Пра Камбоджу

15.02.2015 17:21, Места

Вітае Каралеўства Камбоджа — бяднейшы край з багацейшай спадчынай. З дрэннымі дарогамі і таннымі гатэлямі. Цёплым морам, камфортным кліматам і навінавым фонам пра дзяцей, якія гінуць на супрацьпяхотных мінах. Тут толькі выходзіць у вялікі свет пакаленне, якое ня ведае вайны і тэрора, але яно рухае эканоміку з тэмпам, ня горшым, чым у ”азіяцкіх драконаў”. Камбаджыйцы цэняць радасныя моманты, пешчаць сваіх дзяцей і шмат што дазваляюць замежнікам. Паслязаўтра тут пачнецца “КаZантып”, але гэтыя нататкі зусім не пра тое.


Храм на дзяржаўным сцягу

Для любога археолага Камбоджа — гэта краіна, дзе стаіць Ангкор. Вялікая тэрыторыя з сотнямі помнікаў сталіцы Кхмерскай імперыі захавалася ў джунглях на поўначы краіны. Узрост рэшткаў храмаў, штучных вадаёмаў, палацаў сягае тысячы гадоў.

Цэнтральны помнік Ангкор Ват (Angkor Wat, альбо “храм Ангкор”) па сённяшні дзень застаецца самым вялікім рэлігійным збудаваннем у свеце. Яго агульная плошча перавышае памеры Ватыкана, а абрыс адлюстраваны на дзяржаўным сцягу Камбоджы.


Храм Ангкор Ват абкружаны ірвом, моцнымі сценамі і брамамі

На працягу стагоддзяў горад развіваўся “кланаваннем”. Ангкор Тхом (Angkor Thom, альбо “горад Ангкор”) не рос ушыркі, як цыбуля слой за слоем. Ён не нішчыўся і не перабудоўваўся на тым жа месцы ізноў. Кожны новы ўладар будаваў свой міні-ангкор побач са старым. Стагоддзе за стагоддзем на розных адлегласцях тут ствараліся падобныя адзін на другі мураваныя храмы, кляштары і палацы, агароджаныя моцнымі сценамі. Паміж імі пракладаліся вуліцы-дарогі, а побач у драўляных хацінах сяліліся простыя людзі.

Пасля нашэсцяў тайцаў у XIV–XV стагоддзях агламерацыя заняпала. Людзі сышлі, у некаторых храмах засталіся толькі манахі і пілігрымы. У XIX стагоддзі еўрапейцы адкрыюць для сябе старажытную кхмерскую сталіцу, якая схавалася глыбока ў джунглях. Высветліцца, што гэта быў самы вялікі горад у даіндустрыйную эпоху. У лепшыя часы яго насельніцтва сягала мільёна чалавек.


Па храму Ta Prohm бегала Анджэліна Джалі, калі здымлася ў “Томб Райдэры”

У 1907 г. французскія каланіяльныя ўлады, якія кантралявалі тэрыторыю Камбоджы, прымушаюць Тайланд перадаць ім былыя кхмерскія землі на памежжы разам з Ангкорам. Праз 20 гадоў у вёсцы Сіем Рыап  (Siem Reap), якая разлеглася ў 6 км ад помнікаў, ужо адчыняецца “The Grand Hotel d’Angkor”. Да 1960-х гадоў у якасці турыстаў сюды паспяваюць наведацца Чарлі Чаплін і Джэкі Кэнэдзі. У 1990-х папулярнасць месца расце так імкліва, што побач будуюць міжнародны аэрапорт.


Паедзем тады, калі назбіраем людзей

Камбоджа займае 163-е месца ў свеце па памеры ВУП на жыхара і ўваходзіць у дзясятку краінаў з самым нізкім паказчыкам Індэкса чалавечага развіцця ў Азіі і Акіяніі. Карацей, край досыць бедны. Тое, што на мапе пазначана, як National Highway, на справе будзе дарогай з рэдкім асфальтавым пакрыццём, а з большага — ўкатанай чырвонай зямлёй. Узімку вільготнасць невысокая і пакістан-стайл грузавікі трымаюць сцяну пылу над “нацыянальнымі хайвэямі”. Седзячы, а дакладней прыгаючы, ў аўтобусе ўвесь час прыкрываеш твар хусткай.


Гэта вячэрні здымак, але з-за пылу кіроўцы не выключаюць фары круглыя суткі. Цікаўныя могуць параўнаць кошты на паліва з беларускімі. Курс — 4000 ріэляў за 1 даляр

Дарога з Сіем Рыапа — турыстычнага цэнтра, размешчанага побач з Ангкорам — да сталіцы Пном Пеня абыходзіцца ў 5–15$. Таннейшы варыянт уяўляе з сябе мясцовы аўтобус, які заходзіць у кожную вёсачку. Прамежкавы — мікрааўтобус, які заходзіць у палову вёсачак. Самы дарагі — турыстычны шатл з вялікімі крэсламі, туалетам і ўключанным харчаваннем. Адпаведна, дарога займае ад 8 да 5 гадзін.

На частых прыпынках, каб падсілкавацца, набываеш садавіну, гарачыя стравы ў кафэшках альбо закускі з цялежак. У адрозненні ад суседніх краінаў для асновы фаст-фуда ўжываецца не рыс ці лапша, а белы хлеб-багет. Камбоджа была французскай калоніяй семдзесят гадоў.


Знешні выгляд тук-тука залежыць толькі ад фантазіі ўладальніка

У гарадах прасцей перасоўвацца на тук-туках. У адрозненні ад знакамітых бангкокскіх, камбаджыйскія тук-тукі складаюцца з двух асобных частак — матацыкла і прычэпа для 2–4 пасажыраў.

Камбоджа — бедны край, але эканоміка расце тут хутка нават на тле азіяцкіх “драконаў”. Некалькі гадоў таму сталіца Пном Пень была 1 dollar city — тук-тук, вада, ежа, шмат паслуг аказваліся за адзін даляр. Сёння пасадка ў тук-тук пачынаецца з 2$. Але, калі адлегласць невялікая, то да бакса згандляваць не праблема. На скрайні выпадак прапануюць тук-тук без прычэпа: сядаеш на матацыкл за кіроўцам і гоніш за 1$ праз аўтамабільныя коркі і бетонны сквар палудзеннай сталіцы.


На чыгуначным вакзале сталіцы Камбоджы

Паганяць асабіста атрымаецца не заўсёды. У Сіем Рыапе і ваколіцах (то бок і Ангкоры) забаронена здаваць у арэнду байк людзям без камбаджыйскіх правоў кіроўцы. Гэтай нормай, хутчэй за ўсё, парушаюцца міжнародныя правілы, але нічога не зробіш. Урад бароніць мясцовых перавозчыкаў і экалогію сусветна вядомага помніка, якому будзе значна цяжэй, калі кожны турыст закаціць на матацыкле пад сцены ангкорскага Байона ці Тэрасы Сланоў.

Забарона спараджае цікавыя рашэнні. Часам па пыльных дарогах былой сталіцы Кхмерскай імперыі гойсаюць навюткія зялёныя электраматаролеры. Хаця карыстаюцца імі неактыўна, турыст часцей арэндуе ровар альбо тук-тук.


Па дарогах Сіем Рыапа

Камунікацыя паміж гарадамі ў асноўным аўтобусная. Праз Камбоджу цячэ найвялікшая рака Азіі Меконг, але мясцовыя аддаюць перавагу сухапутнаму транспарту. Бо танней.

Чыгуначны вакзал сталіцы краіны маленькі і пусты. Побач з ім — расклады міжгарадскіх аўтобусаў. Час ад’езду пазначаны ў стылі: “10:00–12:00”. Гэта значыць, а дзясятай пачынаем набіраць пасажыраў, і пакуль не назбярэм, то раней за дванаццатую не паедзем.


Адчувайце меру

У Камбоджы вельмі танны алкаголь. Гэта тычыцца не толькі мясцовага піва (паўбакса за пляшку), але і сусветных брэндаў. Літр “Бакардзі Голд” абыдзецца ў 9$, “Бакардзі Блэк” — не даражэй за 13$. Столькі ж каштуе “Гавана Клаб”. У блізкім дыяпазоне знаходзяцца віскі “Грант’с” альбо “Джым Бім”. Літр “Джэк Дэніелза” — 23$.

Калі набываць напоі ў сеткавай краме ці супермаркеце, можна быць упэўненым у іх якасці. Гэта не палёнка, а сапраўдны брэндавы алкаголь. У Камбоджы ці то вельмі нізкія стаўкі на імпарт цыгарэт і розных спірытусаў, ці то іх увогуле няма.


Дзве найбольшыя рэчкі Камбоджы — Тонле Сап (пярэдні план) і Меконг — злучаюцца ў самым цэнтры Пном Пеня

Сітуацыя даходзіць да абсурднага: пляшка французскага бардо, якое на яго радзіме каштуе 20€, у Пном Пене прадаецца за 15$. Знаўцы кажуць, што гэта абсалютна тое ж самае віно.

Кошты тут паказаныя без канвертацый. У Камбоджы даляр мае раўнацэнны абарот разам з мясцовым рыэлем па курсе 1 да 4000. Цэннікі ў сталічных крамах пішуцца толькі ў валюце ЗША. Ад тутэйшага працэсу таварна-грашовага абмену сярэднестатыстычнага беларуса можа “паламаць”.


Змест кішэні пасля дня побыту ў Пном Пені 

Напрыклад, за палтарашку вады, якая ў краме паводле цэнніка каштуе 0.50$, аддаем паперку ў 5$. Рэшту атрымліваем у выглядзе чатырох паперак па даляру і двух паперак па тысячы рыэляў. Пры гэтым на касавым чэку ўсё будзе распісана толькі ў баксах. Расплаціцца цалкам рыэлямі вам ніхто не забароніць, нягледзячы на цэннікі і рахункі. Гэтак і носіш у кішэні: даляры як даляры, а рыэлі як цэнты.


Бойка з маркетынгам

Гатэлі, гэстхаўзы і хостэлы для начлегаў маюцца ў дастатковай колькасці. Ніхто не адмяняў паслуг “Агоды” і “Букінг.ком”, але можна папрыгоднічаць і адшукаць нумар на месцы.


Гатэлі на вуліцы Sisowath у Пном Пені  

Напрыклад, аўтобус з Сіем Рыапа да Пном Пеня мае канцавы прыпынак у самым цэнтры сталіцы побач з начным кірмашом (Night Market). Каля яго ўздоўж ракі бяжыць вуліца Sisowath, якая праз кожныя 50–100 метраў выкатвае на ходнік па гатэлю, гэстхаўзу ці хостэлу. Кошты ад 20$, 15$ і 5$ адпаведна. Калі паглыбіцца на адзін квартал ад ракі, то хостэлы пачынаюцца ад 3$, а гэстхаўзы ад 8$.

Гэта Азія і здымкі на сайце могуць моцна адрознівацца ад рэальнасці. І зноў жа, гэта Азія, таму жахлівыя водгукі турыстаў, звыклых да еўрапейскіх апартаментаў, на месцы могуць аказацца дробнай праблемкай.


Грамадская аэробіка, сепактакраў, футбол, самотныя прабежкі і парныя шпацыры — асноўныя функцыі ўзбярэжжа Sisowath

І яшчэ адна перавага асабістых пошукаў. За 20 хвілін шпацыру па Sisowath знаходзім тры прымальныя варыянты. Спыняемся на гэстхаўзе “The Longe” на ўзбярэжжы. Чысты вялікі нумар з 4-метровымі столямі, кандыцыянерам, свежай мэбляй, імбрыкам і гарачым душам на месцы здаецца за 20$. Мы гандлюемся да 15$. На “Агодзе” ён вісіць за 34$.

Сайт крычыць, што нашыя даты вельмі запатрабаваныя ў Пном Пені і ў “The Longe” застаўся толькі адзін нумар. На месцы ж мы выбіраем з чатырох падобных пакояў толькі на розных паверхах. Маркетынг — зло. Hack the system.


Сталіца Камбоджы і яе атракцыі

Пном Пень — немалы азіяцкі горад. Тут не такі шчыльны трафік, як у в’етнамскіх ці кітайскіх месцах, але для шпацыраў ён падыходзіць не найлепшым чынам. Нават абыйсці цэнтр праблематычна, асабліва ў палудзенную спёку. Дый няма сэнсу гэта рабіць удзень, бо шэраг культурніцкіх устаноў зачыненыя з 11:30 да 14:00.


Срэбная пагада

Турыстычныя перліны — тэрыторыі Каралеўскага палаца і Срэбнай пагады — знаходзяцца ў самым цэнтры горада. Тронная зала, Жалезны дом (падарунак Напалеона Трэцяга), Каралеўская скарбніца, жывапісная Брама Перамогі стаяць за сцяной палацавага комплекса. У Срэбнай пагадзе — падлога з 5000 срэбных пліт, кожная вагой па кілаграму, залатыя і срэбныя Будды, ступы, каралеўскі ложак для каранацыі і іншыя каштоўнасці кхмерскай культуры.

Побач з палацам знаходзіцца Нацыянальны музей Камбоджы з найлепшай у свеце калекцыяй старажытных кхмерскіх скульптур, вялізнымі лінгамамі, прадметамі побыту, зброяй і чоўнам-кватэрай ХІХ стагоддзя. Гэта і сам па сабе прыкметны тэракотавы будынак, пабудаваны ў нацыянальным стылі з высокім дахам і ціхім унутраным дворыкам.


Брама Перамогі ў Каралеўскім палацы

Пад дахам музея жыве калонія кажаноў. Яна самая вялікая ў свеце сярод памяшканняў, якія стала выкарыстоўваюцца людзьмі. Калі вы чулі гісторыю пра тое, як столя абвалілася на экспазіцыю пад цяжарам птушыных экскрыментаў, то ведайце, што гэта адбылося менавіта тут. З дапамогай аўстралійцаў калекцыю выратавалі, але калонію вырашылі не разганяць. Попрасту ніжэй пабудавалі яшчэ адну столю.

Побач з музеем пачынаецца “мастацкая” вуліца (Ph 178). Тут адразу на ходніках выпіліваюцца Будды, а крамкі прапаноўваюць кветасты жывапіс і акварэлькі з нацыянальным каларытам ад 5$.


Дворык Нацыянальнага музея 

Пад захад сонца жыхары высыпаюць на свежае паветра. Есці прынята на вуліцы. У адрозненне ад віцеблян, каторых на плошчу Перамогі не загнаць, пномпеньцы штовечар акупоўваюць вялікі пляц пад сценамі Каралеўскага палаца.

На кожным рагу гандлююць фастфудам, сувеніркай, прапаноўваюць: “Tuk-tuk, sir?”, “Weed?”, “Lady?”. Кантрафактнымі DVD мала каго з беларусаў здзівіш, а вось кнігарні, якія гандлююць падробнымі кніжкамі, аўтар пабачыў ўпершыню. Рызограф, каляровы прынтар для вокладкі і — фаліянт “Steve Jobs” Уолтара Айзаксана ляжыць на палічцы за 4$.


Нацыянальная бібліятэка Камбоджы

Насупраць вакзала ёсць свая “брама горада”. Беларусам таксама будзе цікава памерыцца Нацыянальнымі бібліятэкамі. Варта зірнуць на комплекс гатэля “Le Royal” адчыненага ў 1929 г., зайсці на Рускі рынак — назва з далёкіх часоў, калі побач працавала амбасада СССР і яе супрацоўнікі хадзілі сюды па закупы.

Геаграфічна большасць тэрыторыі Камбоджы роўная як блін. На адзіным у Пном Пені 27-метровым пагорку змясціўся храм Ват Пхном (Wat Phnom) са скульптурай Мадам Пень — легендарнай заснавальніцы горада. У храме захоўваецца попел імператара Ponhea Yat, які перанёс сюды сталіцу з захопленага Ангкора.


Вечар на пляцы перад Каралеўскім палацам

Нездалёк стаіць амбасада ЗША. Пра яе ходзіць жарт, што нягледзячы на захады па бяспецы, якія прымае амерыканскі ўрад у дачыненні да сваіх консульскіх установаў, у Пном Пені для амбасады выбралі месца ля падножжа адзінага ў горадзе ўзвышша.

 

S-21

У другой палове дваццатага стагоддзя Камбоджа перажыла самыя цяжкія часы за сваю гісторыю. Тры гады панавання “чырвоных кхмераў” адкінулі краіну ў палеаліт. Лёсы людзей у Пном Пені літаральна залежалі ад таго, дзе яны апынуліся 17 красавіка 1975 года, калі войскі Пола Пота ўзялі сталіцу. Тыя, хто жыў на ўсход ад бульвара Нарадома, высяляліся ў працоўныя камуны на ўсходзе краіны. Жыхары паўднёвых раёнаў засялілі камуны на поўдні і г. д.

Насельніцтва горада скарацілася з 2 мільёнаў да 50 тысячаў. Вярхоўны патрыярх будыстаў Камбоджы забіты. Манастыры ператвораныя ў амбары. У Нацыянальнай бібліятэцы — стайня. Кнігі выкінутыя на вуліцу і разабраныя жыхарамі на пакункі. Універсітэты разагнаныя, школы і бальніцы зачыненыя.


Голуб міру ў цэнтры Пном Пеня

Край ахопліваецца “казарменным камунізмам”, хлопцы ў сандалях з аўтамабільных шын і чорных кашулях распачынаюць тэрор, гвалт і забойствы. Як бы гэта цынічна не гучала, але Пол Пот нават трапляе ў Кнігу рэкордаў Гінэса. За часы яго дыктатуры ў “Дэмакратычнай Кампучыі” памёрла каля 3 мільёнаў чалавек.

Таталітарная брыдота ўсіх часоў шыфруе свае злачынствы за безаблічнымі абрэвіятурамі, лічбамі і літарамі. Нацысцкія “T-4” і “Шталаг”, савецкае “ГУЛаг”, паўночнакарэйскія “Лагер 15”, “Лагер 25” прыраслі вязніцай S-21 на поўдні Пном Пеня. З 1975 па 1978 гады праз яе прайшлі больш за 17,000 чалавек. Выжылі сямёра. Адсюль людзі перапраўляліся ў канцлагер насупраць і забівалася на гэтак званых “палях смерці”. Часцей з дапамогай дубін, каб эканоміць патроны.

Турма S-21 была зарганізаваная  ў будынку вышэйшай школы. Сёння тут, у паўднёвай частцы горада, змешчаны музей Tuol Sleng — найбольш вядомае месца, прысвечанае генацыду рэжыма “чырвоных кхмераў”. Кіроўцу тук-тука ня трэба доўга тлумачыць, куды вы хочаце патрапіць. На каляровым заламінаваным буклеце ён прапануюе цэлы турыстычны маршрут па слядах масавых злачыстваў у Пном Пене.


Фірмовая усмешка

Катастрофа 1970-х гг. па сёння адчуваецца на вуліцах сталіцы. Прыгожыя будынкі франузскай каланіяльнай архітэктуры стаяць закінутымі нават у 2 хвілінах ад Каралеўскага палаца. Буйныя інфраструктурныя праекты фінансуюцца Японіяй, Кітаем, ЗША, Тайванем, Аўстраліяй. Гэта мост праз Тонле Сап, сістэмы супраць навадненняў, тэкстыльныя фабрыкі, дамбы, рэстаўрацыя Ангкора і інш. 


Закінуты каланіяльны будынак прадаецца, а пакуль часткова выкарыстоўваецца пад бар

На вакзалах расцягнутыя лозунгі па-кхмерску і па-ангельску пра турызм, які “стварае працоўныя месцы і нацыянальны прыбытак”. Але і без расцяжак тут прыязна ставяцца да замежных гасцёў, дапамагаюць, распавядаюць і абавязкова з фірмовай будыйскай усмешкай.

Тэкст і фота: Раман Воранаў

15.02.2015 17:21, Места

 







Выставка от журнала «Имена»

Дзень вуліцы

Первый беларуский медиахакатон