Дзень горада Віцебска

25.06.2015 13:42, Общество

У гэтым годзе Віцебску падрыхтавана сапраўднае і якаснае святкаванне “дня народзінаў”. Культурную сталіцу Беларусі сёлета абазначылі ў Брэсце, але мы з вамі ведаем, дзе адбываецца самае насычанае культурнае жыццё. Каб даць нырца ў лепшыя яго праявы, мы сабралі самыя цікавыя падзеі на 26, 27 і 28 чэрвеня:

26 чэрвеня

Танцавальныя майстар-класы ля фантана ў скверы Маякоўскага, 20:00—23:00. Бясплатныя майстар-класы па лацінаамерыканскіх танцах, а таксама ліндзі-хоп (рок-н-рол).


27 чэрвеня

Летні маркет “Барадулінкі”. Сустракаемся ў арт-прасторы на Талстога 7. Час правядзення: 13:00—00:00
У праграме маркета: кірмаш хэнд-мэйда і іншых цікавостак, вялікая фотасушка, літаратурна-музычная імпрэза ад Андрэя Хадановіча і кампаніі,  канцэрт гурта TonqiXod, вечаровы кінапаказ караткаметражак, freemarket, bookrossing.

Для аматараў пазнавальнага адпачынку — бясплатныя экскурсіі па Лужасна з вядомым краязнаўцам Мікалаем Піваварам. Пешыя вандроўкі пачынаюцца а першай і а трэцяй гадзіне, а пятай — экскурсія на роварах! 

Навучыцца спяваць традыцыйныя беларускі песні вы зможаце падчас Спеўнага сходу. Ён пройдзе ля помніка Пушкіну ў 18:30.

Аматарам гісторыі прысвячаецца. Пляцоўка “Сярэднявечны Віцебск” запрашае ў парк Фрунзе з 12:00 да 18:00. У праграме: рыцарскі турнір, сярэднявечны побыт, танцы і сустрэча з даследчыкам сярэднявечнай беларускай музыкі, лідарам гурта “Стары Ольса” Зміцерам Сасноўскім. 

Генеральнай рэпетыцыяй перад фэстам вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” стане тэатральны перфоманс ад тэатра “Колесо” ля помніка Пушкіну ў 21:00. А ў фінале — фаер-шоў.


28 чэрвеня

У нядзелю ў парку Мазурына адбудзецца фэст актыўнага адпачынку “Свята ветру”. Арганізатары спрабуюць аднавіць даўнюю традыцыю горада і абяцаюць насычаную праграму: конкурс паветраных змеяў, у якім удзел можа прыняць кожны, разнастайныя актыўныя гульні, зона настольных гульняў ад антыкавярні “7 комнат”, дзіцячая пляцоўка з фарбамі, крэйдамі, раставымі лялькамі ды іншымі весялосцямі. У фінале — канцэрт адрыўнога фольку ад гурта Vuraj.

Увесь дзень на вуліцы Талстога будзе адбывацца гарадскі фотазлёт, дзе вы можаце прыняць удзел ня толькі як фатограф, але і як мадэль! У рамках яго, між іншым, адбудзеца лекцыя Аляксандра Веледзімовіча.

Аматары футбола могуць схадзіць на фінальныя сустрэчы кубка “Хмяля”, які ў чацвёрты раз праходзіць ў Віцебску. Забягайце на бераг Віцьбы ў парку на праспекце Люднікава.

І памятайце – кожны з вас можа спрычыніцца да павялічэння цікавостак у Віцебску!

25.06.2015 13:42, Общество

 







IFMC 2017

Свята для мясцовых

Віцебскі арнамент