“Энергія” скончылася

24.04.2015 14:13, Места

“Энергія” адпрацуе роўна 7 год. Калі б у Віцебску было берлінскае клубнае жыццё, то гэта нават зашмат для начнога месца. Але пачуццё берліншчыны (як мы яго ўяўлялі ў 2008 годзе) мелася тут хіба толькі на адкрыцці. Тады нават ла ўвахода для “віпаў” стаяла чарга, а на галоўным калейка склалася не з людзей, а з таксовак, якія перманента падвозілі і вывозілі народ. Такой сакавітай клубнай карціны ў Віцебску ніколі не назіралася: ані перад, ані пасля тае начы. 

Як менавіта начная ўстанова, клуб хутка расчараваў. Інтэр’ер слабы, ахова хамская, гук стаяў нібыта магутны, але на амаль шасці тысячах квадратаў ён лётаў недзе пад столямі. Рэдкі віцебскі сноб не адгукаўся пра “энергічную” аўдыторыю ў з’едлівых танах, маўляў ходзяць студэнты, малалеткі і безгустоўшчына, якой падабаюцца рэтра-пятніцы. Але й самі снобы пасля позніх суботніх пагулянак усё роўна цягнуліся ў “Энэргію”. На пытанне: “Як жа так?” адказвалі: “На верхнім бары можна”, яны яго сабе вылучылі, як загончык для сваіх. 

Але ў канцэртным жыцці горада “Энергія” стала прарывам. Яна закрыла перадапошні з патрэбных сегментаў (апошнім быў бы аналаг менскага “Рэ:Пабліка”). Напрыканцы нулявых такой пляцоўкаў не мог пахваліцца ніякі іншы горад Беларусі. Круглагадавое месца на 5,000 чалавек са сцэнай, барамі, столікамі, більярдамі, распранальнямі, грымёркамі, сваёй, а не нанятай звонку, аховай, вялікай стаянкай і не на ўскрайку горада. Яно спрасціла жыццё мясцовым і іншагароднім прамоўтарам. “Каста”, “Нагана”, “Гуф”, “Дэльфін”, “ОкеанЕльзи”, «Пилот», «Звери», фэсты са Stigmata, 5Diez, TracktorBowling, N.R.M., СтарымОльсай і шэрагам іншых артыстаў, якія б можа і не даехалі да Віцебска, калі б не было такой пляцоўкі. 

Без ўпэўненасці, што назбіраеш больш за пяцьсот наведвальнікаў, клуб лепей было не арэндаваць. На такім палігоне некалькі соцень чалавек маглі глядзецца кучкай перад сцэнай і ствараць толькі дыскамфорт. Таму з беларусаў сваімі сольнікамі тут запомніліся толькі “Ляпіс Трубяцкой” і Макс Корж. Ляпісы збіралі “Энергію” двойчы і канцэрт з “Вясёлымі карцінкамі” у 2011 годзе быў апошні з вялікіх на радзіме. 

Самым эмацыйным, бадай, быў выступ Noize MC у красавіку таго ж 2011-га. Ваня некалькі разоў лаяўся з аховай, а потым спыніў канцэрт, злез са сцэны і пайшоў вызваляць свайго аматара, якога схапілі за стэйдж-дайвінг. Ахову знялі цалкам, еднасць з фанатамі зашкальвала, горад закахаўся ў “нойза”, але той у Віцебск больш не прыязджаў. 

З гадамі “Энергія” стала звыклым фонам для жыхароў. У эпоху старшыні аблвыканкама Косінца мы палюбілі рэкорды, мелі самую вялікую плошчу, самую высокую калядную ёлку, самы вялікі начны клуб з самай доўгай барнай стойкай. З часам начных устаноў паболела, з’едлівасці да “Энергіі” паменела, старшыню перавялі ў Менск, а ў самым вялікім клубе збіраюцца адкрываць будаўнічы рынак.

Раман Воранаў для “Тузіна гітоў” 
Фота: Сяргей Навіцкі

24.04.2015 14:13, Места

 







Восьмыдзень трапіў экспертам

Айдэнтыка Віцебска падводзіць вынікі

New Names