«Я – беларускі артыст, і мне важная беларуская аўдыторыя»

19.11.2014 08:06, Музыка

Чым прывабіць беларусаў да беларускасці? Абсурдна гучыць, праўда? Аднак анічога не паробіш – такі наш час: трэба даказваць, што сваё трэба любіць, а не штурхаць у каршэнь. Ёсць сподзеў, што тыя, хто наведаў віцебскі выступ музыкі і кампазітара Зміцера Вайцюшкевіча, зразумелі і самі будуць прыкладам паважнага стаўлення да роднага. Дзякуючы прыезду вядомага беларуса, віцебскія курсы «Мова нанова» наведала як ніколі шмат людзей.

Іранічныя жарты, арыгінальныя імправізацыі з элементамі шоў і, вядома, бясконцая рамантычнасць – вось гэта і ёсць Вайцюшкевіч. На сустрэчы ў «Задзвінні» спявак распачаў з песень чэшскага барда Яраміра Нагавіцы. Дарэчы, у яго рэпетруары ёсць песні на вершы Маякоўскага і на японскую паэзію. «Важна адкрываць новыя краіны, – адзначае Зміцер. – Чэхія нам патрэбна таму, што кантэкст «Беларусь – Чэхія» вельмі прыгожы. Яны першыя прызналі незалежнасць нашай маленькай тады яшчэ краіны БНР. Ларыса Геніюш там была. У 1996 годзе я сам праязджаў з «Палацам» праз Чэхію…». Рыхтуецца праграма чэшскіх песняў па-беларуску ў перакладзе Віталя Воранава і Андрэя Хадановіча.

Падчас выступу – жартам і ўсур’ёз – Зміцер Вацюшкевіч казаў пра тое, што мае жаданне і намер выступіць у Віцебскай абласной філармоніі. Ну што ж – будзем чакаць вельмі!

Асаблівае ўражанне атрымала публіка ад песень з альбома беларускага шансона «Варанок», ідэю якога падказаў Вацюшкевічу сам Генадзь Бураўкін. На яго ж словы напісаны твор «Дачакайся, матуля», які стаў сапраўдным сінглам. І ўся віцебская аўдыторыя паўтарала цёплыя, пяшчотныя словы. Аж да слёз!..

У абарону беларускіх мужчынаў Зміцер Вайцюшкевіч заспяваў «Ты – залаты!». «Варта шукаць лепшыя бакі, бо выміраюць мужыкі. Гэта сур’ёзная праблема, – казаў госць, звяртаючыся да жанчын. – Калі хоць раз на дзень жанчына будзе казаць свайму мужчыну: «Ты – залаты!», – то мы будзем жыць лепш. Трэба хваліць мужыкоў – нават у крэдыт».

Скончыўся канцэрт знакамітай «Бывайце здаровы!». І гучнымі доўгімі апладысментамі.

Пасля канцэрту Зміцер Вайцюшкевіч адказаў на колькі актуальных пытанняў.

– Чаму, па меркаванні Зміцера Вайцюшкевіча, беларусы не размаўляцюць па-беларуску?

– Ёсць некалькі версій, і кожны прытрымліваецца сваёй. Пакуль, мне здаецца, не «сільна» яны хочуць. Можна доўга спрачацца пра «сваё – чужое». Свайго ў беларусаў хапае літаральна на тое, каб «узяў, купіў,пайшоў». На ўсё астаняе трэба прыкласці нейкія намаганні.

– Спадзявацца?

– Трэба вучыцца, трэба цвічыць, як кажуць палякі (Заўвага аўтара. Трэніравацца). Гэта адна прычына. Другое – што напрацягу апошніх дваццаці гадоў нічога, ніякага зруху, акрамя ініцыятыў прыватных, у гэтай справе не робіцца. Нягледзчы на тое, што ёсць школа, бібліятэкі… Таму што калі б (гэта так банальна!) каб «начальства» пачало размаўляць, трэба, каб самы галоўны начальнік пачаў увесь час карыстацца.

Чаму усім здаецца, што калі чалавек пачые карыстацца мовай, то ён робіцца нейкім там нацыяналістам? Гэта было б добрым знакам для тых, хто выконвае загады ў Віцебску, Магілёве, у Гомелі… Паўсюль ёсць свае суполачкі, дзе, нягледзячы, што складана, яно жыве.

– Што трэба зрабіць, каб зварухнуліся беларусы, пачалі размаўляць?

– Па-першае, нешта ўжо робіцца на сваіх месцах. Гэта ж не толькі ад артыстаў залежыць ці ад паэта Някляева, які пайшоў у палітыку… Гэта залежыць ад агульнага стану. Калі ў 1994-м годзе Ярмоленка спяваў ў Маладзечне на фестывалі «Песні паэзіі» «Як далёка нам да Беларусі…», я тады быў малады, гарачы, і мне задвалася: «Што ён «нясе»?! Вось яна Беларусь!»

Аказалася, што гэта такі цяжкі, няпросты шлях – займацца беларускімі справамі. І для артыстыў, і для тых, хто адчувае як сваё. Камерсанты, чынавенства, той самы Латушка… Гэта ж не проста поза: ён амбасадар і таму размаўляе па-беларуску. Усё ж такі сэрца кліча і патрабуе. Гэта складана, нудна, з перашкодамі, але менавіта гэта любоў да свайго, павага да ўсіх астатніх – з веданнем таго, што ты любіш…

– Захацелася беларусу размаўляць па-беларуску… З чаго яму пачаць, каб не саромецца, каб смела пайсці?

– Закахацца трэба ў беларуску. У мяне быў такі момант жыцця, што мне вельмі хацела ў ложку размаўляць па-беларуску. Быў такі момант і не раз (смяецца).

Атрымалася?

– Так. Мовы можна вучыць і ў ложку таксама. Не толькі падчас самога працэсу.

– Зміцер, ты сам з’яўляешся прыкладам беларускасці…

– Недасканналым!

– А ёсць музыкі, пісьменнікі, якія з’яўляюцца для цябе прыкладам?

– Я шчаслівы: гэта мае сааўтры, калі яшчэ былі жывымі. Акрамя Уладзіміра Караткевіча, якога я не застаў. Але пра яго Барадулін шмат расказваў, Някляеў, Бураўкін расказваў пра Караткевіча і пра Быкава… Таму тут не трэба выдумляць нейкіх зорных, недасяжных прыкладаў.

Гэта тыя жывыя людзі і тыя, якія сышлі, але якія нешта пасля сябе пакінулі: матэрыялізаваныя вершы, песні, п’есы ці што заўгодна... Тыя самыя «Тутэйшыя» ў тэатры імя Янкі Купалы, нягледзячы на тое, што акцёры па-за сцэнай амаль не размаўляюць па-беларуску… Але і там працэсы ідуць, яны заўсёды ішлі.

Другое пытанне, што антрапалогія гэтых ўсіх спраў досыць складаная. Спецыялісты даследуюць пакуль што па вяршках, а калі капаць глыбей – улада не дае… Калі ўзгадваць толькі адзін раз на год, што такое нацыянальнае адраджэнне, нацыянальная ідэя – 6-га студзеня, калі ўручаецца прэмія (Заўвага аўтара. Прэмія «За духоўнае адраджэнне»). То не трэба нічога выдумваць. Вось на гэтых сценах усё паказана. Тут багатая гісторыя. Гэта як з мужыкамі: трэба паверыць у свае сілы, каб жанчына казала: «Ты – залаты! Хоць і не дасканалы…»

– Тры з паловай гады спявак не мог выступіць з сольным канцэртам у Беларусі. У рэшце рэшт, напрыканцы кастрычніка ў Мінску, у Палацы культуры імя Шарко атрымалася.Мінскія сябры казалі, што Зміцер Вайцюшкевіч на канцэрце ледзь не плакаў – ці то ад радасці, ці ад таго, што доўга не выступаў на сцэне… Якія былі адчуванні праз тое, што ўрэшце атрымалася выйсці да вялікай аўдыторыі сваіх прыхільнікаў?

(Цяжка ўздыхае) Я плачу і па-за забаронамі. Таму што ў мяне такі характар – я магу сабе дазволіць не саромецца. Гэта раз. Па-другое, мне быў цесны касцюм. Таму гэта выглядала, быццам бы я хваляваўся. Па-трэцяе, канешне, я так даўно не сустракаўся са сваімі прыхільнікамі. Уяві сабе, калі ты каханую не бачыў чатыры гады, а яна цябе любіць, не пайшла з іншым, а прышла да цябе. Аўдыторыя – 550 чалавек, заплацілі грошы і хацелі яшчэ прысці. Натуральна, што ты будзеш хвалявацца. Я думаю, што гэта натуральны працэс.

– Дзе яшчэ ты плануеш выступіць?

– Я хацеў бы, пакуль ёсць магчымасць, выступіць паўсюль. Таму што ўжо можна пісаць кніжку… Макарэвічу я не маю права даваць парады, як адчуваць сябе забароненым. У прынцыпе, мы ўжо гэта прайшлі, а яны толькі пачынаюць. Бо нават калі ты меў ўсё гэта ў савецкія часы, то ўжо забыўся, – гэта вельмі хутка забываецца. Вось даваць парады, кансультаваць, семінары праводзіць для забароненых, тыпу Арбенінай і ўсіх астатніх. У жарт, канешне, можна.

Мне здаецца, кожны чалавек можа сабе даць рады, нават з такімі цяжкімі нюансамі, але гэта не самы лепшы варыянт. Усё ж такі я – беларускі артыст, і мне важная беларуская аўдыторыя. Не з’язджаць і дзесьці там даказваць. Тут усё ўжо даўно зроблена. Як з гэтай нацыянальнай ідэяй: трэба сваё шанаваць, хаця б не біць яго.

Тэкст і фота: Алег Сербін.

19.11.2014 08:06, Музыка

 







Рабіце змеяў, бярыце коўдры

Витебский трансфер

Прастора в Витебске