Дай чаду на раёне

10.06.2016 22:47, Места

Прыйшло лета. Можна паехаць на Radiohead у Рэйк’явік. Альбо ў ліпені на Massive Attack у Лісабоне. Ці на Muse у жнівеньскі Будапешт. Іншы варыянт гармонік у Паставах ці журавіны ў Мёрах. Cабралі для вас на чэрвеньверасень пяць раённых святаў на любай Віцебшчыне. Пачынаць можна ўжо заўтра ў самым заходнім раёне.

  

Звіняць цымбалы і гармонік

Дзе: г. Паставы, 246 км на захад ад Віцебска
Калі: 10 – 12 чэрвеня

Яшчэ можна паспець на гэтых выходных патрапіць на штогадовы міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у г. Паставы. У фэсце бяруць удзел фальклорныя інструментальныя калектывы і індывідуальныя выканаўцы на народных музычных інструментах у тым ліку і з бліжняга замежжа. У гэтым годзе ў Паставы прыедуць: Творчы калектыў “Гарманісты Аўкштайціі” (Літва), Танцавальная група “Jхhvikas” (Эстонія), Ансамбль куокле (народны латышскі інструмет) “Дзітары” (Латвія), Народная капэла “Јobuziacy” (Польшча), Ансамбль рускай песні “Масковія” (Расія), Вакальны ансамбль рускай песні “Івалга” (Латвія), Народны аматарскі аркестр народных інструментаў "Ціса" (Украіна).

Акрамя насычанай канцэртнай праграмы вас чакаюць “Горад майстроў” з удзелам народных майстроў Віцебскай вобласці, фотавыстава А.Чалея, выстава жывапісу І.Атрахімовіча, музейная выстава, прысвечаная 230-годдзю з дня нараджэння графа К.Тызенгаўза і  іншыя забавы.

Падрабязней чытайце на афіцыйнай старонцы Пастаўскага райвыканкама.

  

Дняпроўскія галасы ў Дуброўне

Дзе: г. Дуброўна, 98 км на поўдзень ад Віцебска
Калі: 17 – 19 чэрвеня

Штогодовы Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” адбудзецца ўжо 23 раз запар. За гэты час ён паспеў перарасці з местачковай з’явы ў буйное міжнароднае свята. У гэтым годзе ў фестывале прыме удзел 30 народных калектываў з 8 краін свету: Беларусі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Румыніі, Украіны і Эстоніі. Сімвалам фестывалю “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” з’яўляецца птушка салавей.

У праграме мерапрыемства на гэты год прадугледжваецца: шырокая канцэртная праграмма ў оўпэн-эйр фармаце, кірмаш рамёстваў, майстар-класы, факельнае шэсце і інш. цікавосткі. Разыначкай мерапрыемства з’яўляецца свята-конкурс  традыцыйнай беларускай свістулькі “Салавейка–2016”.

Падрабязней з праграмай “Дняпроўскіх галасоў у Дуброўне” можна пазнаёміцца на афіцыйнай старонцы Дубровенскага райвыканкама.

  

Вішнёвы фестываль

Дзе: г. Глыбокае, 183 км на захад ад Віцебска
Калі: 18 – 23 ліпеня

“Вішнёвы фестываль” праводзіцца ў Глыбокім нездарма. Менавіта тут разбіў першыя вішнёвыя сады ў Беларусі селекцыянер Баляслаў Лапырь, які і вывеў беларускія зімаўстойлівыя вішні. У гонар гэтай падзеі з 2013 г. і праходзіць “Вішнёвы фестываль”.

Сёлетняя праграма даволі насычаная. Жыхароў і гасцей Вішнёвай сталіцы чакаюць сэлфі-квэст, вандроўкі па ваколіцах, паэтычная вечарына, мастацкая выстава-ярмарка, канцэрты народных калектываў, танцавальныя майстар-класы, конкурс баяністаў і інш. падзеі са смакам вішні. Канешне ж нельга прапусціць святочнае шэсце з удзелам адзінай беларускай манаршай асобы – Вішнёвай каралевай.

Запрашэнне ад каралевы чытайце на афіцыйнай старонцы Глыбокскага райвыканкама.


Жураўлі і журавіны Міёрскага краю

Дзе: г. Міёры, 190 км на захад ад Віцебска
Калі: 18 верасня

Жураўлі і журавіны з’яўляюцца брэндам Міёраў. Гэта абумоўліваецца блізасцю да горада самага вялікага ў Беларусі верхавога балота Ельня, багатага на журавіны. Менавіта Міёршчына з’яўляецца адпраўной кропкай на шляху ў вырай для больш за 4000 жураўлёй, што і паслужыла асновай для правядзення незвычайнага фестывалю.

Акрамя традыцыйнай канцэртнай праграмы і рамесніцкага кірмашу, абавязковымі для наведвання з’яўляюцца “сялянскія падворкі”, у якіх можна пакаштаваць розныя прысмакі з журавін, у тым ліку алкагольныя. Таксама падчас фэсту любы ахвочы зможа на бясплатным аўтобусе з райцэнтра з’ездзіць на акрэсныя палі, каб паназіраць за жураўлямі.


Дажынкі-2016

Дзе: г. Сянно, 61 км на паўднёвы захад ад Віцебска
Калі: верасень

Гэтае свята не мае патрэбы ў прадстаўленні. Хоць апошнім часам маштаб мерапрыемстава паменшыўся, “Дажынкі” застаюцца знакавай і чаканай падзеяй у жыцці кожнага малога горада.

На дадзены момант Сянно ўдарнымі тэмпамі рыхтуецца да свята: рамантуюцца дамы і помнікі, добраўпарадкаваюцца прылеглыя да іх тэрыторыі і набярэжная, узводзіцца новы ЗАГС з фантанам закаханых, усталёўваецца ваенная тэхніка ў парку Трох Герояў. З’явяцца ў горадзе новыя помнікі: міфалагічнаму вадзяніку і Сені Сенінскаму – простаму жыхару мястэчка, чэкін ля якіх будзе абавязковым.

Фота: Kraj.by

10.06.2016 22:47, Места

 







IFMC 2017

Свята для мясцовых

Віцебскі арнамент