Вельмі першая ступень

23.12.2016 13:57, Музыка

Рэпер Ніко, ён жа Мікалай Страленка, дакладна не надзея віцебскага хіп-хопа. Па меншай меры зараз, бо перабраўся ў Санкт-Пецярбург. Але, альбом, які паўтары гады наразаў з думак, словаў і сэмплаў даслаў на публікацыю нам. Ацэньваць ён не прасіў, але мы ініцыятыўныя рабяты.

Рэпак, які цікава слухаць, прыдумаць нескладана. Заканспектуй свой офісны дзень з перагарным аўтобусам №34, раздражнёным мэнэджарам, скіслым малаком да кавы, грэчкай у таннай сталоўцы на абедзе, спецом па ахове працы які не карыстаецца асвяжальнікам у прыбіральні, пара дэталяў пра чароўны паход у вячэрнюю краму (0.5 ці літр? цёмнае ці светлае? капейкі затрахалі!), серыял, танкі, падушка, лента ВК. Наклаў рыфму, і нават без тлустага баса песня пойдзе па тысячах рэпостаў, бо весела і пра набалелае.

Ніко не валачэцца гэтай дарогай, што, напэўна, пахвальна. Плебс трэба цягнуць, а не дапамагаць корпацца ў нечым там пад нагамі. Ну, і палкія дзяўчыны лірыку больш паважаюць, чым сацыялку.

Альбом “Першая ступень” поўны разважанняў пра вернасць хіп-хопу (Флаг), каханню (Спокойно), сямейным каштоўнасцям (Помни), ахове гісторыка-культурнай спадчыны (Источник). Саўнд-лінія не наватарская, усё недзе было, прычым часам даўно. З шэрагу выбіваецца хіба трэк «Знаешь» з нясмелай гітаркай.

Ці выбіваецца сама «Первая ступень»? Падаецца, што гэта няважна. Вось, шчыра: на віцебскай сцэне, якой як вядома не існуе, любы выхад асобы, які доўга складаў і запісваў – гэта выхад Асобы. У параўнанні з мінулымі трэкамі маладога рэпера ці Hiphopground’a рост відавочны. Тое, што хлопец не цягне на каліфарнійскія клубы, пакуль няважна, бо і школу нядаўна скончыў, дый халера з імі, з каліфарнійскімі.

Ці павешу я гэты альбом у штодзённыя? Не. Ці праслухаў яго цалкам? Так, і без агіды. Так што падпісвайцеся на паблік, глядзіш, пад цяжарам адказнасці і Ніко стрэльне. Альбо хаця б вернецца ў Віцебск.

Вадзім Олбрайт

23.12.2016 13:57, Музыка

 







Витебский трансфер

Прастора в Витебске

Гурт waria прэзентуе новы трэк