«Любая няволя – толькі ў галаве»

01.10.2014 16:40, Музыка

Такой поўнай залі Арт-база “Vitebsk4Me”не бачыла даўно. Арганізатар Уладзімір Булаўскі сцвярджае, што гэтакая жа сама – калі няма куды не тое, што прысесці, а нават устаць – была толькі на канцэрце Паліны Рэспублікі. Радуе тое, што маладую, вядомую на ўсю Беларусь спявачку абыйшоў наш Стась Сілка. Нягледзячы на тое, што студэнт-гісторык Віцебскага дзяржуніверсітэта вельмі хваляваўся, усё прашло звышцудоўна. У выніку – поспех і прызнанне, шчырасць і аўтограф-сесія, фурор і сподзевы на выхад першага альбома.

Песні песнямі, а вось даведацца шмат шчырага і часам нечаканага пра Стася Сілку можна менавіта з гэтага інтэрв’ю.

– Скажы, Стась, гэта першы твой такі вечар, публічны выступ?

– Насамрэч, я выступаю дастаткова часта. Гэта першы вялікі сольны канцэрт. Добра зладжаны, з добрай рэкламай.

– Адкуль узнікла такая ідэя?

– Перыядычна я выступаю ў Полацку. У Віцебску граю ў кампаніях ці на студэнцкіх вечарынах. Людзі пытаюцца, ці будзе калі-небудзь нармальны, паўнавартасны канцэрт. І вось атрымался, што з’явілася магчымасць, жаданне – усё супала. Зоркі сышліся.

– Ты, пэўна, даўно займаешся музыкай…

– Наколькі я памятаю год з сямі ці нават шасці. Аднак маці мне распавядала даволі цікавыя гісторыі: калі я быў яшчэ немаўляці – яна ведала, што я буду музыкантам. Калі яна вазіла мяне ў люльцы па Наваполацку і мы праходзілі каля музычнай школы, то, чуючы гук інструментаў, я пачынаў «танчыць» пад яго. Тыпу, я малы ўжо адчуваў музыку. «І калі іншыя малыя дзеці верашчаць, калі нараджаюцца, – узгадвала маці, – то ты чыста крычаў. Я не сумнявалася». Напэўна, тады я і стаў займацца музыкай. Потым у школе іграў на цымбалах, у музычнай школе – на розных ударных, на ксілафонах, металафонах… Ну а потым стаў займацца гітарай, і вось ужо год дзясяць гэта працягваецца.

– Чаму ты ўзяў у рукі класічную гітару, а не што-небудзь больш арыгінальнае?

– У мяне старэйшы брат грае на гітары. І быў час, калі да бацькоў прыходзілі сябры, вялікая кампанія, і ўсе прасілі яго паграць. Ён граў, я спяваў – «апладзюс» яму. Несправядліва! Карацей, зайздрасць банальная мяне падштурхнула да таго, што трэба вучыцца граць. І па выніках – брат прызнае, што я граю лепш за яго.

– Ты пачаў граць на гітары і неяк адначасова з’явілася нешта самому стварыць?

– Першы верш, які зрабіўся песняй, напісаў класе ў пятым. Гэта было нешта пад уплывам сатанічнага року. Нейкая страшная мура пра райскіх птушак. У дзясятым-адзінаццатым класе я стаў больш чытаць, больш слухаць нармальнай музыкі. І пачалі з’яўляцца цікавыя думкі, як мне падавалася. Я стаў афамляць іх у песні. Але я не так шмат пішу, нават вельмі мала, у параўнанні з большасцю выканаўцаў. Стараюся адразу адкідваць тое, што мне падаецца дном. Таму людзям часам падабаюцца мае песні.

– Мала – гэта колькі? Колькі ты зараз маеш у сваім рэпертуары?

– Калі лічыць з усім стар’ём, то песень 25. Калі тыя, што я часцей выкарыстоўваю, – 12, напэўна. Альбом, фактычна.

– Калі б была зараз магчымасць стварыць альбом, ты б узяўся за гэта?

– Ёсць спроба... Самапальны, у традыцыях рускага року і панку – абсалютна падпольна. Нават ідэя назваць ёсць «Песні для глуханямых».

– Чаму?

– Вось такая самакрытычнасць.

– Такая назва нагадвае адразу гурты «Звуки му» ці «Ногу свело»…

– Не, я не магу сказаць, што раблю нешта падобнае і па духу, і па форме. Можа, настрой быў такі, але ідэя падабаецца…

– Пры сачыненні музыкі ты карыстаешся акордамі ці ўсё ж такі дастаткова добра ведаеш музычную грамату, каб граць па нотах?

– Раней я карыстаўся выключна акордамі, а зараз пашырыўся вопыт… І больш шырока пальцы бегаюць па грыфе. Гэта ўжо не стандартны набор – Ам, Ем, Dм, а нейкія варыяцыі, і я не ведаю, як іх насамрэч назваць… Уласна кажучы, я сабе і мэты такой не ставіў. Усё захоўваецца ў галаве.

– Пра што ж ты пішаш? Пра жыццё, пра каханне, пра дзяўчат?..

– Пра настрой. У мяне ўсе песні настрою. Мяне натхняе ўсё, што выклікае мяне эмоцыі. Рэзкая эмоцыя, негатыўная ці пазітыўная, выклікае ідэю. Ці нейкі вобраз. Пасля вобраз і настрой складаюцца ў адное – і атрымліваецца песня. Быў аднаго разу такі напружаны момант, калі за два тыдні я напісаў тры песні. Прычым, яны мне і зараз рэальна падабаюцца.

– Што слухаеш на сённяшні дзень?

– «Сплін», Барыс Грэбеншчыкоў…

– А з беларускай музыкі?

– Панкі розныя, «Глюкаў», якіх тысячу год няма… Гарадзенскіх «Людзей на балоце», напрыклад… NRM старыя песні, «Крамбамбулю», альбом «Драбадзі- драбада»… Часам песні, якія пішуць мае сябры, – з дзесяці па дзве-тры. Яны ёсць у тэлефоне. Прыемна ўсведамляць, што ты з гэтымі людзьмі знаёмы.

– Мяркуеш, развіваць сваю папулярнасць?

– Так. Ёсць планы на Гародню, бліжэй да зімы. На Менск ёсць планы. Трэба выступаць, пашыраць аўдыторыю. Калі граеш сам сабе, тады тухлееш, на мінус сыходзіш, варышся ў сваім соку. Калі выступаеш – бачыш рэакцыю. Трэба творчасць паказваць людзям, бо яны, нават калі гэта блізкія сябры, таксама натхняюць, ідзе абмен энергетыкай. Гэта насамрэч ёсць. Гэта не нейкая фантазія паэтычная.

– У Віцебску ёсць клуб аўтарскай песні пры КДЦ. Ці маеш ты з імі нейкія кантакты?

– Зараз не, але на першым курсе сябры з пятага ўзялі мяне ў свой ансамбль. Гэта было вельмі сумна. У выніку супрацоўніцтва ніяк не скончылася. Я ўвогуле не лічу сябе бардам ці аўтарам-выканаўцам. Мне гэтыя азначэнні не падабаюцца. Я не магу назваць сябе неяк.

– Проста – Стась Сілка…

– Так. Адным часам я спрабаваў выкарыстоўваць тэрмін «пясняр». Аднак гэта задужа крута.

– Адкуль узнік такі псеўданім – Стась Сілка?

– Стась – гэта проста форма ад Станіслаў. А Сілка – такое было прозвішча ў аднаго майго прашчура Васіля Сілкі. Гэта не псеўданім, а вяртанне да каранёў. Нягледзячы ні на што, я мяркую застацца ў Беларусі. У любым выпадку. Ёсць такая вядомая прымаўка: дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся. Я абсалютна прытрымліваюся яе. Будзе тут горача ці солана – тут усё маё. Часам выязджаю ў Смаленск. Здаецца, ну што там таго Смаленска – 100 кіламетраў ад Віцебска?! Аднак выходзіш і адчуваеш сябе чужым, там ты ніхто. А тут ведаю, што я гаспадар. Адачуваю адказнасць і свабоду. Мне падаецца, што любая няволя – толькі ў галаве. Можна рабіць амаль усё, што ты хочаш. Усё можна рабіць тут, і я буду жыць тут.

– Ці ёсць якая вялікая жыццёвая мэта?

– Хачу, каб маім унукам казалі, напрыклад: «Бачыш вось тую яблыню. Яе твой дзед Станіслаў Ігаравіч пасадзіў». Каб людзі, пасля таго, як мяне не стане, памяталі. Не абавязкова быць вялікім музыкантам, а проста каб людзі памяталі на ўзроўні суседзяў. І тады я змагу сказаць ужо адтуль, што ўсё – па кайфу, я зрабіў усё правільна.

Тэкст: Алесь Дзвінскі

01.10.2014 16:40, Музыка

 







Прастора в Витебске

Гурт waria прэзентуе новы трэк

Кінафестываль “Паўночнае ззянне”