Доза «Мовы»

29.09.2014 02:05, Литература

На вуліцы – увесь дзень дождж. А ў віцебскім бітлз-клубе «Паддашак» утульная атмасфера яшчэ і таму, што тут адбываецца першая прэзентацыя новага рамана Віктара Марціновіча – «Мова», аднаго з найбольш заўважных і папулярных сучасных творцаў беларускай прасторы.


Розгалас і пераклад

«Пісьменнік з’яўляецца апошняй персонай, каму трэба даваць права прадстаўляць уласныя тэксты. Гэта апошняя асоба, якая можа нешта ўцямнае пра свой тэкст распавесці», – сцвярджае Віктар, аднак з задавальннем распавядае пра сваю «Мову».

Такога розгаласу пра беларускамоўны твор у нашай краіне не было даўно. Гучыць даволі абсурдна ды сумна, але… Запушчаная 10 верасня, «Мова» накладам у 1000 асобнікаў разышлася за паўтары тыдні. Без рэкламных кампаній, дадатковых высілкаў і намаганняў, без прэзентацый. Для Віктара Марціновіча гэта асабісты рэкорд. Зараз запушчаны ў продаж ужо другі наклад кнігі. Радуцейся, людзі!

У рускамоўным варыянце раман выкладзены на мультылэйбле «Пяршак». «Асноўная інтэнцыя – каб да прачытання тэксту далучыліся людзі, якія не валодаюць беларускай мовай. А ў мяне адчуванне, што любая асоба, якая прачытае твор зробіцца асобай зацікаўленай нашай спадчынай, нашай літаратурай», – спадзяецца Віктар.

Ёсць рускамоўны варыянт і ў друкаваным выглядзе. Дарэчы, перакладчыца Лідзія Міхеева таксама завітала ў Віцебск.

Пра папулярнасць і знакавасць твора кажа і тое, што ўжо ёсць прапанова перакладу на англійскую мову, а сама кніга будзе прэзентавацца на пачатку кастрычніка на самым буйным у свеце кніжным кірмашы – Frankfurter Buchmesse 2014 (Франкфурт, Германія).

Віктар Марціновіч шчыра падзякаваў Уладзіміру Булаўскаму за тое, што першая прэзентацыя адбылася ў знакавым для аўтара Віцебску. Знаўцы ведаюць, што сваю навуковую дысертацыю на ступень PhD Віктар абараняў як раз пра віцебскі авангард пачатку ХХ ст.


Сюжэт не галоўнае

Дзеі рамана «Мова» адбываюцца ў Менску. Пасля аб’яднання Расіі і Кітая ўсе забыліся на Беларусь, большасці проста абыякава. Такой краіны не існуе – ёсць Паўночна-Заходнія землі. А беларуская мова знаходзіцца пад забаронай і пераўтварылася ў наркотык. Падсаджаныя на мову шукаюць апошнія кавалачкі тэкстаў, прачытваючы якія, атрымліваюць дзіўнае адчуванне кайфу. Дзяржнаркантроль імкнецца ўсімі магчымымі сродкамі спыніць гэтае ўжыванне, трымаючы апошнія варыянты беларускай літаратуры ў сваіх сховішчах. Галоўны героі – моўны наркот і просты чувачок, які цягае «кавалачкі» мовы з замежжа. І аднаго разу ў рукі кантрабандыста трапляецца сапраўдны скарб – адзін з перакладаў Уільяма Шэкспіра на беларускую мову, які ўтрымлівае страчанае значэнне слова «любоў»… Вакол гэтага і круціцца сэнс твора і яго сюжэт. Тут ёсць і кітайскія мафіёзныя трыяды, і Мінск, палову якога займае чайна-таўн, і мода, якая пераўтварылася ў рэлігію…

Віктар Марціновіч вырашыў поўнасцю тэкст не спойліць, пакінуць інтрыгу, але неаднаразова падкрэсліваў: «Мова» – раман не сюжэтны, твор спрабуе адказаць на балючыя культурніцкія пытання, якія наспелі ў беларускім грамадстве. Раман – не прагноз, а толькі навукова-фантастычная варыяцыя рэальнасці і будучыні.

Пасля невялічкага расповяду наведвальнікі прэзентацыі сталі сведкамі амаль фантастычнага (і магчыма, адзінкавага) відовішча, калі Віктар Марціновіч сам зачытваў урывак свайго твора. Такога шчэ не адбывалася, але нам пашэнціла.


Модная мова

А далей, адказваючы слушна і шчыра на пытанні, аўтар паведаміў многа цікавага. Асабліва пра мову.

«Мая задача была не тая, каб зрабіць балюча, хоць канец твора вельмі трагічны, такі, што хочацца неяк мову захоўваць. Аднак мая глабальная задача – перапазіцыянаваць мову і глянуць на яе неяк па-іншаму. Гэты тэкст інтэрпрэтуе мову не толькі як сродак камунікацыі, гэты тэкст працуе з мовай як з крыніцай асалоды. На жаль, капіталізм як мадэль, на жаль, сучаснасць прывучаюць нас да думкі, што самыя трывалыя – гэта тыя рэчы, якія прыносяць задавальненне. Менавіта ў якасці такой рэчы, маднявай, прапануецца мова. Я дапускаю, што зараз мы маем адраджэнне і людзей, якія маюць па-беларуску вельмі шмат. Адзіны мой боль, што любая мода як прыходзіць, так і сыходзіць. Прычым, калі прыходзіць на кароткі тэрмін, то сыходзіць назаўсёды…

З дапамогай размовы пра будучыню, пра мову як крыніцу кайфу я спрабую данесці нейкі станоўчы, грунтоўны мэсэдж: мова з’яўляецца срокам, на якім напісаны каштоўныя для нас тэксты беларускай культуры».


Скажонае ўспрыняцце

«Мой бацька з вёскі прыйшоў у горад. Ён не размаўляў на мове, бо на мове было размаўляць «па-калхазанску». Зараз мова трансфармуецца ў нешта зусім іншае, яна робіцца маркерам цывільнасці, культурнасці. Людзі, якія ў Менску размаўляюць па-беларуску, лепей апранутыя… Гэта хіпстэры, патэнцыйна новая хваля. Узнікае задавальненне іншай катэгорыі, калі мова робіца нечым прыемным, на ёй прыемна размаўляць. Менавіта да гэтага кшталту задавальнення я падштурхоўваю. Я шмат думаю, чаму ў нас так гістарычна ўсё праз адно месца. Чаму ў нас Каліноўскага не падтрымліваюць народныя масы? Чаму спробы нешта змяніць заканчваюцца вельмі «пячальна» пры маўклівым «адабрэнні» ўсіх астатніх?

Сама канцэпцыя мовы як кайфа сыходзіць з таго, што, згодна з Лаканам, мова ёсць структура нашага падсвядомага. Цалкам верагодна, што тыя, хто будуць на ёй размаўляць, адчуюць зрухі ў свядомасці. Калі я – гэта ёсць мова, то чаму мы не сыходзім з таго, што ўсе паняцці пра дабро і зло, белае і чорнае, добрае і благое – таксама скажоныя праз тое, што мы стала размаўляем на нянашай мове. І што, калі вось гэтае гістарычнае пракляцце, калі ўсё праз дупу, звязана з тым, што мы проста забыліся, што насамрэч ёсць каханне, сяброўства, еднасць?..»


Змены ў свядомасці

«Мова ёсць такой несубстанцыянальнай рэччу. Калі да яе звяртаешся, то яна цябе наўпроста змяняе. Калі вы спрабуеце вывучыць другую, трэцюю замежную мову, вы бачыце, што адбываецца з вашай свядомасцю. Другая мова дадае нешта прынцыпова іншае ў цябе. Файна было б для людзей, якія вошкаюцца з ёй як з модай: апранулі як пальчатку, папантаваліся, а потым знялі. А яе не здымеш, яна застаецца назаўсёды. Болей за тое – яна змяняе цябе назаўсёды. І краіну яна змяняе назаўсёды. Я дапускаю, што гучу тут зараз як кончаны нацыяналіст… Але я лічу, што мова гэта не проста сродак камунікацыі, мова – гэта яшчэ нешта. Вось пра гэтае нешта напісана вельмі шмат кніг, аднак канчатковага адказу няма. І адна з гэтых кніг – зараз перад вамі».


Антыўтопія або… ?

«Я сустракаўся з Сяргеем Ушакіным, кіраўніком праграмы ў Прынстынгскім універсітэце, і ён задаў вельмі цікавае пытанне: як вы можаце пісаць антыўтопіі, калі ў вас у грамадстве, у вашай дзяржаве няма ўтопіі? Утопія з’яўляецца звычайна бачаннем нейкага ідэальнага праекту будучыні, якой у нас няма. У нас няма будучыні. Ці хто-небудзь тут можа сказаць, што такое будучыня Беларусі ідэальная? Я вельмі баюся, што ніякай Беларусі праз 20 год не будзе. Таму гэты твор хутчэй накід нейкай страшна, непрыемнай, дзіўнай будучыні».


Сябруйце з кітайцамі

«Беларуская ўлада як праект спрабуе стасавацца з кітайцамі, думаючы, што яна разумнейшая за іх. Я першы раз сустрэўся з логікай кітайскай супольнасці ў Куала-Лумпуры ў 2000 годзе, калі апынуўся ў самым цэнтры чайна-таўна. Мне за некалькі сустрэч патлумачылі, што кітайцаў абдурыць немагчыма. Кітайцы – гэта мудрасць як такая, гэта моц як такая. Гэта разумнейшыя за нас, бо яны прайшлі праз значна большыя выпрабаванні, чым мы. Яны згаладаныя больш, чым мы, яны гатовыя працаваць за меншыя, чым мы грошы. Пры гэтым я хацеў бы падкрэсліць: я вельмі добра стаўлюся да кітайцаў і назву кніжкі прадказаў мой сябра-кітаец. Я проста заклікаю Беларусь не спрабаваць іх абдурыць… Аднак я не заклікаю засцерагацца кітайцаў – я заклікаю з імі сябраваць. Як роўныя партнёры».


Каб толькі не героем…

«Я ўпэўнены не прачнуся героем адраджэння новага стагоддзя. Многія крытыкі і крытыкесы зрабілі мэтай свайго жыцця выяданне маёй пячонкі. А потым будуць насіцца са сцягам таго, што былі асноўнымі папулярызатарамі Віктара Марціновіча. У Віцебску мы таксама гэта бачым… Я збіраюся фіналізаваць сваю манаграфію па Марку Шагалу. Мне здаецца, што ў гісторыі Шагала мы бачым усю беларускасць, мы бачым культурнага героя на ўсіх стадыях свайго панавання… Культурны герой можа быць ці босам тут, ці адным з тых беларускіх мастакоў, пра якіх пішуць на tut.by.І пры гэтым ён будзе поўным нічым за межамі Беларусі, таму што ён будзе несучасным, смешным, правінцыйным дуралеем. Ці то ён будзе ствараць рэчы, якія будуць прымацца на «ура!» ў Парыжы і пры гэтым тут яго будуць аплёўваць. Гэта тое, што мы бачым гістарычна апошнія трыста гадоў. Я не хачу быць тут культурным героем. Хай мяне не заўважаюць, хай пішуць нейкія дрэнныя рэчы. Я буду ведаць, што я ствараю нешта істотнае, я ствараю тое, што будзе добра канвертавацца ў сусветнай культуры».


Ці размаўляе ў рэале гопнік па-беларуску?

«У беларускай літаратаратуры вельмі няшмат фантастыкі. Сучасная беларуская літаратура хворая на эліцызм. Калі сучасны беларускі празаік сядае пісаць твор прозы, ён адразу адчувае сябе Джойсам, Кафкам…»

«Стварэннем утульных тэкстаў займаюцца ўсе мае старэйшыя калегі. Яны ствараюць тэксты, у якіх гопнікі размаўляюць па-беларуску ў транспарце. Камон! Камон! Хто ў гэтым горадзе размаўляе па-беларуску? Трэба абудзіць людзей. Для таго, каб будучыня была трохі іншай».

«Беларуская проза займаецца тым, што займае нейкія плямы ў беларускай жа прозе, якая насамрэч нікому не цікава, бо зацыклена на сваёй беларускасці».

«Я спрабую зрабіць беларускую літаратуру рынкава прывабным, шырокім праектам».

«Тэкстаў, якія будуць завязаныя на героі, які шукае ў сабе беларускасць, з’яўляецца падкрэсленым беларусам ці самой беларускасцю, болей не будзе. Ці зраблю вялікую паўзу, ці буду думаць у іншы бок…»

Два кітайскія іерогліфы на вокладцы кнігі суадносяцца па вымаўленні з двума складамі беларускага слова «мова». І адпаведна абазначаюць: «мо» – дахоўка, чарапіца, «ва» – атрамант, чарнілы. Як кажа Віктар, шмат хто ў Менску набівае сабе гэтыя іерогліфы, каб абазначыць сябе ў натоўпе не-беларускамоўных беларусаў. І каментар тут можа быць толькі адзін аўтарскі каментар: «Пэўныя рэчы можна сказаць толькі па-беларуску. Вось такі ў мяне пасыл, і я ні хера не магу гэта патлумачыць».


Тэкст: Алег Сербін
Фота: Антон Якаўлеў

29.09.2014 02:05, Литература

 







Выставка от журнала «Имена»

Дзень вуліцы

Первый беларуский медиахакатон