Затое Віцебск прыгожы

16.04.2014 01:16, Кино

Агульнае

Заўсёды думалася, што фільмы, прысвечаныя вялікім асобам, патрабуюць папярэдняй падрыхтоўкі. Крыху пачытаць, крыху паглядзець у альбомы, крыху пацікавіцца ў знаўцаў… Як і большасць, тое-сёе пра Шагала ды Малевіча я ведаў. Глядзеў спектакль у Коласаўскім тэатры ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага, дзе Марка іграе Генадзь Гайдук. Знаёмы і з супрыматычным мастацтвам Малевіча і яго паслядоўнікаў.

Пасля прагляду новай стужкі стала зразумела: гэты фільм не для мастацтвазнаўцаў, не для мастакоў, не для аматараў-інтэлектуалаў… Гэты фільм — для ўсіх. Прыгожая папсовая гісторыя, якая рассыпаецца і ніяк не складаецца ў адное цэлае. Шукаць вінаватых? Не варта. Самае моцнае пачуццё, якое засталося, — пачуццё шкадавання, што віцебскае мастацтва ў адлюстраванні двух яго пачынальнікаў так і не змагло дастаткова годна адбыцца на кінаэкране.

 

Назва

Што б ні казалі, фільм усё ж такі пра Шагала. І Малевіч там толькі для таго, каб паказаць яшчэ адзін бок жыцця Марка. Марка-каханага мужа, Марка-грамадзяніна і камісара мастацтваў, Марка-настаўніка, Марка-віцебчаніна… Шагала-мастака, як я не імкнуўся, так і не ўбачыў. Можа, прагледзеў…

І наадварот: Малевіч — заснавальнік супрыматызму — паказаны выключна як мастак. Ад першага кадра — да апошняга. Ён быццам сам суцэльнае мастацтва, ягоная праява, альфа і амега, і іншым катэгорыям у ім няма месца. Таму і адкрытага супрацьпастаўлення паміж двума знакавымі для Віцебска асобамі не было бачна, яны ўспрымаюцца ў розных вымярэннях.

Малевіч у фільме з’явіўся, магчыма, каб падкрэсліць простае, шчырае, рамантычнае, недзе нават цнатлівае ўспрыманне рэчаіснасці Шагалам. Магчыма, у гэтым супрацьстаянне, якое падкрэслівае апошняя сцэна падзелу свету на віцебскае неба Шагала і ўсю зямлю-космас Малевіча. Але ці дае гэта падставы называць фільм «Шагал-Малевіч»? Больш да месца адзін з першапачатковых варыянтаў — «Міракль пра Шагала» (ад лацінскага miraculum — цуд). Для Віцебска ён сапраўды з’яўляецца ўвасабленнем цуду, легендай, мастаком, які на некаторы час жыцця спусціўся з неба на зямлю.

 

Акцёры

На фоне іншых герояў фільма Марк Шагал, створаны Леанідам Бячэвіным, губляецца. Моцнай эмацыйнасцю перацягвае на сябе ўвагу сябра дзяцінства, чырванармейскі камісар Навум (Сямён Шкалікаў), да жудасці закаханы ў Бэлу. Хвалюе і прымушае сачыць за кожным сваім рухам наватар Казімір Малевіч (Анатоль Белы). Нават ролі другога плану выглядаюць больш прапрацаванымі, багатымі. Напрыклад, рэбе Іцык (Дзмітрый Астрахан) і яго сын Лёва…

Караля стварае світа. У нашым выпадку світа аказалася больш прывабнай, і кароль у невыгодным становішчы. Незаўважна, неяскрава, незапамінальна.

Тое самае можна сказаць і пра Хрысціну Шнайдэрман, якая спрабавала выканаць ролю Бэлы. Спроба, як кажуць, — не хвароба. Але нават актрыса, якая іграе Соню, вучаніцу Шагала, прыцягвае ўвагі значна больш. І незразумела ў выніку, хто пад каго падстройваецца — шаблонны Шагал пад шаблонную Бэлу, ці наадварот.

 

Віцебск

А вось Віцебск мне спадабаўся. Вядома, я не гісторык і не змагу ацаніць адпаведнасць працы рэжысёра падзеям пачатку мінулага стагоддзя. Больш за іншае ўразіла іранічнасць, з якой рэжысёр Аляксандр Міта паказаў тую рэчаіснасць. Іранічна і рамантычна. Горад змаглі прапітаць патрэбным творчым салёна-салодкім сокам. Пералом эпох даваў магчымасці, пералом эпох іх жа нішчыў.

Віцебск ў бачанні Аляксандра Міты паўнавартасна можна назваць яшчэ адным героем фільма. Спадзяюся, што для самога месца ў будучым удзел у стужцы сыграе пазітыўную ролю.

 

Колер

Больш за адзін раз глядзець фільм не хочацца. А калі і глядзець, то не на Шагала і нават не на Малевіча, а на колеры.

Пэўна, дзякуючы лічбавым тэхналогіям, а ў першую чаргу — майстрам каларыстыкі, фільм пакінуў уражанне вялізнай вясёлкі, у якой пераліваюцца ўсе адценні свету. Калі робіцца не цікавым сюжэт ці ігра акцёраў, можна проста сачыць, як пераўвасабляецца, гарманічна змяняецца ўсё навокал герояў. Дамы, каровы, жыта, твары, неба, рукі, карціны, вочы… На мой погляд, шэдэўральна! У пэўныя моманты проста ўзнікала жаданне выцягнуць рукі і прасунуць у экран, каб яны таксама афармаваліся, пераліваліся, а потым папырскаць навокал усю залю.

 

Эпілог

Шкада, што апошні фільм Аляксандра Міты такі, які ёсць. Ён мог бы быць лепшым. Калі б больш грошай, супрацоўніцтва, жадання, яшчэ нечага… Гэта — фільм пра Шагала-чалавека, якога хочацца зведаць як мастака. Магчыма, такой была задума рэжысёра. Калі так, то яна спраўдзілася. Калі не, то масаваму гледачу фільм спадабаецца (і так і ёсць), а іншым будзе проста шкада. Што Шагал не паўстаў такім, як Ван Гог ці Полак, што не знайшлася тая самая Бэла…

Тэкст: Алесь Замкоўскі

16.04.2014 01:16, Кино

vitebskChagall

 







Выставка от журнала «Имена»

Дзень вуліцы

Первый беларуский медиахакатон