Вікі Вясна

25.03.2015 09:50, Молодежь

На працягу трох месяцаў вясны ў Вікіпедыі адбываецца конкурс артыкулаў пра краіны цэнтральнай і ўсходняй Еўропы «Вікі Вясна». Ідэя конкурсу  — пашырыць інфармацыю пра краіны рэгіёну, прыцягнуць увагу да асаблівасцяў гэтых краін, павялічыць камунікацыі  паміж актыўным і вікіпедыйнымі рэдактарамі.

У конкурсе ўдзельнічаюць два беларускія раздзелы Вікіпедыі (класічным і афіцыйным правапісамі). Раздзел класічным правапісам на сёння прымае больш актыўны ўдзел.

Арганізацыя Фаланстэр, адзін з праектаў якой накіраваны на развіццё беларускай Вікіпедыі («Вікіфікацыя»), забяспечвае прыз самаму актыўнаму ўдзельніку. Актывісты арганізацыі гатовы дапамагаць хуткай вікі-дапамогай усім жадаючым прыняць удзел: садзейнічаць па пытаннях працы з Вікіпедыяй і вікі-разметкай.  

Правілы ўдзелу ў конкурсе:

  • Афіцыйныя даты правядзення конкурсу: 21 сакавіка — 31 траўня.
  • Для ўдзелу трэба дадаць сябе ў табліцу ўдзельнікаў конкурсу (у Вікіпедыі класічным або афіцыйным правапісам).
  • Кожнай краіне рэгіёна прызначаецца тыдзень, на працягу якога рэдактары ўсіх моўных раздзелаў Вікіпедыі мусяць пісаць пра яе.
  • Тэмы артыкулаў можна абіраць любыя, датычна той ці іншай краіны, але кожны моўны раздзел прапаноўвае самыя актуальныя пра сваю краіну.
  • Міжнародныя каардынатары конкурсу вырашаюць даты і месца правядзення Вікі Лагера для самых актыўных удзельнікаў у канцы ліпеня.

Хто яшчэ сумняваецца ў сваіх сілах, смела звяртайцеся па дапамогу да вікіпедыстаў і чытайце парады для пачынаючых.

Каарэль Вайда (Эстонія)каардынатар конкурсу «Вікі вясна» Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы 2015:

Мы вельмі няшмат ведаем пра суседнія краіны і таму здаемся такімі далёкімі адзін аднаму. Падчас падрыхтоўкі конкурсу будзе стварацца шмат адкрытых ведаў пра вашы краіны. У выніку павялічыцца веданне і ўзаемаразуменне розных краін, для будучых больш устойлівых камунікацыі і будучай супрацы ў нашым рэгіёне.

Галоўная матывацыя — гэта вывучэнне, пазнанне. Ёсць шмат спосабаў вучыцца, Вікіпедыя прапаноўвае напісанне і пераклад. Вікіпедыя — гэта адкрытая платформа, і любую створаную інфармацыю вы можаце свабодна выкарыстоўваць.

Што параіць пачаткоўцу? Перш за ўсё прачытаць агульны дапаможнік па прынцыпах Вікіпедыі. Трэба ведаць 5 слупоў Вікіпедыі. Па-другое, шукайце спасылкі на крыніцы інфармацыі, якую дадаеце. Па-трэцяе, кантактуйце з іншымі вікіпедыстамі.

Раман Патапчук (Беларусь), удзельнік раздзелу клясычным правапісам:

Бывае, што перш чым наведацца кудысьці, сам шукаеш інфармацыю пра цікавыя мясьціны і шкадуеш, што вось гэтага ці іншага няма па-беларуску. А па вяртаньні дадому ўсё ж адчуваеш, што варта гэтым падзяліцца, асаблівакалігэтаможнападмацавацьфоткамі.

Для пачаткоўцаў раю ня бегчы за колькасьцю, кааб галоўнаю мэтай было не ахапіць усё, што можна, у кароткі пэрыяд, прысьвечаны краіне, а пісаць якасна, каб умоўным «правяральнікам» заставалася меней працы і болей вольнага часу :)

Вольга Сітнік (Беларусь), адміністратар раздзелу афіцыйнага правапісу:

У конкурсе будуць шырока прадстаўлены ўдзельнікі з іншых краін, і для Беларусі важна паказаць, што мы таксама ў Еўропе і агульныя тэндэнцыі нас тычацца і цікавяць.

Мае парады такія. Не баяцца папрасіць дапамогі ў супольнасці. Памятаць, што беларуская Вікіпедыя не толькі пра беларускае, але пра ўсё на беларускай мове.  Трымаць баланс колькасці і якасці, каб і болей артыкулаў ствараць, і да ладу даводзіць кожны.

Вера Маторка (Украіна):

Цэнтральна-Усходняя Еўропа — не чужыя людзі. Даведацца больш пра суседзяў у той час, калі яны будуць пісаць пра нас — гэта класна!

Пасля наведвання кінаклуба, дзе паказвалі цікавы для мяне фільм Ясмілы Жбаніч «Naputu», я стварыла пра яе артыкул, бо не знайшла яе біяграфію. Цяпер, калі кажу пра гэту рэжысёрку маімсябрам, я магу накіраваць іх на гэтую старонку.

Для пачаткоўцаў параю выбраць сабе тэму, тое што цікава чытаць сваёй мовай. Паглядзець, як выглядае добры артыкул, напісаць яго і ў падобным стылі аформіць. Папрасіць таго, хто ўжо рэдагаваў Вікіпедыю, прачытаць і штосьці выправіць. Звычайна атрымліваецца толькі разам напісаць добры артыкул.

Максім Лепушэнка (Беларусь), адміністратар раздзелу афіцыйнага правапісу:

Удзел у конкурсе — гэта пашырэнне магчымасцяў свабоднага доступу да ведаў, што на карысць усім, пагатоў мовам, якія як беларуская знаходзяцца ў не самым лепшым становішчы.

Для навічкоў параю доўга не думаць над афармленнем, назвай і г.д. перад тым як нешта напісаць. Усё гэта можна змяніць і выправіць пазней, галоўнае — змест. Пісаць, калі гэта не трывія, толькі на аснове крыніц, на якія ў напісаным і спаслацца, хоць бы гэта былі і газеты або інтэрнет-рэсурсы.

Вікіпедыя не месца для кантактаў, а энцыклапедыя, дзе і пабочных размоў тэарэтычна не мусіць быць.

Томаш Блядынец (Польша):

Вікіпедыяй карыстаюцца журналісты, палітыкі, якія рэальна ўплываюць на нашае жыццё. Калі ў іх будзе добрая інфармацыя, тады яны будуць рабіць лепшыя рашэнні. Гэта таксама шанец для нас развівацца, ведаць больш. Для мяне галоўным матыватарам з’яўляецца пачуццё, што сваёй справай я мяняю свет у лепшы бок.

Трэба быць ветлівым і цярплівым. Зразумець, што ў Вікіпедыі ёсць свае правілы і іх варта выконваць. Іншыя ўдзельнікі могуць часам выдаліць або змяніць тое, што вы напісалі, але не таму што яны нядобрыя людзі, а таму што ваша праца не адпавядала крытэрам Вікіпедыі. Размаўляйце, шукайце разумення і кампрамісу. Тады дасягнеце поспеху і разам створыце найбольш поўную і аб’ектыўную інфармацыю.

Па пытаннях пішыце на falanster.by@gmail.com

25.03.2015 09:50, Молодежь

конкурсВикипедияВікіпедзіяБеларусьВіцебскВитебсквитебск

 







IFMC 2017

Свята для мясцовых

Віцебскі арнамент