Не проста кураня, а з сэрцам!

11.11.2014 20:11, Театр

Праект «Крокі» — спроба данесці моладзі Віцебска тое, што існуе вельмі цудоўная, вартая ўвагі, гонару сучасная беларуская культура, у якой ёсць што паглядзець, паслухаць, ёсць пра што распавесці сваім сябрам… Менавіта гэтак прэзентавала сваю справу каардынатарка Вікторыя Фаміна. Наперадзе нас яшчэ чакаюць тры сустрэчы — літаратурная з Андрэем Хадановічам і Улядзем Лянкевічам, музычная з гуртом Relikt і мастацкая з Артурам Клінавым. 

Стартам жа для праекту стаў паказ ужо вядомай у нас пастаноўкі Андрэя Саўчанкі — «Бі-лінгвы, або Кураня з сэрцам».  

Спачатку аўтар напісаў п’есу, ці проста тэкст, падчас адной з драматургічных лабараторый у Цэнтры беларускай драматургіі ў Мінску. Як кажа, «засвярбела паспрабаваць, бо думкі лёталі ў паветры». Потым тэкст выйграў конкурс у межах кампаніі «Грамадзянскасць.BY» і па ім быў зняты фільм. Потым адбылося прачытанне на фестывалі «Тэатральны куфар». Але ўсе гэтыя ўвасабленні Андрэю Саўчанку не спадабаліся, і ў выніку з’явіўся спектакль.

Спектакль-тэст, спектакль-выпрабаванне, спектакль-факт… У ім – толькі голая праўда пра мову. Пра яе сённяшні стан у разуменні звычайных людзей, мінакоў, якіх мы штодня бачым наўкола. Яны паважаюць ці ненавідзяць, не разумеюць ці шкадуюць, уяўляюць ці бяруць за прыклад гісторыю, але ў большасці яны не размаўляюць на мове. Шэрагі прычын, што вядомы ўсім. Кожны мог бы сам назваць іх, пералічыць, агучыць. Андрэй Саўчанка паставіў у цэнтр гэтай двухмоўнай, двухкультурнай сітуацыі-прасторы чалавека, што імкнецца знайсці адказ на пытанне: чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску? І задае гэтае пытанне гледачам. Самі акцёры называюць пастаноўку «спробамі дакументаў».

Асабіста мяне вельмі зацікавіла назва. «Бі-лінгвы» — гэта зразумела. А вось — «Кураня з сэрцам»? Насамрэч, гэта фраза, што гучыць і ў спектаклі, мае сімволіку. «Ёсць кансервы Аршанскага мясакамбіната – «Цыплёнок с сердцем», — адзначае Саўчанка. — Можа, так яны і не называюцца (Заўвага аўтара. Насамрэч ёсць кансервы Аршанскага мясакансервавага камбіната — «Пюре из мяса цыплят с сердцем»). Але, калі шукаў назву, так запала гэтае «Кураня з сэрцам». Яшчэ кураня толькі, а ўжо з сэрцам! Гэты жартаўлівы вобраз мне падаўся важным, каб даць трохі іранічны ці самаіранічны кантэкст».

Пасля заканчэння прагляду пачалося самае цікавае — дыскусія. Не буду цытаваць яе ўсю — толькі некаторыя, найбольш яркія моманты.

Андрэй Саўчанка: «Калі б у нас было, напрыкад, у школе 10 беларускамоўных класаў і 3 расейскамоўныя – сітуацыя была б іншай. Калі б кіраўніцтва нашай дзяржавы ажыццяўляла нейкія праграмы… Гістарычна так склалася, што беларуская мова неяк выцеснена, яна была непатрэбная для нейкіх глабальных мэтаў. Таму яна выжывае… Уявіце сабе, у Францыі Сенат пачынае размаўляць па-ангельску… Нармальна?»

Першы глядач: «Для чего древние наши поклонялись богам?.. У них только борьба за выживание — это значимо. Остальное — не считается. Значит, это было нужно для выживания. И это срабатывало на практике. Какие боги? — Нам надо пожрать! Значит, до тех пор пока вот здесь сидящие не будут в этой ситуации, когда поймут, что язык ведет их к древним, дальше — к  богам или еще к кому-то, которые позволят выжить (!), до тех пор ничего не будет. Это если изнутри посмотреть. А внешне госорганам надо всем начать говорить на «беларускай мове» – от транспорта до внутренних войск. И всё. У вас в спектакле это есть, но очень так легко, но ещё бы усугубить… ».

Андрэй Саўчанка: «Насамрэч, я бы не хацеў спрыяць таму, каб наша нацыя прыйшла да мовы толькі калі ёй трэба будзе выжываць».

Зацікавіліся спектаклем не толькі беларусы. Сярод гледачоў былі прадстаўнікі далёкай Японіі, якія разумеюць і ладна валодаюць беларускай мовай — так, што і некаторыя беларусы маглі б пазайздросціць. На жаль, не магу перадаць усёй прыгажосці вымаўлення.

Другі глядач: «Рака цячэ нягледзячы на тое, жывуць побач людзі ці не. Колькі часу Беларусь выжывае са сваёй, з нашай беларускай мовай, колькі часу мы спрабуем адбіцца – адзін напад, другі? Мова як была, так і ёсць. Трэба даць ёй магчымасць развівацца, і толькі моцна яе падтрымліваць. А прымусіць чалавека авалодаць мовай не-маг-чы-ма ніяк. Нават калі мы ўсталюем дзяржаўныя меркі — згодзяцца людзі, якія да гэтага ішлі даўно. А тыя, хто супраць, яшчэ больш узненавідзяць мову. Гэты працэс мусіць ісці паступова, толькі шляхам рэфармавання».

Андрэй Саўчанка: «Нацыя як носьбіт нацыянальнай самасвядомасці вымірае, і ўжо шмат гадоў. Але разам з тым я бачу моладзь, якая цікавіцца, бо да гэтага ёсць прага нейкая. Сродкамі спектакля, сродкамі культуры можна толькі ускрыць гэтае пытанне, агаліць... Бо кульутра не будуе сістэму, якая потым кіруе людзьмі… Мы можам толькі ставіць пытанні, прапаноўваць свае адказы. Па-сутнасці, дзеля гэтага я і раблю гэтую справу».

Трэці глядач: «У нас, беларусаў, ёсць імкненне казаць, што ўсё так кепска. Дзяржава не дае ні культуры развівацца, ні мове, ай якія мы бедненькія – пашкадуйце нас. А мне неяк шанцуе... Сустракаю людзей, якія, калі не размаўляюць на мове, то паважаюць яе. А пра спектакль… Я сядзела, і мне было крыху сорамна. Такі тэст – пазнай сябе, які ты беларус, які ты ў гэтым дыялогу. Ну я ж не ўвесь час размаўляю на беларускай мове... Далёка не ўвесь час, як бы хацелася. Але ёсць такія рэчы, якія натуральна атрымліваюцца. Молішся на беларускай мове, думаеш пра важныя рэчы на беларускай мове… Гэта, напэўна, і ёсць знак такой беларускасці».

Пасля дыскусіі Андрэй Саўчанка адказаў на некалькі пытанняў.

— Якім чынам, паводзіць сябе беларусу ў рускамоўнай прасторы?

— У мяне такая філасофія: жартаваць, не страчваючы гонар. Каб пры сустрэчах з беларускай мовай людзі бачылі не агрэсіўнага чалавека, які гатовы кідацца і нешта адбіваць, а які ўсё разумее, спрабуе знайсці кантакт. Калі кантакт немагчыма знайсці – тады нейкім чынам, праз жарты выходзіць з сітуацыі. А тым самым ствараць хутчэй вобраз беларускай мовы як таго, што можа выклікаць павагу. Не трэба заходзіць у зону агрэсіўнага канфлікту. І спрабаваць размаўляць прыгожа, тым самым зачароўваць, прывабліваць. Не зацягваць, не прымушаць, а сваёй працай, сваім жыццём быць прыкладам. Адпавядаць.

— Хто для вас з’яўляецца такім прыкладам?

— Гэта вельмі шкада, але такія выбітныя асобы сыходзяць зараз. Барадулін, Бураўкін, Быкаў… Я вельмі радуюся, калі бачу Уладзіміра Арлова. Альгерд Бахарэвіч — правакатар для мяне, але якому я аддаю сваю павагу ў сэнсе карыстання мовы і стаўлення да яе. Музыкі Зміцер Вайцюшкевіч, Андрусь Такіданг — безумоўна… У гэтым асяроддзі, калі гэта мала каму патрэбна — у яго гэта так арганічна, без прэтэнзій і помпы.

— А з тэатральнага асяродку?

— Канешне, ёсць. З большасці — гэта мае калегі. Так атрымліваецца. Раман Падаляка (Купалаўскі тэатр), Алена Сідарава (Купалаўскі тэатр)… Далей пачынаеццца праблема, хто карыстаецца з жыцці. Юрый Жыгамонт (Акцёр, вядоўца перадачы «Падарожжы дылетанта», «Новыя падарожжы дылетанта»)… Канешне, трэба адшукваць.

— Ці павялічваецца колькасць такіх людзей, ці для іх мова – толькі прафесійная прылада?

— Гэта магло б быць, калі б для гэтага было больш намаганняў для людзей, якія здольныя весці. Людзі б з задавальненнем пайшлі, але не хапае імпульсаў, не хапае нейкіх прыкладаў. Не хапае нейкіх шпілек, каб нагадваць ім пра гэта…

— Вы сам становіцеся такім прыкладам — то як адчуванне?

— Для мяне адчуванне сціраецца: я не лічу сябе таксама ніякім прыкладам. Гэта мая плынь, я па ёй плыву. Адзінае, што я разумею, што выкладанне ў студэнтаў у Беларускай акадэміі мастацтваў і калі гэта выкладанне якаснае, яно аказвае след – яны таксама пачынаюць карыстацца мовай, цікавіцца. Таму некаторыя рэсурсы ёсць, і я імі карыстаюся.

Тэкст: Алег Сербін
Фота: Алег Сербін, Антон Якаўлеў

11.11.2014 20:11, Театр

 







IFMC 2017

Свята для мясцовых

Віцебскі арнамент