На каго палюе Стах?

26.03.2015 00:00, Театр

 Для класікі няма панятку «позна». Гучыць даволі пафасна, але ад праўды не збяжыш. Ад такой праўды, як Уладзімір Караткевіч, збягаць не хочацца. Да яе варта далучацца, таму на прагляд спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха», прэм’ера якога адбылася ў Коласаўскім тэатры, я ішоў з асаблівым хваляваннем.

Да майго прыўзнятага настрою было яшчэ колькі прычын. Сёлета адзін з найбольш выбітных беларускіх пісьменнікаў мог бы адзначыць свой чарговы юбілей – 85 год. І Коласаўскі тэатр, а ў прыватнасці рэжысёр Юрый Лізянгевіч, фактычна паклалі пачатак, каб годна адзначыць такую знакавую дату. Насамрэч, прэм’ера спектакля мусіла была адбыцца значна раней. Аднак лёс склаўся па-іншаму, скарэктаваў сітуацыю – і не памыліўся.

Акром таго, Караткевіч – выключны беларускі пісьменнік асабіста для мяне. З яго аповесцей (у тым ліку, і з «Дзікага палявання…») распачалася мая беларускасць, любоў да мовы і роднай гісторыі. Напэўна, многія могуць так сказаць. І я рады быць разам з тымі, хто аддана прымагнічаны да Караткевіча і яго літаратурнай спадчыны.

Я заўжды задаваўся пытаннем: чаму ж паляваў Стах? І дакладны адказ (свой, не зусім Караткевічаў) атрымаў толькі зараз, у спектаклі. Можа, ведаў яго раней, але са сцэны ён прагучаў асабліва выразна. Стах помсціць здраднікам, б’е ў сэрцы тых, хто хоча быць чужынцамі, хто не можа быць верным свайму слову. З аднаго боку, паляванне Стаха – зло, якое прагна шукае ахвяр, з іншага – справядлівы суд, вогненны меч карніка. Вось такое двухполюснае разуменне.

 

І толькі адно пытанне застаецца адкрытым: ці ж мусяць нашчадкі плаціць за грахі сваіх бацькоў? Тут Уладзімір Караткевіч, а разам з ім і Юрый Лізянгевіч, вяртаюць нас да вядомай трагедыі Ібсэна «Здані». Ці вінаватая Надзея Яноўская хоць у нечым, за што яна трывае цяжар свайго роду? Свет, гісторыя, людзі не даюць ёй права выбару. Як птушка за кратамі, яна б’ецца аб непераадольны бар’ер лёсу. У спектаклі пакуты маладой жанчыны, апошняй прадстаўніцы свайго праклятага роду выдатна перадае актрыса Юлія Крашэўская. Яна тонка ўвасобіла, як, сцятая прадчуваннем блізкай смерці, маладая Яноўская гатовая на самыя вялікія ахвяры, каб толькі пазбавіцца ад болю, што цісне яе душу, даводзіць на вар’яцтва і думак пра самагубства. Пластычная Юлія Крашэўская выглядае кволай кветкай, што адна засталася ў восеньскім полі. Вось-вось выпадзе снег…

Галоўную ролю вучонага-фалькларыста Андрэя Беларэцкага сыграў малады артыст Дзмітрый Каваленка. Караткевіч – блізкі для яго аўтар. Яго дэбютная роля на Коласаўскай сцэне – Юрась Братчык у спектаклі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Ой як няпроста было Каваленку пераўвасобіцца ў мужыцкага Хрыста, у якога верыць народ, Збаўцу, які нясе не свой крыж, каб у выніку стаць сапрадным Уратавальнікам!.. Тады ў рэжысёра Міхаіла Краснабаева спектакль атрымаўся эпічным – моцнай гісторыяй, дзе Братчык, безумоўна, выдзяляўся між іншых персанажаў.

Рэжысёр «Дзікага палявання…» Юрый Лізянгевіч ставіць перад Дзмітрыем Каваленкам больш складаную задачу – быць моцным псіхолагам, даследчыкам душ чалавечых. Увасоблены ім Андрэй Беларэцкі рухае сюжэт, высвятляе, абнадзейвае, кахае, робіцца ахвярай і героем. Безумоўна, маладому акцёру не проста. Ён не мае вялікага сцэнічнага досведу, ды і жыццё яшчэ мала «ўзнагароджвала» юнака невырашальнымі сітуацыямі. Аднак акцёрская прафесія – пастаяннае выпрабаванне, імкненне перамагчы самога сябе. Дзмітрый Каваленка годна глядзіцца на сцэне. І галоўнае бачна, што акцёру ягоная роля – у асалоду.

Аднак Андрэй Беларэцкі – толькі частка створанай рэжысёрам гісторыі. А на першым месцы – атмасфера спектакля. Ад пачатку глядач пагружаецца ў цьмяны свет маёнтка Балотныя Яліны, гэтаму садзейнічаюць і патаемная музыка, і аблокі дыму, якія сцелюцца па сцэне, і вытанчаная пластыка, створаная вядомай ў Віцебску Дзіянай Юрчанка. Містыка ўдала спалучаецца з элементамі прыгодаў, дэтэктыву, гісторыяй кахання. А ў выніку Юрый Лізянгевіч абазначыў жанр спектакля як «містыфікацыя». Галоўная прыкмета, уласцівая гэтаму жанру, – гульня ў самым шырокім разуменні. Не толькі гульня рэжысёра (і адпаведна акцёраў) з гледачом, але і злосныя, здзеклівыя выбрыкі лёсу ў адносінах да герояў спектакля. Павольны тэмпарытм пастаноўкі дазваляе якасна паглыбіцца ў адчуванне сутнасці твора, падкрэслівае абсалютны аўтарскі падыход. Хаця ў некаторых месцах хочацца, каб дзеянне рухалася хутчэй…

Ярка пракрэселеныя ў спектаклі іншыя караткевіцкія вобразы – вар’яткі Кульшы (Тамара Кабяк), селяніна Рыгора (Аляксандр Фралоў), Ігнася Бермана-Гацэвіча (Цімур Жусупаў), шляхціца Грынь Дубатоўка (Віктар Дашкевіч), Алеся Сарокі (Арцём Блахін). Асаблівую ўвагу варта звярнуць на ўвасабленне вобраза Андрэя Свеціловіча. З даследаванняў і ўспамінаў вядома, што гэтага адлічанага студэнта Уладзімір Караткевіч пісаў з самога сябе. Тыя, з коласаўцаў, хто бачыў пісьменніка ў жывую, кажуць, што герой маладога артыста Уладзіслава Жураўлёва вельмі падобны да Уладзіміра Сямёнавіча. Цалкам магчыма, цалкам магчыма…

Калі сцэнічны туман разыходзіцца, а галоўная таямніца знаходзіць свой адказ, то ў сэрцы застаюцца ноткі страху, куточкі нявызначанасці. Здаецца, яшчэ бачыш, як сцішана рухаюцца па сцэне вершнікі-здані палявання караля Стаха, і адчуваеш: запавольваецца рух часу і свету, верыш: калі ў нечым вінны, то не прамінуць табе пакарання.

Тэкст: Алег Сербін.
Фота: kolastheatre.by.

26.03.2015 00:00, Театр

Тэатр імя Якуба КоласаУладзімір Караткевіч«Дзікае паляванне караля Стаха»Юрый Лізянгевіч

 







Выставка от журнала «Имена»

Дзень вуліцы

Первый беларуский медиахакатон