У горадзе Apocalypse

29.12.2015 16:34, Дизайн и Арт

18 снежня на youtube-канале Віцебскага танцавальнага калектыву “INFINITY” адбылася прэзентацыя кліпа “APOCALYPSE , які адразу ж набраў больш за 10 тыс. відэапраглядаў.

Месца для рэалізацыі сцэнара з постапакаліптычным сюжэтам было выбрана адпаведнае — закінуты цэментны завод каля Віцебска. Атмасфернае месца для хорар-увасабленняў, якое амаль не патрабуе штучных дэкарацый. Аўдыёсуправаджэнне складаецца з фрагментаў 15 трэкаў, адмыслова падабраных для дынамікі танца. Vitebsk4me пагутарыў з лідэрам “INFINITY” Кірылам Мархоткам.

У суполцы  “INFINITY” паведамляецца, што здымкі кліпа працягваліся 2 дні, аднак, колькі выспявала ідэя?

— Ідэя кліпа выношвалася яшчэ са жніўня, а падрыхтоўку да здымкаў пачалі ў лістападзе, у снежні ўсё было зроблена.  

Ці ёсць “карані” у гэтай ідэі, што натхніла: кіно, твор? Ці проста імпануюць экстравагантныя жанравыя рашэнні?

— Мяне вельмі ўразіў фільм "Шалёны Макс 4". Яго здымалі ў пустыні, ў Намбіі, і я вельмі жадаў адлюстраваць падобную атмасферу ў нашым кліпе. Дарэчы, першапачаткова і здымкі планаваліся на віцебскім даламітавым кар’еры. Але з прыходам зімы тэхнічна было б цяжка здымацца на вуліцы, таму ідэя трасфармавалася. А ў выніку мы атрымалі апакаліптычны свет з персанажамі ўпадабанага мне фільма, канешне, крыху з іншай атмасферай. Яна хутчэй блізкая па жанры да кампутарнай гульні “Сталкер” .

Колькі чалавек было задзейнічана ў пастаноўцы?

—У здымках задзейнічана амаль уся каманда, а гэта 40 чалавек! Да таго ж чалавек 10 тэхнічнай падтрымкі (стветавікі, дэкаратары, аператары, фатографы).

А як з кліматам?

—Было дастаткова халодна нават у самім памяшканні завода, але… гарэла вогнішча, грэўся чайнік, каньяк і пледы ўсіх ратавалі. Атмасфера, што панавала на пляцоўцы, выклікала мора пазітыву і нават казачнага адчування, што ўсе мы персанажы закінутага свету. Вельмі цешылі зрэдку праходзячыя побач з заводам людзі, якія са здзіўленнем глядзелі на бегаючых у палохаючых, а дзесці і вельмі адкрытых касцюмах людзей. Добра, што на нас не выклікалі адпаведныя службы, інакш прыйшлося б з цяжкасцю тлумачыць, што мы не секта, а проста апантаныя сваёй справай.

Красамоўны вынік працы  гэта вынік паўторных дубляў, альбо наадварот  экспромта? Наколькі цяжка было ўваходзіць/выходзіць з вобраза?

— Улічваючы, што гэта наша першая сюжэтная праца, то было шмат складанасцей як тэхнічных, так і ў плане распрацоўкі асобных роляў і вобразаў. Дзесці прыходзілася здымаць шмат дубляў, дзесці ўсё атрымоўвалася з першага. Самай вялікай цяжкасцю быў час. Сонца ўзімку ў зеніце знаходзіцца не доўга, таму прыходзілася рабіць усё максімальна хутка!

Маючы досвед увасаблення сваіх ідэй і на адкрытых пляцоўках, і ў камернай абстаноўцы, і ў відэа-фармаце, якая форма больш падыходзіць?

—  “INFINITY” — гэта мультыпрофільная супольнасць, нам падабаецца працаваць усюды, у любым фармаце, падабаецца натхняць маладое пакаленне займацца творчасцю. Мы робім усё самі, без дапамогі звонку. Таму, калі ёсць мары, ідэі, то ўсё рэальна.

Аднак ваша каманда складаецца з будучых лекараў: тэрапеўтаў, стаматолагаў . Далёкавата ад танцаў, ня лічаш?

—Мы прытрымліваемся такога погляду: добры лекар — усебакова развіты чалавек!

Заінтрыгуйце, якія планы?

— Адкрываю сакрэт адмыслова для VITEBSK4ME. Нас атэставалі на ўдзел у чэмпіянаце свету па вулічных танцах у Брытаніі, і мы афіцыйна будзем прадстаўляць нашу краіну ў жніўні 2016 года на сусветнай арэне. Зараз актыўна рыхтуемся, разлічваем толькі на перамогу! Здымкі новага кліпа запланаваны на вясну 2016 года,  зараз займаюся распрацоўкай сюжэту.

—  Дзякуй, Кірыл. Поспеху, “INFINITY”!

Гутарыла Ганна Базарэвіч

Фота з архіва калектыва

29.12.2015 16:34, Дизайн и Арт

InfinityБеларусьВитебсктанцы

 







IFMC 2017

Свята для мясцовых

Віцебскі арнамент