Futurama па-беларуску

03.04.2012 23:47, Кино

Хто, дзе і навошта перакладае знакаміты мульт на беларускую мову.

Колькі тыдняў таму, поўзаючы ў пошуках шчасця па сацыяльнай сетцы, натыкнулася на адну з серый горача любімага не адным пакаленнем жыхароў Зямлі амерыканскага навукова-фантастычнага мульта “Футурама”. Так і прасядзела перад экранам колькі гадзінаў. І не таму, што выдалася нагода ўзгадаць хітраспляценні лёсаў Фрая, Лілы і Бэндара: галоўныя героі, дый, наогул, усе жыхары Нью-Ёрка 31 стагоддзя, а з імі і жыхары Сусвету, размаўлялі па-беларуску! Пры гэтым пілі “Аліварыю” дый здымалі грошы з дапамогай БелКарты. І, Божачкі, так гэта было шкварна, што захацелася высунуць галаву з вакна і гучна закрычаць на ўсё наваколле пра зробленае мною адкрыццё. Аднак час быў ужо зусім не прыдатны для крыкаў, дый нагода знаёмства з мясцовым участковым таксама душу не грэла.

Вось і скіравала я сваю энергію на пошукі людзей, якія зрабілі такую карысную справу – пераклалі сатырычны мульт на беларускую мову. І Космас апынуўся на маім баку: чароўная і светлая дзевачка Вольга у хуткім часе згадзілася распавесці хто, дзе і навошта вырашыў перакласці чарговага “дзіцёнка” Мэта Грэйнінга і Дэвіда Коэна на родную нам з вамі мову.

VizhШто натхніла на пераклад? З чаго ўсё пачалося?

Вольга: Недзе 3 гады таму я пераходзіла на карыстанне беларускай мовай у паўсядзённым жыцці, і для навучання мне вельмі не хапала менавіта беларускамоўнага мультымедыя матэрыялу, асабліва яго гутарковага ладу. Тады ўпершыню з’явілася ідэя агучвання, але я не ўяуляла, што буду гэтым займацца. За справу мы ўзяліся  прыкладна ў снежні 2011 г. Было моцнае жаданне нешта зрабіць для краіны, для мовы і для аднаго чалавека, якога клічуць Влад Каляда. Яго ўжо няма ў жывых, ён памёр ад раку. Гэта неверагодны чалавек. Яго энэргія, таленавітасць, мужнасць, працавітасць, дабрыня мяне вельмі ўражвалі і натхнялі. Такога чалавека рэдка калі сустрэнеш, і я ганаруся, што ён быў маім сябрам. Мабыць, менавіта праз яго, гэта справа не спынілася на пачатковых этапах.

V: Чаму менавітаФутурама? 

В: Мне падабаюцца мульцікі. А “Футураму” я выбрала  таму, што яна вясёлая і фантастычная. Акрамя гэтага, у мультсерыяле ўздымаюцца праблемы сучаснага грамадства. Хацелася б, каб навукоўцы пачалі працаваць над стварэннем шмат якіх футурамных вынаходніцтваў, напрыклад, нюхаскопа і падаўжальніка пальца (смяецца).

V: УсюФутурамуперакладаць будзеце?

В: Пакуль не магу сказаць. Наогул, спачатку не ведала, ці атрымаецца. Думала зрабіць пару экперыментальных серый, але потым гэты працэс  так зацягнуў, што цяпер цяжка спыніцца.

 

V: Хто вы - студэнты, працоўны люд? Маеце філалагічную адукацыю ці не?  

В: Мы ўсе працоўныя людзі. Збіраемся пасля працы ў вольны час і ніякага дачынення да філалогіі не маем.

V: Якім чынам робіцца пераклад? Ці затратная гэта справа – перакладаць?

В: Спачатку пераклад рабіла я адна. Потым мне пачаў дапамагаць валанцёр з кантакту. А цяпер ужо тэксты новых серый “Футурамы” выкладзены на сайце translated.by, дзе кожны жадаючы можа паўдзельнічаць у перакладзе. Пераклад ажыццяўляецца з ангельскай мовы. Што датычыцца агучвання – адразу нас было двое, але мы вырашылі, што Лілу і Фрая павінны агучваць розныя людзі. І вось цяпер нас тры чалавекі… і адзін ноўтбук. Мікрафон і мікшар мы пазычылі ў сяброў, неабходныя для запісу праграммы і арыгіналы серый мы спампавалі ў інтэрнэце, таму для нас гэта было не затратнай справай. Апрацоўка адной серыі займае недзе 2-3 тыдні. Усе  залежыць ад наяўнасьці вольнага часу ў удзельнікаў перакладу.

V: Навошта выкарыстоўваеце “недакладнасці” ў перакладзе: ўзгадваеце пра БелКарт, Аліварыю і г.д.?

В: Недакладнасці – гэта каб адаптаваць “Футураму” да нашага гледача, ну і каб унесці нейкую разыначку.

V: Што хочаце сказаць сваім перакладам?

В: Хочам, каб людзі ўбачылі, што можна размаўляць на беларускай мове ў паўсядзённым жыцці. Што гэта цікава і вельмі прыемна.

V: Калі чакаць афіцыйнага выхаду запісаў “у свет”?

В: Пра афіцыйны выхад мы, па-праўдзе, і не думалі. Але калі з’явіцца такая неабходнасць і жаданне ў людзей, падумаем. Наогул, калі ўжо выдалася такая магчымасць, хачу сказаць усім: не бойцеся ажыццяўляць сваі ідэі, нават самыя неверагодныя. Галоўнае - распачаць, не ленавацца і не спыніцца перад першымі перашкодамі.

Vizh

Глядзець Futuramu па-беларуску тут

03.04.2012 23:47, Кино

FuturamaперакладФутурамабеларуская моваБеларусь

 







IFMC 2017

Свята для мясцовых

Віцебскі арнамент