Малевіч для дзяцей

25.11.2016 17:50, Литература


На краудфандынгавай пляцоўцы Ulej.by запусціўся праект кнігі для дзяцей «Мастацтва Беларусі XX стагоддзя. Віцебская школа». Кніга прысвечана 7 беларускім мастакам ад Малевіча і Шагала, да Цэслера i Вашкевіча i  складаецца з ілюстрацый, біяграфій, казак, вершаў і гульняў. За 5 дзён кніга назбірала 30% ад сумы, неабходнай на выданне мінімальнага наклада. У якасці аўтараў у праекце прынялі ўдзел вядомыя пiсьменнiкi і дзеячы сучаснасці: Адам Глобус, Лявон Вольскі, Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч, Ганна Кісліцына. Арганізатары i аўтары праекта - каманда "Дзіцячых творчых майстэрняў" галерэі «Ў».



На сённяшні дзень зроблена ўся неабходная праца для выхаду кнігі ў свет. Засталося толькi яе надрукаваць. У ближэйшы час кнiга не з’явiцца на палiцах кнiжных крам. Яе магчыма толькi прадзамовiць да канца снежня на Ulej.by i атрымаць прыкладна ў канцы студзеня.

Беларускае мастацтва XX стагоддзя ў свеце вядома ў першую чаргу дзякуючы Віцебскай школе. За кароткі тэрмін у Віцебску адбылося шмат падзей: у 1919 годзе Марк Шагал адкрыў першую ў Беларусі мастацкую вучэльню. У тым жа годзе туды прыехалі выкладаць Эль Лісіцкі і Казімір Малевіч і неўзабаве стварылі творчую групу “Уновіс”. Гэта быў час рэвалюцыйнага і рамантычнага авангарду, час паўставання ўплывовых ідэй, якія да нашага часу маюць уздзеянне на мастакоў усяго свету.

«Нам хочацца не толькі пазнаёміць чытачоў з “Віцебскай школай”, але і паказаць эвалюцыю яе ідэй", - тлумачаць аўтары праекта. - "Сучасныя беларускія мастакі ў сваіх творчых пошуках часта звяртаюцца да набыткаў віцебскіх авангардыстаў. Таму ў кнізе вы знойдзеце постаці мастакоў з найноўшай гісторыі беларускай культуры».


Для каго гэтая кніга?

- Для першаклашак. Можна лічыць гэтую кнігу прасунутым падручнікам з сучасным падыходам да засваення інфармацыі дзіцяці ў гульнявой і займальнай форме.
- Для дашкалят. Яны будуць вывучаць мастацтва праз займальныя казкі.
- Для дарослых. Ніколі не позна пазнаваць нешта новае, асабліва разам са сваім дзіцём.

Чаму гэтае выданне стане настольнай кнігай 2017 года для вашага дзіцяці?

Чытаць яе можна раздзел за раздзелам, а можна адгарнуць на старонцы пра вашага любімага мастака ці наадварот – пачаць з таго творцы, пра каго вы зусім анічога не ведаеце!


У кнізе вы знойдзеце казкі, вершы, факты з жыцця мастакоў, а таксама гульні.

Казкі і вершы паводле карцін прыдумалі і запісалі вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі. Факты з жыцця выбітных творцаў пазнаёмяць вас з тым, калі, як і дзе жылі мастакі, а таксама пра іх творчы унёсак. Гульні дапамогуць дзецям зразумець некаторыя таямніцы мастацтва. У гэтай кнізе можна маляваць, з ёй можна гуляць, а яшчэ –варта чытаць, разглядаць і разважаць над ёй, каб зрэшты навучыцца разумець сучаснае беларускае мастацтва і ягоную “Віцебскую школу”.

Што такое "Дзіцячыя творчыя майстэрні"?

Гэта праект Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», створаны для дзяцей ад 5 да 12 гадоў.
Майстэрні – гэта лекцыі і майстар-класы для дзяцей, якія ладзяцца ў Галерэі «Ў» штонядзелю на працягу навучальнага года.

Мастацтвазнаўцы, дызайнеры і мастакі знаёмяць дзяцей з асноўнымі паняццямі ў мастацтве, прыкладнымі тэхнікамі, дзеляцца сваім вопытам і ведамі ў атмасферы творчасці, адкрытасці і ўважлівага стаўлення адно да аднаго!

25.11.2016 17:50, Литература

 







IFMC 2017

Свята для мясцовых

Віцебскі арнамент