Трэба рэзануць

08.12.2015 13:51, Музыка

Стась дачакаўся нас у знакамітай браме на Кастрычніцкай, што насупраць бітлз-клуба «Паддашак», і мы пайшлі шукаць віцебскі VZAP, дзе ў Сілкі мусіў адбыцца канцэрт. І тут паваліла такая залева, што нам некалькі разоў трэба было спыніцца, каб дайсці да пункту прызначэння больш-менш сухімі. Стась вельмі турбаваўся за сваю «малую»― за гітару, што хоць і ляжала ў футляры, але ж магла падмокнуць.

Пакуль гаспадыні VZAP гатавалі для нас гарбату, мы размаўлялі.

― Стась, ты перацягнуўся ў родныя Полацк-Наваполацк. Апошні раз мы бачыліся ў Віцебску, перад канцэртам на Арт-базе, напрыканцы восені 2014-га. У тваім творчым жыцці адбыліся якасныя змены… У гэтым заслуга самапіяру?

― Тут цікавая штука атрымалася. Пасля таго, як я адыграў канцэрт у Віцебску, у мяне доўга-доўга не было канцэртаў. Але інтэрв’ю павалілі, на тэлебачанне запрасілі… Інтэрв’ю было больш, чым выступаў. Непарадак! Пры тым, што я ніколі не прасіўся ні да каго. Не казаў: «Вазьміце мяне, запрасіце куды-небудзь!»

― Талент сам праяўляецца…

― Вось таму я думаю, што мне займацца самапіярам не трэба. Проста можа быць залішне.

― Што ты паспеў за гэты год зрабіць?

― Насамрэч, да хрэна. Альбом выпусціў «Песні для глуханямых», у Польшчы на «Бардаўскай восені» ўзяў прыз (узнагарода ад старасты Бельскага павету ― заўвага аўтара).



― Тады распачнем з альбому. Якія ўражанні былі непасрэдна пасля заканчэння запісу і зараз?

― Ніякіх. Проста былі запісаныя песні, ніякай там канцэпцыі, каб вось «Альбом Стася Сілкі!». Трэба было неяк зафіксаваць песні, я гэта зрабіў. Якасць? Нармальная з большага. Кажуць, што для першага альбома прыстойна.

― А дзе запісваліся?

― У Наваполацку з адным таварышам. Ён першы раз запісваў, я першы раз запісваўся. Карацей, набівалі руку адзін на адным.

― Абсалютная прэм’ера!

― Ага. Выйшаў альбом, у сеціве палайкалі. Сябра піша адзін, у Маскве працуе: ну, слухаем, я ў сябе на кропцы паставіў, ні хрэна людзі не разумеюць, кажуць: выключы! (смяецца)

― А ў Беларусі?

― Мне здаецца, што сябры, ведаючы мяне, проста не сталі яго слухаць. А незнаёмым цікава, што там за мужык такі, што ён спявае. Пішуць: нехта слухае, нехта сабе на мабілу сцягнуў. Сябра тэлефануе: «Едзем з таварышам у машыне каля тваёй дачы, выходзь, мы твае песні слухаем». Кажу:«Няма больш чаго слухаць у машыне?» Цікава, што альбом разыходзіцца сам па сабе, я зусім не займаюся ніякім прасоўваннем, толькі што на «Тузін гітоў» даслаў… Яны прэзентавалі ― дзякуй вялікі ім, канешне.

― Калі альбом выйшаў, ты адчуў, што нейкі этап творчага жыцця завершаны, ці, наадварот, распачаўся новы?

― Калі я пісаў альбом, то песні, якія ў яго ўвайшлі, былі ўжо з большага старыя, заезджаныя. Новыя песні на той момант былі, пасля яшчэ некалькі штук з’явілася. Па-мойму, яны адрозніваюцца крыху ад таго, што я рабіў раней. Можна сказаць, што альбом стаў не кропкай, але такой крутой коскай. Матэрыял зафіксаваны, яго не трэба трымаць у галаве. Можна сказаць: слухайце на дыску, там усё ёсць. Цяпер я буду рабіць новае, тое, што мне хочацца. Напэўна, такая роля гэтага альбома.

― Якая, на твой погляд, самая лепшая песня, якую ты лічыш абсалютна сваёй?

― Ёсць адна, але запісана крыху не так, як хацелася. «Напэўна я». Яна мне падабаецца. Такая немеладычная. Адзін дзеяч казаў, не буду яго называць: «У цябе такое ўсё немеладычнае, проста рэжаш, нешта крычыш няяснае». Я кажу: «Гэта рэп».

― Чувакі, гэта рэп!

― Ну так (смяецца).

― Сёння, каб прасунуцца, пісаць толькі для сябе ― малавата. Ты імкнешся неяк адпавядаць запытам публікі?

― Пішу тое, што пішацца. Наколькі гэта адпавядае запытам публікі? Мне падаецца, у мяне досыць спецыфічная публіка: з аднаго боку ― інтэлектуалы, з іншага боку ― распіздзяі. Не ведаю, як ты гэта напішаш, але так і ёсць.

― Так і напішу. Распавядзі крыху пра «Бардаўскую восень», як туды патрапіў?

― Я збіраўся яшчэ ў мінулым годзе падаць заяўку, але не атрымалася. У гэтым доўга думаў. Ігар Палынскі, мой сябра з Полацка (лідэр полацкага гурта Sumarok― заўвага аўтара), кажа: «Падавай, гэта тваё, можа, возьмеш што!» Уладзімір Булаўскі(актывіст прасторы vitebsk4.me, віцебскі івэнт-менеджар ― заўвага аўтара): «Давай, харош сядзець!» Госпадзі, Божа мой, была ні была ― падаўся. Прыехаў на адбор, паслухаў, з чым выступалі да мяне: чыста бардаўскае. Думаю: трэба нешта рэзануць, каб яны зразумелі, што я не бард і не ўзялі мяне, каб па фармаце не падышоў. І вось еду ў маршрутцы з Менску ў Наваполацк, прыдумаў сабе прыгожы пост УКантакце, як я не прайшоў на «Бардаўскую восень», бо я не бард, хопіць мяне так называць! І тут мне тэлефануе дзяўчынка адна: «Сілка, ты прайшоў!» І кладзе трубку. Блін... З аднаго боку ― класна: цябе прызналі, ты годны выступаць недзе яшчэ, а з іншага ― ты ж бард цяпер.



― Карацей, ужо не адкруцішся!

― Ну. Паехалі туды. Доўга думаў, якія песні, кансультаваўся з сябрамі ў Полацку, што граць. Літаральна за тры хвіліны да выступу вырашыў, што спяваць насамрэч. Адыграў.

― А што спяваў?

― «Як след» і «Схавайся». Бо адна такая лірычная, а другая больш агрэсіўная. Ну і абсалютна забіў, не чакаў. І вось другі дзень, узнагароджанне усялякае. І называюць маё прозвішча ― што? Сур’ёзна?! Пасля Яўген Барышнікаў казаў: «Хлопец, гэта ― зашквар! Ты цяпер не проста бард, ты ― лаўрэат «Бардаўскай восені». Бард няпростага ўзроўню! Госпадзі. Я часам люблю сваіх сяброў за такі тролінг.

― А ў выніку чым для цябе стала «Бардаўская восень»?

― Я насамрэч парадаваўся не таму, што ўвайшоў у спіс пераможцаў, а што маё прозвішча па радыё прагучала, бацькам можна было паказваць. Здорава! Польшчу паглядзеў, хоць самы край. Іншая атмасфера, здораўская, іншыя людзі, вельмі прыемныя. Шмат з кім пазнаёміўся з мясцовых беларусаў.

― Як бацькі зрэагавалі на тваю перамогу?

― Сказалі, што малайчына. Маці пірог, праўда, не спекла. Усё было добра. Сябры парадаваліся. Я лічу, што гэта такі досыць прыемны момант.

― Апошняя таксама прыемная навіна, што ты ўвайшоў у спіс прэтэндэнтаў у намінацыі «Адкрыццё году» па меркаванні музычнага партала «Тузін гітоў»…

― Гэта для мяне проста шок быў! Я амаль клаўся спаць. І тут Булаўскі піша паведамленне: «Братка, выбачай, я ― за Рыжкова». Што такое? Пераходжу па спасылцы на «Тузін гітоў»: Янка Маўзер, Віталь Рыжкоў, Pauline, Teleport ― добрыя хлопцы, мы пазнаёміліся на «Бардаўскай восені»… І ў канцы спісу ― Стась Сілка. Гляджу: мая фотка ― стоп! Бацькі ўжо спяць, я ледзь не пачаў крычаць. Да гэтага часу не зусім адпусціла. Усе пачалі віншаваць, пісаць… Класна ж!

― Калі самакрытычна паглядзець, якія думаеш у цябе шанцы?

― Мінімальныя, я думаю. Калі ўзяць таго ж Віталя Рыжкова, то гэта беларускамоўны якасны рэп. Гэтае большае адкрыццё, чым якісь чарговы «бард». (Абавязкова вазьмі ў двукоссе!) Такія, як я, з’яўляюцца кожны год, а вось нармальны рэп ― не. Але 12 снежня паеду ў Менск. Напэўна, там будзе прыгожая тусоўка: хачу яе пабачыць на свае вочы.

― Жадаю ўдачы! Якія планы ў Стася Сілкі надалей?

― Трэба скончыць універсітэт усё ж. Буду працягваць займацца музыкай. Усе пытаюцца, ці завяду, ствару гурт. Не ведаю, напэўна... Я не люблю планаваць. Як кажуць: хочаш рассмяшыць Бога ― раскажы пра свае планы. Так і ёсць. Як атрымліваецца, так атрымліваецца. Маё жыццё ― таму ўзор.



― Дарэчы, ты маеш стасункі з полацкім рок-клубам «LIVEinROCK», з гуртом Indra і яго лідэркай Марынай Шэф?

― Не скажу, што мы блізкія сябры, але адносіны падтрымліваем. Ігар Палынскі ― у нас своеасаблівае ядро, вакол якога ўсё менавіта беларускае круціцца. Праз яго неяк і з Марынай з большага супрацоўнічаем, спадзяюся, што ў нас атрымаецца ў кааперацыі прыцягваць нейкіх артыстаў, каб выступалі, прыязджалі да нас і ведалі, што ў Полацку іх чакаюць, ходзяць на канцэрты. І практыка паказвае, што ходзяць і на кватэрнікі, і на канцэрты ў Полацкім ГДК.

― У Полацку і Наваполацку была не адна спроба развіць музычны андэграўнд ці рок-плынь. «Рок-кола», якое было зачынена, «LIVEinROCK», які жыве дзякуючы ініцыятыве гурта Indrа і блізкіх яму людзей. Якім чынам гэта можна ўсё раскруціць, на тваё меркаванне? Магчыма, варта ўзяць за прыклад віцебскі досвед і адкрываць свае культурніцкія прасторы?

― Пра гэта ёсць таксама думкі, але гэта грошы. На жаль, я сродкаў не маю, каб укладаць у такі бізнэс. Гэта доўгатэрміновая перспектыва.

― Адсюль наступнае пытанне: табе як музыканту трэба недзе выступаць на публіку, развівацца. Ты з’язджаеш у родныя мясціны, але там не настолькі шмат шанцаў, як было тут, у Віцебску...

― Раскажу гісторыю. Пакуль я жыву зноўку ў Полацку-Наваполацку, я пазнаёміўся там з адным чалавекам. Ён 14 год пражыў ў Брытаніі, вучыўся, працаваў. Зараз вярнуўся і працуе ў Полацкай мастацкай галерэі. Ён сказаў: «А там усё гатовае, усё ёсць, а тут неаранае поле». Дык вось я таксама думаю, што тут можна хаця б разбіваць лоб аб сцену. Можна мяне за гэта зваць максімалістам: юнак, ты ні хрэна не разумееш, нічога ў цябе не атрымаецца. Можа, сапраўды не атрымаецца, і я скажу: шчасліва, Полацк-Наваполацк, я любіў вас, але ў нас з вамі нешта не склалася. А пакуль я маю магчымасць спрабаваць,то грэх будзе гэтага не зрабіць.

Канцэрт у VZAP у выніку адбыўся, праўда, не асабліва вызначаўся колькасцю слухачоў. Але ж гэта не самае страшнае.

Для патэнцыйных і існуючых прыхільнікаў Стася Сілкі нагадваю: абвяшчэнне вынікаў у намінацыі «Адкрыццё году» адбудзецца падчас вялікага канцэрту «Героі году» 12 снежня ў клубе «Пляцоўка Хол» у Мінску. Набывайце квіткі і едзьце! Або сачыце за навінамі і сацсеткамі. І абавязкова трымайце кулачкі за Стася. Усе ж свае людзі, ну.

Тэкст: Алесь Дзвінскі.
Фота: з асабістага архіва Стася Сілкі.

08.12.2015 13:51, Музыка

МузыкаБеларусь

 







Витебский трансфер

Прастора в Витебске

Гурт waria прэзентуе новы трэк