Вынікуем на Vitebsk4Me

31.12.2015 03:33, Общество

Праводзіць справаздачу за 2015-ты не  хацелася, бо не было адчування яго завяршэння. Калі снежань паддаў марозу, а снег дабраўся да Воршы, усё ж такі пацягнула да клавіятуры. Трэба падвесці лінію пад рознымі знакавымі і пакуль-не-знакавымі рэчамі, што адбываліся вакол тусоўкі Vitebsk4Me сёлета.

Зарганізаваць класічны а-ля эдмі.ру рэйтынг не атрымаецца. Тут што не падзея, то асобная намінацыя. Да таго ж, V4M — не прадпрыемства з нанятымі гномікамі. За кожнай з’явай стаяла супраца, камунікацыя, узаемадапамога.

Сёлета мы не асабліва душылі горад канцэртамі. Зірніце ў свае квітанцыі аб заробках і зразумееце, чаму. У нас таксама хапала суму, з яго і пачнем. Самая пачэсная намінацыя — „Кінавлёт”, у ёй перамог амаль аднайменны фестываль. Ён жа забірае прыз „Заспамь маё сэрца”. 

Але не толькі талерамі поўняцца нашыя інтарэсы. Было міла знаходзіць новых сяброў і аднадумцаў, тым больш на міжнародным узроўні. На прэзентацыю кніг пра Другую сусветную вайну выцягнулі часова паверанага ў справах Рэспублікі Польшча на Беларусі Міхала Хабраса.

У працяг гістарычнаай тэматыкі — экскурсія года. Тут перамагае „Лужасна з Мікалаем Піваварам”. За дзень пасёлак наведала 100 чалавек, экскурсанты выказваліся, што рабіць з гістарычным флігелем у цэнтры Лужасна. Каб правесці трэцюю экскурсію за дзень, Мікалай Півавар быў вымушаны сесці на ровар. Лепшая афіша застаецца ў гэтай жа падзеі. 

У раздзеле „Зрабі гэта па-хуткаму” лідыруе прэзентацыя “Вандроўнікаў вакол Беларусі”. Імпрэза была зарганізаваная за 48 гадзін, але сабрала колькі дзясяткаў чалавек у дворыку на Талстога, 7.

Перамогу ў камандных відах спорта атрымлівае „Кірмаш моладзевых ініцыятыў”. У лістападзе 15 розных грамадскіх пляцовак і аб’яднанняў выступалі і дыскутавалі па тэме “як тут жыць” і пры гэтым рабіць гэта актыўна. Над Кірмашом працавала немала добрых дюдзей, за што ім усім вялікая падзяка.

Намінацыя “Лепшая лагістыка” каторы год застаецца без пераможцы. І без намінантаў.

Пройдземся па оўпэн-эйрах. Іх сёлета было немала, нават трапілі ў рэйтынгі нашых сяброў. Вулічная падзея года —“Барадулінкі”.Дваравая падзея года — выстава Томы Пракоф’ефай і выступ параненага Стася Сілкі каля Арт-базы (цёмныя акуляры ў Станіслава былі не зусім часткай амплуа).

Паркавая падзея года — “Свята ветру”. Не можам не адзначыць: моцны вобраз падзеі ад пачатку задала класная афіша.

Адмена года — канцэрт “Барто”. Было вельмі шкада флаераў у выглядзе пляшачак.

Самае моцнае “паці на хаце” ў 2015 годзе адбылося ў аднаго хлопца з клёвымі вусікамі. Зацягнуць на флэт Каржа сёлета ў Віцебску не ўдалося больш нікому. Клікайце па карцінке, каб пачуць атмасферку ↓

Экранная падзея года: Сінема Перпетум Мобіле. Задуманая, як утульны фэсцік з праглядам кароткаметражак, імпрэза штовечар зацягвала звышвялікую аўдыторыю. Арт-база Vitebsk4Me усіх не змяшчала, таму на наступны год СПМ пройдзе ў новых залах. 

У раздзеле найбольш упадабаных жуналістамі з’яў пакідаем “Віцебскі алфавіт”. Але медыя-прарыў года — гэта просты тэлеэфір з перадачай па выніках “Інтэргісторыі” на абласным тэлебачанні. Пад сафітамі выступілі арганізатары, выкладчыкі і навучэнцы курса па менеджменце гісторыка-культурай спадчыны. 

Лічыльнік года — гэта амаль 2000 праглядаў лекцый з “Інтэргісторыі”. Паверце, для 20 файлаў “бла-бла-бла” па дзве гадзіны ў не самай дасканалай якасці запісу такая лічба — сапраўднае дасягненне. І яно цешыць, бо азначае, што віцебляне цягнуцца да прафесійных ведаў аб мінулым.

Літаратурная імпрэза года — “Сустрэча з Гедройцам” на Арт-базе Vitebsk4Me. Там хапала ўсяго: і авацый, і гумару, і скандалу. 

Адзначым крыху з таго, што публікавалася на сайце. Фотарэпорт года — канцэрт “Океана Эльзи”, па-за канкурэнцыяй. Але фатограф года ў нас зборны — столькі іх дзейнічала ў розных праектах! Паклоны долу кожнаму і кожнай.

Інфаграфіка года — “Самы-самы Віцебск”

Травелог года — “Пра Камбоджу”

Відэа года — “Месяц добрых падзей”:

Коўб года (адзіны ў намінацыі) – Brouka DJ.

Дарэчы, пачынаем і сканчваем год мы падобна — круглымі сталамі пра моладзевыя грамадскія ініцыятывы. 12 студзеня 2015 г. V4M збіраў сяброў і таварышаў з нагоды “Месяца добрых падзей”, а ў лістападзе — пасля завяршэння “Інтэргісторыі”

Дзячым тых, хто побач. Без вас, сябры, нічога б не адбылося. Усім цёплых святаў! 

Фота: Аляксей Статут, Аляксандр Арцемьеў, Таня Аліпчыкава

31.12.2015 03:33, Общество

 







IFMC 2017

Свята для мясцовых

Віцебскі арнамент