Гістарычныя рэкорды Віцебска

21.01.2016 00:00, Мінулае

Родны горад, горад маленства і юнацтва. Той факт, што ты тутака нарадзіўся і вырас сам па сабе прымушае лічыць мясціну самай значнай у свеце. Як высветлілася, гэтую думку могуць падзяляць тысячы людзей, на яе карысць можа сведчыць уласна цяг гісторыі. Справа ў тым, што Віцебск, а гаворка ідзе менавіта пра наш горад, сапраўды шмат у чым аказаўся першым. Мы абралі восем рэкордаў, якімі Віцебск вызначыўся ў летапісе краіны.

1.Першая берасцяная грамата. 20 жніўня 1959 г. у Віцебску на плошчы Свабоды падчас будаўнічых работ была знойдзеная берасцяная грамата XIII стагоддзя - першая на тэрыторыі Беларусі. Гэта быў прыватны ліст ХІІІ – ХІV стст. аб продажы вопраткі і куплі жыта, выкананы, паводле звычаю таго часу, на бяросце. Яшчэ два старажытных мэйла былі знойдзеныя ў Мсціслаўі, прычым апошні зусім нядаўна.

 

2. Першая стаўка Напалеона падчас вайны 1812 года. 16 ліпеня 1812 года Напалеон Банапарт спыніўся ў Віцебску. Менавіта тут імператар Францыі вырашыў затрымацца надоўга. У якасці часовай рэзідэнцыі абраў для сябе, бадай што, самы прыгожы будынак у горадзе – дом генерал-губернатара, . У мемуарах чытаем яго словы: “…Тут (у Віцебску) злучу карпусы маёй арміі, дам ёй адпачыць, і наладжу справы Польшчы. Ваенныя дзеянні кампаніі 1812 года скончаныя: наступны год завершыць астатняе!» Праз 16 дзён войскі Банапарта на чале з галоўнакамандаючым пакінуць горад і рушаць на Усход. 

 

3. Горад першага на Беларусі трамвая. 18 чэрвеня 1898 г. у Віцебску быў пушчаны першы на тэрыторыі Беларусі электрычны трамвай. Даўжыня лініі складала 5,1 км. Віцебск стаў чацвёртым горадам у Расійскай імперыі з трамвайным рухам пасля Ніжняга Ноўгарада, Кіева і Екацярынаслава (цяпер Днепрапятроўск). У тагачаснай сталіцы імперыі трамвай з'явіўся на 9 гадоў пазней.

 

4. Першы ровар на Беларусі. Паводле мемуарных і архіўных дадзеных ровар з'явіўся у горадзе над Дзвіной напрыканцы 1870-ых. Першае на Беларусі грамадскае аб’яднанне аматараў ровару распачало сваю дзейнасць у Віцебску ў 1899 г. Гэты від транспарту быў вельмі папулярны. Некаторыя сем’і мелі падчас  два, а то і тры ровары, чым і зараз можна здзівіць. У 1900 г. віцебскі купец К. Блох атрымаў правы на кіраванне роварам ва ўзросце 52 год. Не грэбвалі выкарыстаннем ровара таксама і жанчыны. Гэтак у 1900 г. раварыстак у горадзе мелася больш за трыццаць. Узорам для аматараў катання зрабіўся прабег шасцёх віцеблянаў на чале з Пржасецкім на сельскагаспадарчую выставу ў Ніжні Ноўгарад у 1896 г. Маршрут ахопліваў каля 2000 вёрст! 

 

5. Першы ў свеце імгненны фотазатвор. У 1881-1882 гг. малавядомы на той момант віцебскі фатограф Сігізмунд Юркоўскі першым у свеце сканструяваў імгненны фотаграфічны затвор, апісанне якога апублікаваў у часопісе «Фатограф». Па сённяшні дзень аналагавыя фотаапараты ўтрымліваюць частку гэтай тэхналогіі. Здымкі самога Юркоўскага старога Віцебска можна пабачыць у кнізе Людмілы Хмяльніцкай, якая пакуль прадаецца ў шэрагу кнігарняў горада.

 

6. Першы тубдыспансер на Беларусі. Віцебск не мог не адзначыцца ў гісторыі медыцынскім рэкордам. У чэрвені 1921 г. тут з'явіўся першы на тэрыторыі Беларусі Абласны клінічны супрацьтуберкулёзны дыспансер. На працягу трох месяцаў працы пасля адкрыцця, сюды звярнулася больш за 1500 хворых на сухоты. Установа працуе па сённяшні дзень і знаходзіцца на праспекце Фрунзэ.

 

  

7. Першыя п’езазапальнічкі у СССР пачалі масава выпускаць ў 1970-ых гадах. Іх вытворцам было віцебскае прадпрыемства “Мегом”. Яны даволі хутка набылі вялікую папулярнасць сярод жыхароў агромністай краіны. Гэта ня дзіва, прыстасова замяняла на кухні тысячы запалак. Можа, дзякуючы і гэтаму прадукту, завод у Віцебску здолеў праіснаваць да 2009 года.

 

8. Першы горад краіны, дзе адбыўся “масавы рэлакс”. 14 жніўня 2014 года ў Віцебску быў засведчаны чарговы сусветны рэкорд Кнігі рэкордаў Гінеса: адначасова 402 чалавекі прынялі ўдзел у трэніровачным практыкаванні на расслабленне для спартсмэнаў гіравага спорту. Кіраваў “працэсам” Анатоль Яжоў – ураджэнец Віцебска, 67-разовы чэмпіён Расіі, 77-разовы чэмпіён Еўропы, 77-разовы чэмпіён свету па гіравым спорце.Трэніроўка адбывалася ў летнім амфітэатры і сабрала не толькі беларусаў, але і прадстаўнікоў многіх іншых краін. 

Віцебск паспеў “засвяціцца” ў гісторыі сваёй краіны і ўсяго свету. Мяркуем, спіс будзе папаўняцца з цягам часу і “подзьвігі” віцебскіх рэкардсменаў здолеюць натхніць нас на новыя дасягненні.

Тэкст: Арцём Булатоўскі
Фота: evitebsk.comLiveinternetWikipediaFotkidepoНародныя навіны ВіцебскаВіцебскі алфавіт 

21.01.2016 00:00, Мінулае

 







IFMC 2017

Свята для мясцовых

Віцебскі арнамент