AD.NAK! 2016

10.05.2016 16:21, Общество

Да 10 чэрвеня адкрыты прыём працаў ад удзельнікаў Фестывалю, а цырымонія ўзнагароджання пройдзе 30 чэрвеня ў Мінску. Фестываль не страціў сваёй сацыяльнай значнасці, таму ўдзел у ім, як і заўсёды, бясплатны. Ідэя сёлетняга Сёмага AD.NAK! — “аDNаK — ген беларускага крэатыву”.

Канцэпцыю Фестывалю тлумачыць каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ініцыятара aDNaK!, Ніна Шыдлоўская: 

“Фестываль ужо стаў актуальнай і чаканай з’явай. Як пісалі СМІ 7 гадоў таму, правёўшы Першы фестываль, “Будзьма!” запусціла рухавік беларускамоўнай рэкламы. Цягам гэтых гадоў мы імкнуліся акцэнтаваць увагу на розных момантах: і агулам вызначыць становішча беларускамоўнай рэкламы, і даць штуршок у развіцці рэкламна-камунікацыйнага рынку, і замацаваць беларускую мову ў сферы бізнесу як паўнавартасны і адметны сродак камунікацыі. У мінулым годзе мы надалі асаблівую ўвагу асобе самога рэкламіста. А ў гэтым годзе вырашылі зноў вярнуць увагу рэкламістаў і рэкламадаўцаў да больш глыбокіх, падставовых рэчаў: сапраўдныя шэдэўры можна ствараць толькі на грунце тысячагадовых каштоўнасцяў, якія ўжо закладзеныя ў нашых генах”.

Спрадвечныя беларускія ўзоры цяпер можна сустрэць не толькі на ручніках або ў музеі, але і на вопратцы, аўто, апошняй мадэлі смартфона і нават на ўпакоўцы харчовых прадуктаў. Тэматыка аўтэнтыкі ўсё больш прываблівае беларускую моладзь. І бізнес, як звычайна, найперш рэагуе на попыт, усё ахвотней стварае рэкламны і камунікацыйны прадукт на падставе традыцыйных каштоўнасцяў. Аргкамітэт Фестывалю вітае гэтыя працэсы, але лічыць, што яны, з аднаго боку, павінныя ўцягваць у сваё кола ўсё новых рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў, а з іншага — працягваць развіваць і паглыбляць прысутнасць беларускай культуры ў рэкламе, якая не павінная зводзіцца да пераносу традыцыйных арнаментаў на сучасныя вырабы. Такая цікавасць можа быць няўстойлівай. Таму, каб зрабіць прыкметы беларускасці натуральнымі, а нашую рэкламу —адметнай і арыгінальнай, варта іх пераасэнсоўваць і асучасніваць, выкарыстоўваючы ўсё багацце нашай больш чым тысячагадовай гісторыі і культуры.

Дзеля гэтага Фестываль і прапаноўвае аб’яднаць намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе раскрыць свой ген крэатыўнасці!

Генеральным партнёрам Фестывалю трэці год запар выступае кампанія velcom. Да правядзення Фестывалю далучыліся таксама 45 арганізацыйных і медыяпартнёраў. 

Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 10 чэрвеня. Фінальная частка Фестывалю — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай — пройдзе 30 чэрвеня ў Мінску.

Як адзначыў Сяргей Скараход, сустаршыня Аргкамітэта Фестывалю aDNaK! і пастаянны партнёр кампаніі “Будзьма беларусамі!”: 

“Фестываль звярнуўся да сваіх вытокаў, але ўжо на іншым узроўні. Ідэя гена беларускасці ў тым ці іншым выглядзе была асновай і Першага фестывалю, калі мы вылучылі беларускамоўную камунікацыю з усяго таго патоку рэкламы, што існаваў напрыканцы мінулага дзесяцігоддзя. Але сёння мы ўжо не рамантыкі-даследчыкі, сёння, калі мы кажам пра беларускамоўную і беларускаарыентаваную рэкламу, на першы план выходзяць эфектыўнасць праектаў і бізнес-вынікі, якія мы назіраем у гэтым сегменце ў сучасных эканамічных абставінах”.

Падчас Фестывалю плануецца, як заўжды, разнастайная адукацыйная праграма з удзелам як беларускіх і замежных рэкламістаў, так і цікавых асобаў з іншых сфераў, якія пашыраюць еўрапейскія падыходы і тэндэнцыі, уплываючы на рэкламу і бізнес-камунікацыю.

Дадатковую інфармацыю пра Фестываль можна атрымаць на сайце adnak.by, па тэлефоне +375 29 371-01-21 альбо праз e-mail adnak@budzma.org

Да ведама. 55,6% беларусаў “за” беларускую мову ў рэкламе (паводле апытання “Новак” на замову “Будзьма беларусамі!”, 2012 г.), гэтую лічбу пацвердзілі MASMI ў 2014 г. (56%). Паводле MASMI (2014 г.), 60% рэспандэнтаў падтрымліваюць беларускую мову ў афармленні гарадоў і вітрын. Адпаведнае даследаванне кампанія “Будзьма беларусамі!” плануе ў 1-м паўгоддзі 2016 г.

10.05.2016 16:21, Общество

 







Выставка от журнала «Имена»

Дзень вуліцы

Первый беларуский медиахакатон