Прыплылі

08.08.2011 21:49, Места

Байдарка на Дзвіне

Выехаць на мора. Затачыцца на лецішчы. Не злазіць з ровара. Шлэндацца па Еўропе. Спорт, рыба, лес. Кавярні, замкі, азёры. Лета, якое на Беларусі чакаецца з прыдыханнем і кожны раз пражываецца, быццам яно апошняе ў нашым жыцці, нясе процьму ўнікальных варыянтаў для баўлення часу, пра якія ў астатнія сезоны не прыходзіцца задумвацца. Як нехта сказаў: “У нас у годзе два месяцы: ліпень і зіма”.

Сёлетняя крыза касанула немалую частку варыянтаў правесці цёплы час. Дзе вы, чэргі на Новай Гуце? Дзе вы, чародкі па-турэцку загарэлых “балонак” на вуліцах і танцполах гораду? Дзе вы, апусцелыя загоны велакрамаў?

Фінансава-сезонная плавільня, у якой сёлета апынулася наша моладзь штурхае яе часам на вельмі нечаканыя крокі. Напрыклад, пара знаёмых набылі за “кап’ё” вось такога звера. Збіраюцца давесці яго да ладу і ва ўсімі чаканым 2012-м годзе паехаць ва Ўкраіну на футбольны еўрачэмп. Нехта адкрыў для сябе сельскія сядзібы Расоншчыны. Іншы вырашыў, што раз адпачываць не атрымліваецца, то чаму б нарэшце не папрацаваць, і зваліў у Маскву.

Сітуацыя такая, што хоць ты бяры кій у руку, заплечнік на спіну і ідзі пешым пераходам па лясах і пагорках нашай сіратлівай поўначы. І сотні, калі не тысячы, людзей рэгіёна скажуць вам, што гэты варыянт ці не найлепшы, а за вызначэнне “сіратлівая” яшчэ абзавуць “снобам” і не пазычуць двухмясцовы намёт.

Намёт нам не пазычылі, а ў руку замест кія далі вясло і ў сонечны жнівеньскі дзень мы пайшлі на байдарцы па Дзвіне. Каб пачаць водны маршрут Руба–Лужасна, у Віцебску сядаем у аўтобус 26а, пераязджаем мост праз Дзвіну за пасёлкам Руба, ідзем пару кіламетраў пешкі да Здраўнёва (туды, дзе музей-сядзіба Рэпіна), збіраем каяк і – грабем. Праз 4–5 гадзін вы ўжо будзеце праплываць каля высокага правага берага лужаснянскага дэндрапарка. Тут каяк сушыцца, збіраецца і праз 10 хвілін пераходу праз парк вы стаіце на прыпынку, чакаючы гарадскога аўтобуса ці маршруткі.

 Дзвіна, каяк

Пад час вандроўкі пабачыце даламітавую скалу, пагойсаеце на рачных парогах, палавіруеце між валунамі (каб не адчуць іх адным месцам), папрадзіраецеся ў водарасцях і не раз пра сябе падзівіцеся арніталагічнаму багаццю Падзвіння. Над намі, прынамсі, кружлялі шэрыя чаплі, качкі з качанятамі, селезні, зуйкі. Расповеды пра высокія берагі Дзвіны становяцца менш віртуальнымі менавіта падчас таго, калі сядзіш у чоўне, а не стаіш на гэтым самым беразе. Месцамі мроіцца сапраўдная  Чэхія, калі, каб пабачыць хвоі на грэбні берега, трэба задзіраць галаву.

Варта ўзяць з сабой якую дробязь на перакус – па дарозе сустрэнеце шмат утульных выспачак і маляўнічых беражкоў, дзе можна спыніцца і размяць ногі. Галоўнае, што варта памятаць на такіх пікніках – вада не сябруе з алкаголем. Узнагарода ў выглядзе пляшкі піва пачакае вас, пакуль не запакуеце каяк. Ну, і не забывайцеся махаць з борта вяслом малым на пляжах ды вітацца з мясцовымі бабулямі, што будуць праважаць вас позіркам на беразе і голасна спытваць: “А адкуль плывеце?”.

Дастаць байдарку сёння, канешне, цяжэй, чым “лесапед”, але плаваць можна і на гумавых чаўнах – досыць распаўсюджаным сярод рыбакоў транспарце. Нас у вандроўку запрасіў Мікалай Васільевіч Півавар, які забяспечыў не толькі тэхнічны бок, але і экскурсійнае суправаджэнне.  Для яго падобныя паходы хутчэй летні лад жыцця, чым альтэрнатыва. Мы ж набіраліся пазітыўных эмоцыяў і сілкавалі цярпенне: раптам пад вясну трохі палягчае і яшчэ атрымаецца выхапіць якую “палаючую” на Егіпет.

Хведар Скрайновіч

08.08.2011 21:49, Места

 







Фестываль французскіх фільмаў

Тимофей Яровиков в Витебске

Ночь музеев-2012







Суббота

19

Мая

сегодня

Воскресенье

20

Мая

Понедельник

21

Мая

Вторник

22

Мая

Среда

23

Мая

Четверг

24

Мая

Пятница

25

Мая

Суббота

26

Мая

Воскресенье

27

Мая

Понедельник

28

Мая