Vitebsk4Me. Справаздача за 2016 год

26.12.2016 15:53, Общество

Год культуры пачынаецца ў чацвер

На самым пачтку 2016-га мы пайшлі ў Цэнтр сучаснага мастацтва і сказалі: процьма прыгожых і разумных маладых людзей хочуць рабіць наш горад вартым звання культурнай сталіцы. А давайце дзяржаўныя бібліятэкі-музеі-галерэі дапамогуць ім у гэтым.

Акрамя ЦСМ адгукнуліся нямногія. Менш, чым мы чакалі. Тыя, хто ўсё ж такі сказаў на вахце: “Я на Творчы Чацвер, пагляджу, што там”, не засталіся расчараваныя. У супрацы з моладзевымі ініцыятывамі ў Віцебску і раёне цэлы год ішлі разнастайныя падзеі. Пра многія з іх вы дакладна чулі.

Гістарычнае свята “Магдэбургскі Віцебск”

Курсы англійскай мовы для спецыялістаў культуры і мастацтва

“Добрае Свята” для школьнікаў Віцебскага раёна

Выстава “Сярэдняя Азія”

Мастацкі “Віцебскі алфавіт”

Сустрэчы “Лікбез аб роўнасці” пра жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі

Серыя папулярных лекцый “Наука вне себя”

Графіці з Казімірам Малевічам для Цэнтра сучаснага мастацтва

Фотапраект “Віцебск. Адзін дзень”

Кніга “50 музеяў Віцебска”

“Адамаўскі фэст” у вёсцы Вялікія Лётцы

Конкурс сярод маладых дызайнераў “Віцебская айдэнтыка” 

Дзіцячыя майстэрні па сучасным мастацтве на базе Музея Марка Шагала

Гарадскі фэст “Свята ветру”

“Вясновы маркет” для маладых дызайнераў, мастакоў і рамеснікаў 


Дызайн грамадства

Сёлета нас таксама пацягнула на прыгожае. Пастаянна камунікуючы з маладымі дызайнерамі, мы адчувалі недахоп свежых экспертаў у віцебскай адукацыйнай прасторы. А грамадскім ініцыятывам заўсёды мала маладых спецыялістаў з дызайн-навыкамі. 

Усю вясну і лета мы цягалі на “Торвальд” лепшых спецоў з выступамі і практычнымі заняткамі. На Vitebsk Social Design ездзілі Аляксей Чаранкевіч і Віктар Якунін з Яндэкса, Кася Сырамалот з 34mag.net, Захар Шлімакоў з Red Graphic, Ян Карпаў, Ігар Юхневіч, Воля Кузьміч, Ігар Сувораў. Украінскага дызайнера Яраслава Бялінскага мы вычапілі на паўдні з маршрута Кіеў–Чарнігаў–Мінск–Кіеў. 

Пасля заняткаў удзельнікі і ўдзельніцы курса рабілі свае праекты. А відэазапісы з лекцый прафесіяналаў паступова выкладаюцца у асобную калекцыю. Яна даступная для кожнага:


Паліруй свой фоталаб

Наступная гісторыя была самая кранальная ў нашым 2016-м. Дзякуючы праекту Polis(h) Photo Lab, Vitebsk4Me адшукаў шмат сяброў, калегаў і аднадумцаў. Прычым, як у Віцебску, так і Варшаве. 

Гэта была ад пачатку авантурная гісторыя: знаёміць фатографаў па абодва бакі мяжы, ладзіць іх працу праз скайп, ганяць у Віцебск дасведчаных польскіх фотадакументалістаў, а ўдзельнікаў вывозіць у лес на колькі дзён на фотакэмп. Затое фінал атрымаўся прыгожы. Дзясятак фотакніг, якія былі першымі ў жыцці для большасці ўдзельнікаў, а таксама вялікія прэзентацыі ў Віцебску і Варшаве. 

Каардынатараў і настаўнікаў PPL варта пералічыць паіменна і з вялікай удзячнасцю: Dominik Mosiczuk, Krzysztof Pacholak, Agnieszka Pajączkowska, Вольга Бізікава, а таксама цудоўная варшаўская арганізацыя Towarzystwo inicjatyw twórczych Ę


And The Oscar Goes To...

Сёлета не абышлося без заўвагаў. У сэнсе, нашыя дасягненні заўважалі. На фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі АДНАК! прызавыя месцы занялі “Віцебскі алфавіт” і графіці “Zamiena kaštoŭnasciaŭ”. А фестываль “Барадулінкі”, які сёлета праводзіўся ў другі раз, трапіў у намінацыю найбольш значнай рэгіянальнай падзеі па версіі Асамблеі НДА Беларусі.

Складаны быў год, без сумневаў. Але проста “ператрываць” – гэта не пра нас. Мы знаходзілі час і сілы, каб і надалей ствараць лепшы Віцебск. Чаго і вам жадаем у надыходзячым 2017 годзе. 

Са святам вас, сябры і сяброўкі!

26.12.2016 15:53, Общество

 







IFMC 2017

Свята для мясцовых

Віцебскі арнамент