастрычніцкая 12

***

WATCHDOCS – гэта камунікацыйная прастора, дзе лепшая сусветная дакументалістыка дае нагоды абмеркаваць самыя актуальныя падзеі і праблемы сучаснасці з экспертамі і нярэдка – з самімі героямі і стваральнікамі паказаных стужак.

Першыя паказы WATCH DOCS адбыліся ў Варшаве ў 2001 годзе. У Беларусі фестываль ладзіцца ўжо чацвёрты год, дзякуючы энтузіазму валанцёрскай каманды, якая няўхільна разрастаецца на новыя гарады.

***

***

АНАТАЦЫІ ФІЛЬМАЎ

8 лістапада, 19:00

"НАШ НОВЫ ПРЭЗІДЭНТ"

+ дыскусія

Рэж. Максім Паздароўкін

2018, Расія, ЗША, 77 хвілін

Мова арыгінала: руская

Спецыяльная ўзнагарода журы WorldCinemaDocumentary за мантаж.

Пасля ракавога візіту ў Навасiбiрск у 1997 годзе, калi Хілары Клінтан убачыла мумію алтайскай прынцэсы ў шкляной труне, на жанчыну літаральна наваліўся шэраг непрыемнасцяў: яна страчвала прытомнасць, яе абвінавачвалі ўва злоўжыванні прэпаратамі, у сэксуальных дамаганнях і нават у забойстве.

Не верыце? Запытайцеся ў карэспандэнтаў «Вестей» і НТВ – двух самых папулярных інфармацыйных рупараў Расеі, якія штовечар прыносяць у мільён дамоў навіны нашмат больш недарэчныя.

Усплываюць новыя і новыя падрабязнасці аб перадвыбарчай кампаніі ў ЗША у 2016 годзе, і вядомы прызнаны рэжысёр Максім Паздароўкін мантуе з матэрыялаў YouTube, RT і іншых медыякрыніц шэдэўр трызнення расейскай прапаганды, накіраваны супраць Клінтан, а пазней і супраць Трампа. Мы трапляем у альтэрнатыўны свет дэзінфармацыі і бачым, як на ўрадлівай глебе прарастае зерне фэйкавых навінаў 2016 года. Мы назіраем, як хлусня прасочваецца ў калектыўную свядомасць расейцаў, навучаную ваяўніча ставіцца да праўды і аб’ектыўнасці.Журналісты прасоўваюць абвастраючыя грамадскія канфлікты гісторыі, ухваленыя асабіста Пуціным – ад жахлівых да абсурдных. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб перайначыць грамадскую думку ў краіне і па-за яе межамі.

9 лістапада, 19:00

"ДЭБЮТ"

+ Сустрэча з рэжысёрам!

Рэж. Анастасія Мірашнічэнка

2017, Беларусь, 80 хвілін

Мова арыгінала: руская

Фільм-прызёр2017 IDFA

У выпраўленчай калоніі, размешчанай проста ў цэнтры горада Гомель, адбываюць пакаранне паўтары тысячы жанчын. Сюды трапляюць толькі тыя, хто ўпершыню парушыў закон. Апынуўшыся ў доўгім зняволенні, жанчыны баяцца назаўсёды застацца без сямейнай падтрымкі, якая жыццёва неабходна кожнаму чалавеку. Асабліва востра гэта перажываюць тыя, у каго ёсць дзеці. Не згубіць сябе дапамагаюць толькі рэпетыцыі ў турэмным тэатры. Доўгачаканая прэм’ера спектаклю адбудзецца ў Гомельскім драматычным тэатры. Зняволеныя ўпершыню за доўгія гады пакінуць тэрыторыю калоніі на некалькі гадзін. Іх дэбют на прафесійнай сцэне змогуць пабачыць іх сваякі. Для тых, хто жыве за калючым дротам, гэта шанец з’явіцца перад роднымі не ў вобразе злодзеек і зрабіць першы крок у новае жыццё.

Гісторыя стварэння спектакля робіцца нагодай для пошуку адказаў на складаныя пытанні. Дзе праходзіць мяжа паміж асабістай свабодай і адказнасцю за сваё жыццё? Які кошт крымінальнага ўчынка? Ці магчыма збаўленне і вяртанне да жыцця тых, каго асудзіла грамадства і закон?

10 лістапада 23:59. КІНАНОЧ:

"БЕЛЫ СВЕТ ВАЧЫМА ДАЛІБОРЭКА"

Рэж. Віт Клусак

2017, Чэхія, Славакія, Данія, 105 хвілін

Мова арыгінала: чэшская

Мова субтытраў: беларуская

Фільм-прызёр фестываляў IDFA і Karlovy Vary

Фільм знакамітага чэшскага рэжысёра Віта Клусака - рэдкае і моцнае спалучэнне дакументалістыкі і камедыйнага жанру. Свайго новага героя Клусак знайшоў у інтэрнэце, дзе той больш вядомы аўтар ютуб-канала Destruktor666. 40-гадовы грозны антысеміт і неанацыст-няўдачнік, Даліборэк у вольны ад нялюбай нізкакваліфікаванай працы час запісвае гнеўныя песні і аматарскія маргінальныя відэа, адчайна спрабуючы зняць нешта накшталт «лепшага фільма жахаў усіх часоў». Нянавісць да Іншага вісіць у паветры яго кватэры, дзе над паліцамі са старымі кнігамі развешана неанацысцкая сімволіка, а сам герой з'яўляецца ў цішотцы «Я народжаны ў ЧССР». Ці магчымыя змены ў жыцці Даліборэка і якія?

"СПЫТАЙ СЭКСПЕРТА"

Рэж. Вайшалі Сінха

2017, Індыя, 80 хвілін

Мова арыгінала: ангельская, хіндзі

Мова субтытраў: беларуская

Поўнаметражны дакументальны фільм пра доктара Махіндэра Ватса, вельмі папулярнага 93-гадовага сэкс-кансультанта, які вядзе калонку ў штодзённай газеце ў Мумбаі. Нягледзячы на ​​тое, што сэкс – табуяваная тэма ў Індыі, гумарыстычны стыль калонкі і адсутнасць маралізатарства заахвоцілі многіх адправіць свае пытанні ў газету. Калонка карыстаецца папулярнасцю нягледзячы на тое, што палавое выхаванне ў школах забаронена прыкладна ў траціне штатаў Індыі.

Рэжысёр паказвае, як праходзяць будні Махіндэра Ватса, як і навошта ён дзеліцца сваімі ведамі з чытачамі. У фільме дакументуюцца кансультацыі Ватса: асобы пацыентаў схаваныя, але эмоцыі, якія яны адчуваюць, схаваць немагчыма.

"СІЛЬВАНА"

Рэж. Міка Густаўсан, Алівія Кастэбрынг, Крысціна Цыабанэліс

2017, Швецыя, 95 хвілін

Мова арыгінала: шведская

Мова субтытраў: беларуская

«Знішчым патрыярхат!» - крычыць у мегафон рэп-спявачка са Швецыі Сільвана Імам, і сотні рук уздымаюцца ўгару. Яе жорсткі рэп аўтабіяграфічны, ён пабудаваны на сэксуальнай ідэнтычнасці, палітычных поглядах і асабістай імігранцкай гісторыі аўтаркі, бацька якой з Сірыі, а маці – з Літвы. Сільвана прыехала ў Швецыю зусім маленькай, у фільм трапілі ўрыўкі яе дзіцячых відэа. Гераіня прадстаўляецца лесбіянкай, феміністкай, панк-рэпершай антырасісцкага кірунку і называе Швецыю жахлівай кансерватыўнай краінай, якая неўзабаве выбухне ад ксенафобіі. Мы бачым, як яна выступае на фестывалі WayOutWest і высмейвае неанацыстаў: «Пацалуйце адзін аднаго ў вашыя чортавы свастыкі!» Фільм распачынаецца 2014 годам – годам прарыву для Сільваны і годам, што паказаў, наколькі яна рэзкая, і разам з тым крохкая. У фільме паказаныя стасункі Сільваны са спявачкай Беатрыс Элі – такой жа «power pussy», якая піша музыку пра жанчын і для жанчын.

"МАСТАЦТВА СУПРАЦІВУ Ў БУРКІНА ФАСО"

Рэжысёр: Йара Лі

2018, Буркіна Фасо, ЗША, Балгарыя, 72 хвіліны

Мова арыгіналу: французская, дыялекты, ангельская

Мова субтытраў: руская

Burkinabè Rising – адзін з дакументальных фільмаў праекта CulturesofResistanceFilms, які знаёміць нас з творчым негвалтоўным супрацівам у Буркіна-Фасо. У гэтай невялікай заходнеафрыканскай краіне сфармавалася дынамічная і яскравая супольнасць мастакоў і актывістаў, якія паказваюць прыклад палітычных зменаў, магчымых дзякуючы супольным высілкам людзей. Сёння гэты прыклад натхняе не толькі Афрыку, але і ўвесь свет.

Праз музыку, кіно, экалогію, выяўленчае мастацтва і архітэктуру героі фільма працягваюць справу рэвалюцыі, якую абвясціў Тама Санкара. Санкара, які стаў прэзідэнтам Буркіна-Фасо ў 1983 годзе, быў забіты ў 1987 годзе падчас дзяржаўнага перавароту. Яго ўзначальваў сябар і блізкі дарадца прэзідэнта Блэз Кампаорэ, які пасля адзінаасобна кіраваў краінай на працягу 27 гадоў. У кастрычніку 2014 года ў выніку масавага народнага паўстання ён быў звергнуты. Сёння дух супраціву ў  Буркіна-Фасо мацней, чым калі-небудзь.

Працуючы над фільмам, увосень 2016 года рэжысёрка Йара Лі праехала праз усю краіну. Падчас свайго падарожжа яна сустрэлася з выдатнымі мастакамі, музыкамі і актывістамі, якія выкарыстоўваюць мастацкія традыцыі краіны, каб прасоўваць ідэі і накірункі супраціву: рэпер Джоі ле Салдат (Joey le Soldat) распавядае ў сваіх тэкстах пра праблемы збяднелай моладзі ў сталіцы краіны Ўагадугу і фермераў з далёкіх правінцый. Марто (Marto), самы вядомы мастак-графіціст у Буркіна-Фасо, робіць з голых гарадскіх сценаў яскравыя фрэскі, якія выкрываюць несправядлівасць. Маліка ла Сламёз (Malika la Slameuse), актывістка па ахове правоў жанчын, удзельнічае ў паэтычных слэмах, надаючы фемінісцкую перспектыву гэтаму віду мастацтва, дзе ўсё яшчэ дамінуюць мужчыны. Серж Эме Кулібалі (Serge Aimé Coulibaly) выкарыстоўвае танец як форму палітычнага супраціву, калі рух нараджаецца з неабходнасці выказвацца і дзейнічаць.

 
Vitebsk4me · 29.10.2018