Затынкаваны Шагал

10.10.2010 13:31, Места

Падавалася б, колькі ўжо часу тасуецца тэма з продажам задзьвінскага раёну, абшара, пазначанага памяцьцю аб трагедыі віцебскага гета і руінамі апошняй дакастрычніцкай сінагогі, але сёньня, найперш, асацыяванага з імя віцебскага мастака №1 – Марка Шагала, чый музэй тут пасьпяхова функцыянуе. Шумная кампанія па пошуку буйнога інвэстара, больш падобная на радкі з газэты “Віцьбічы”: “Аддам кацяня ў добрыя рукі”, актывізавала мазгавыя працэсы ў невялікай часткі гарадскіх медыя-рэцыпіентаў – альбо папросту тых, хто чытае газэты-інтэрнэты – з вымалёўваньнем пэрспэктыў, якія ўлады рыхтуюць для раёну. Пакуль пэрспэктывы падаюцца не дужа захапляльнымі. Чаго толькі каштуе ідэя накрыць частку вуліцы шкляным дахам-дэбаркадарам, а ў сэрцы квартала ўзьвесьці хай-тэк-будынак мастацкай школы. Камусьці з аўтараў падаецца, што спаруда, якая сваім выглядам мусіць нагадваць “крыгі ільду”, а таксама гандлёвы цэнтр “Покровка” побач як найлепей будуць пасаваць натхняльнай цішы, што сёньня ў любы час дня стаіць тут. (Цікава толькі, які паверх рынка “Эвіком” разумеецца пражэкцёрамі пад “гандлёвым цэтрам”?

Натуральна, выступаць супраць Міжнароднай мастацкай школы – глупства, для Віцебска іх зашмат не будзе ніколі, бо мастакі ХХ ст. зьнітавалі горад з тым, што пад час стагодзьдзя тут толькі вынішчалася – яны навязалі традыцыю

. Дзе яўрэйскі Віцебск? Дзе Віцебск барочны? Дзе Віцебск розных рэлігій і веравызнанняў? Дзе месца пагоркаў і гістарычных раёнаў? Юдэйская супольнасьць выпаленая разам зь яе спадчынай; дамінанты віленскага барокка, гэтак трапна раскіданыя па пляцах, не вытрымалі націску новай “веры”, якая пафарбавала ўсіх адным вядомым колерам; пагоркам дагэтуль не даюць спакою і іх рэжуць бетонам пампезных лесьвіц на старажытных землях летапіснага Кастрычніцкага раёну. У жахах ХХ ст. мастацкае братэрства намагалася амаль бесперапынна выхоўваць тут не добра вядомую дагэтуль выяўленчую традыцыю. І ўсе гэтыя папярэднія дзесяць радкоў напісаныя толькі для таго, каб акрэсьліць наступную думку: Міжнародная мастацкая мусіць быць, і няхай яна працуе ў “шагалаўскім” квартале, адно не зразумела, чаму вонкавы выгляд кузьні геніяў мусіць нагадваць Оптымуса-правадыра аўтаботаў?

Як паведамляюць газэты, дэбаркадар, “Эвіком” і “Оптымус” заплянаваныя на другі этап рэканструкцыі кваратла. Найперш руку айчынных інтэрэпрэтатараў гісторыка-культурнай спадчыны ў трымценьні чакаюць старыя цагляныя камяніцы, разваліны сінагогі, пэрспэктывы вуліц і пустыя прарэхі абапал іх, калісь забудаваныя такімі ж хаткамі, што сёньня там-сям захавалаіся ў квартале, а таксама на падабенства тых двух, што ўваходзяць у комплекс Музея-сядзібы Марка Шагала. Не ведаю зь якога часу, але ў Віцебску ўсталяваўся абрад замазваць даваенныя цагляныя будынкі тынкоўкай, фарбаваць ў чырвоны, белы, ружовы ці (!) сіні колеры. Асабліва эфэктна глядзяцца тыя помнікі архітэктуры, што пафарбаваныя напалову, ці дакладней – наколькі хапіла лесьвіцы з каморкі заўгаса.

Пра “помнікі архітэктуры” я не абдрукаваўся, бо немалая доля з тых камяніц узводзілася каля ста гадоў таму ў межах цэлай хвалі падобных будынкаў і менавіта яны фармавалі той віцебскі архетып, што занатаваўся ў памяці Рэпіна, Эйзенштэйна, Маякоўскага, Буніна і шмат каго яшчэ пасьля тутэйшага побыту. Як бы тое пафасна не гучала, але й сёньня яны лучаць нас з тымі асобамі, а яшчэ з… Амстэрдамам і Пецярбургам, Варшавай і Масквой, Навасібірскам і Ўроцлавам, а ў пэўнай ступені і Бэрлінам, Гановэрам, Гамбургам, Кёльнам. Распачаты выбітным галяндзкім архітэктарам Генрыкам Бэрлаге перанос эстэтыкі грамадзянскай архітэктуры з тынку на цэглу, хутка распаўсюдзіўся па ўсёй паўночнай Эўропе. Гэта быў свайго роду паратунак у тым ліку і для беларускіх земляў, бо мясцовае надвор’е вымагала занадта часта абнаўляць экстэр’ер любой пабудовы, калі на яе фасадах выкарыстоўвалася фарба, тынк, руст. Мастацкая кладка, фігурная цэгла, паліваная плітка ў спалучэньні з выбеленымі нішамі і каванымі альбо літымі агароджамі адлюстрвала кансэнсус эстэтаў і функцыяналістаў. Але тое, што “даганяў” Мікалай І, які забараніў тынкаваць пенкную цагляную камяніцу архітэктара Бэрнгарда на сучаснай пл. Рэпіна ў Пецярбурзе, не заўсёды разумеецца ў пачатку ХХІ ст. у “паўночнай сталіцы” Беларусі. У 2006 г. пецярбургскія інжынеры і лябаранты ўжо ва ўсю экспэрымэнтавалі, шукаючы найбольш аптымальны спосабы ачысткі цэглы ад пазьнейшага насланьня (рэстаўрацыя фасада дома доктара Вучыхоўскага). Прыкладна ў гэты ж час віцебская “цэгла” па вуліцы Кастрычніцкай апраналася ў шыкоўнае ПВХ і прымала ў сваіх нішах неверагодна пасуючыя ёй каробкі светлавой рэклямы.

А яшчэ не забывайцеся пра ходнікавую плітку, металадахоўку, нітрыд-тытанавыя купалы, немаведамую хранікёрам “Уваскрасенскую плошчу”, “лішні” старасьвецкі будынак ля Філярмоніі і шмат-шмат чаго яшчэ, з чым сутыкнуўся віцебскі гістарычны ляндшафт у апошнія гады. У гэтых танах мэтазгоднасьць рэканструкцыі шагалаўскага квартала падкапваецца сумненьнем: а можа яно й ня трэба? Можа дайце нам яшчэ там трошкі пагуляць, пасумаваць, пазахапляцца, пафатаграфавацца? А то на гектарах пераможанай плошчы ў нас тое пакуль не атрымліваецца, а вось на Задзьвіньні – дык і няблага…

Больш поўную серыю фотаздымкаў “шагалаўскага” квартала ад Аляксандры Гарлачовай-Русалоўскай можна паглядзець ў галерэі .

10.10.2010 13:31, Места

ШагалархітэктураПакроўкаВаршаваАмстэрдамцагляны стыльХведар Скрайновіч

 







Фестываль французскіх фільмаў

Тимофей Яровиков в Витебске

Ночь музеев-2012







Суббота

19

Мая

сегодня

Воскресенье

20

Мая

Понедельник

21

Мая

Вторник

22

Мая

Среда

23

Мая

Четверг

24

Мая

Пятница

25

Мая

Суббота

26

Мая

Воскресенье

27

Мая

Понедельник

28

Мая