Краіна для паштовак

19.06.2014 21:10, Фотосет

Міша Цітоў збаразніў Грузію ўздоўж і поперак, як Саламея Пільштынова Турэччыну. Увесь час вандроўкі ён актыўна працаваў не толькі галавой, але і плёначным фотаапаратам. Што не картка, то паштоўка. І пад кожнай паштоўкай ідзе свая гісторыя, якую вы можаце пачытаць у галерэі. 

Нам ён крыху распавёў пра асаблівасці вандроўкі аўтаспынам па краіне тостаў, крыжоў і ваенных канфліктаў. А яшчэ пра горы, мора вады і віна, фунікулёры з каровамі дый касмічную архітэктуру Батумі. Пасля такога фотасэта надыходзіць самы час даставаць кеды з шафы і выпраўляцца ў падарожжа.

Крыху пашпартнага кантролю: грамадзянам Беларусі віза ў Грузію не патрэбная, таму можа раслабіцца, консульскія справы — гэта не пра нас. Але ёсць некалькі «але» — перасякаць мяжу можна толькі на транспарце, таму пра нетаропкую хаду праз памежны пост, як, напрыклад, здаралася з табой на шляху ва ўкраінскі Крым, прыйдзецца забыць. Чым прасцей будзе твар, які пабачыць памежнік у акенцы, тым лепш. Грузінскія  ахоўнікі мяжы нярэдка давяраюць уласнаму меркаванню, і, калі ты ім нечым не спадабаўся, могуць спакойна развярнуць цябе ў бок Радзімы. 

Грашовае пытанне: Канечне, чым больш грошай, тым лепш, але калі ты аўтаспыншчык — можаш увогуле раслабіцца. Цябе будуць бясплатна вазіць, карміць і класці спаць — грузінская гасціннасць не дарма вядомая ва ўсім свеце. У такім выпадку за два тыдні ў Грузіі ты можаш патраціць каля 300  даляраў. Прадукты каштуюць адносна няшмат, фрукты, гарэхі дый сярэдняе па якасці віно — вельмі танныя. Да таго ж, заўсёды можна пераночыць у адным са шматлікіх праваслаўных манастыроў. У гэтым выпадку будзь гатовы да абавязковага наведвання вячэрняй службы. Але калі яшчэ выпадзе шанец папрысутнічаць на старажытнай грузінскай службе ў храме, узрост якога вылічваецца тысячагоддзямі?

Доўгая дарога да мора. Неяк напачатку восені Мішу патэліў стары знаёмы дый запрасіў яго заспыніць у горы. Той згадзіўся. Народу збіралася даволі шмат, але, як водзіцца, у шлях выбраліся нямногія. Міша выйшаў на трасу разам з Андрэем — яшчэ адным прыяцелям па вандроўках. Праз пяць дзён мальцы ўжо падмярзалі на кастрычніцкіх вятрах дзесьці пад Варонежам.

Спачатку Андрэй і Міша вандравалі ўдвух, але ў Грузіі да іх далучыўся карэнны масквіч Лёха, які на дадзены момант з’яўляецца (!) служачым канадскай арміі. На Лехіным джыпе рабяты і ганялі па гарах і лясах у пошуках прыгод, віна і тостаў, канешне. За два тыдні вандроўкі было пераадолена адлегласць, амаль роўная даўжыні рэчышча Амазонкі — 6250 км. Віцябляне ніколі не баяліся сусветныхі маштабаў.

«Ніякіх мэтаў пабачыць нешта ці наведаць у Грузіі  не было, — пасміхаецца Міша, — Хацеў паглядзець краіну, у якой раней ніколі не быў, на культуру іншую, пафатаграфаваць. Ведаеш, калі ўвесь час знаходзішся ў адным асяроддзі, у пэўны момант ужо нічога не хочацца. А тут — новыя месцы, нешта паглядзеў, нешта сфоткаў. Я б яшчэ не раз туды з’ездзіў, бо шмат чаго не пабачылі. Сумую па гарах. Калі ты там быў хаця б раз, то хочацца вяртацца зноў і зноў».

Здымкаў, як і водзіцца ў фатографаў, Міша назапасіў шмат. І, зразумела, што не фатаздымак, то своеасаблівая гісторыя,  якіх у хлопца бясконцая колькасць. Таму глядзім фотасэт і выпраўляемся ў віртуальнае падарожжа па Грузіі. 

Тэкст: Vizh
Фота: Міша Цітоў


Усе надпісы ў Грузіі на грузінскай. Так, шматлікія з іх дублюцца ангельскай, але калі руская — адзіная замежная мова, якую ведаеш — вельмі складана. Я спрабаваў у гэтых караўках разабрацца, дзе літара “а”, дзе “б”, але, калі шчыра, без асаблівых поспехаў. Хаця ёсць падобныя словы. Напрыклад, віно па-грузінску — гэта гвіна.

Гэта Наташа і яе гаспадарка. Жыве з хворым мужам у Чакві. Мы з ёй пасябравалі. Хадзілі да яе па хурму, інжыр і грушы. Наогул, ніхто ні разу не выказаў прэтэнзій, чаго гэта я тут з Беларусі на іх зямлю прыперся. Нхто не хацеў мяне прагнаць ці зарэзаць. Наадварот, людзі там вельмі ж гасцінныя — усё табе аддадуць. Часам нават хацелася рэгулятар гасціннасці паменей зрабіць, каб меньш насядалі.

Вось у такім пакойчыку ў манастыры Давід Гарэджы мы заночылі.

Горад Ахалцыхе. Тут вельмі прыгожая крэпасць Рабат.

Неяк ехалі праз Алазанскую даліну. Спыніліся каб зайсці ў адзін з манастыроў. Калі спускаліся з серпанціну і ішлі да машыны, пабачылі людзей, якія нешта святкавалі. Яны нас паклікалі да сябе. Андрэй не пье, Леха за стырном — прыйшлося мне аддзімацца за ўсіх. На наступны дзень я быў, мякка кажучы, не ў лепшай форме.

Праваслаўныя манастыры — асобная размова. У Грузіі іх шмат, і ў іх заўсёды можна заночыць. Толькі што жанчыну ў мужчынскі манастыр ніколі не пусцяць. А мужчыну — ў жаночы.

Бераг Чорнага мора. Каровы тут паўсюль. Ходзяць самі па сабе, без аніякіх пастухоў. Яны збольшага карычневага колеру і па памерах меншыя за беларускіх.

Манастыр Давід Гарэджы. Мы тут ночылі.

Неяк патрапілі ў прыдарожную кавярню, якую трымалі польскія рабяты. Рабяты былі вельмі цікавыя, асартымент у кавярні – небагаты, а вось кошты – вельмі еўрапейскія. Занадта высокія ў параўнанні са звычайным грузінскімі.

Алазанская даліна. Незабыўныя краявіды.

Батумі. У перакладзе са сванскай мовы “бат” — гэта камень. Большасць будынкаў у горадзе датуецца XIX ст. Тут жа размяшчаецца і старажыная крэпасць “Тамара". Але вельмі шмат тут і найсучаснейшых будынкаў, пабудаваныя за апошнія 10 год.

Жыхары Грузіі вельмі гасцінныя. Запрашаюць цябе пераночыць, пояць, кормяць — і ўсё гэта — не патрабуючы грошай. Частуюць грэцкімі арэхамі і мёдам, хлебам, сырам і, абавязкова, віном. Калі адмаўляцца занадта гучна ці грошы прапаноўваць — могуць пакрыўдзіцца. Тосты любяць казаць, канешне. Вельмі шмат нешта кажуць на грузінскай, а пасля — кораценька на рускай тлумачаць, пра што быў тост. П'юць за сустрэчу, за Грузію, за тых, каго няма побач. Не магу сказаць, у якім парадку.

Здаралася спыняцца ў вінакурнях. Звычайна, яны ўяўляюць сабой будынак з вялікім склепам, тут жа — рэстаранчык, дзе можна выпіць ці набыць віна. Самым незвычайным дзеяннем, канешне, было адкручваць кранікі. Ніколі такога дагэтуль у жыцці не рабіў. Леха, не зважаючы на тое, што быў за стырном, мог выпіць віна і паехаць далей. У Грузіі гэта нармалёва — ўсе крыху на падпітку. Калі правілы не парушаеш, цябе ніхто і не спыніць. А яшчэ ў Грузіі вельмі смачная выпечка, яна паўсюль звычайна вельмі свежая. Вось толькі некаторая ежа нерэальна вострая.

Сігнахі. Высока ў гарах заўсёды халодна. Дый і кастрычнік асабліва не грэе.

Прыморска-Ахтарск на Азоўскім моры. Заехаў па дарозе ў Грузію да знаёмай дзевачкі Волі з Віцебску. Неяк яна завітала да родзічаў на неколькі тыдняў, а засталася на чатыры месяцы. Уладкавалася тут афіцыянткай, працуе. “Мішка, ты ж паглядзі, гэта ж мора…!”. Так, я яе вельмі добра разумею. Куртку цёплую ёй прывёз з дому, каб не мерзла.

80 км ад Тбілісі. Лепшая шашлычная ў акрузе. За суседнім столікам размясцілася невялічкая кампанія — група падлеткаў пад кіраўніцтвам жанчыны сталага ўзросту. Яны пілі віно, а пасля юнакі пачалі спяваць па-грузінску. Як гэта было прыгожа! Бадай, гэта адно з самых моцных уражанняў вандроўкі! Пазней, калі пазнаёміліся, аказалася, што гэта настаўніца з вучнямі адной з найлепшых у Тбілісі гімназій, выпускінікі якой добра валодаюць рознымі замежнымі мовы. Гэта былі ці не адзіныя падлеткі, якіх я сустрэў на сваім шляху і якія размаўлялі па-руску.

У Грузіі я ўпершыню пакаштаваў чачу — своеасаблівую самагонку з вінаграда. П’ецца яна як кампот, хмялееш ад яе хутка, але пры гэтым і вельмі ж камфортна сябе адчуваеш. Не тое што ад некаторага айчыннага алкаголю.

У дварах прыватных дамоў і вінакурняў нярэдка сушыцца тытунь. У адным з такіх двароў мы неяк выпілі віна і пакаштавалі грузінскага тытуню. Мяне моцна ўставіла, але ж я не палю, хутчэй з-за гэтага.

Суровы перавал Давід Гарэдзі.

У Грузіі ўвесь час ужываеш віно — без гэтага ніяк не абыйсціся. Хатняе віно, якім частавалі мясцовыя, часам мне не вельмі падабалася — брага, што з яе возьмеш. Я б дакладна яго бочкамі не піў. Але тое, якое з добрых бочак — вельмі смачнае!

Рэкі тут вірлівыя, імклівыя, з рудой вадой, нясуць у сабе небяспеку. І масты вельмі цікавыя — амаль усе, старажытныя і вельмі прыгожай формы.

Звычайны для Грузіі краявід.

Дзяды ў Гурджані. Частавалі нас айвой і пыталіся, ці падабаецца нам Грузія, ці камфортна нам тут. А вось з моладдзю мы асабліва зносінаў не мелі — швэндаліся па лясах-гарах і нідзе не тусаваліся. Таму і моладзевага руха асабліва не адчулі. Адзінае, магу даклдана сказаць — у Кіеве графіці нашмат больш, чым у Тбілісі.

Былая сталіца Грузіі Мцхета — тут вельмі шмат храмаў. Увогуле грузіны рэлігійныя вельмі, другая краіна, якая прыняла хрысціянства, многія жадаюць звязаць жыццё са служэннем Богу.

Помнік закаханым на беразе Чорнага мора ў Батумі.

Нейкая кавярня ў Баржомі. Справа ў тым, што я не люблю здымаць відавочныя рэчы — мне не цікава. Вось у Грузіі дахера вінаграда і віна, але ў мяне вельмі мала здымкаў першага, а другое я увогуле не здымаў. Так і тут — кавярня на фотаздымках ёсць, а сам курорт — не.

Адзін з паркаў у Тбілісі ўразіў сваёй даступнасцю — мы тут нават ночылі ў намётах, і ніякіх да нас не было прэтэнзій. Там на нашым шляху патрапілася вось гэтая старая чарапаха.

Мястэчка Ахалцыхе. Тут мноства канопляў — растуць па ўсіх завуголлях. Аказалася, у блізкім Баржомі ў Лёхі ёсць сябар — былы кіраўнік наркапаліцыі Ахалцыхе. Дык ён зазначыў, што, на сам рэч трава беспантовая і паліць яе — час марнаваць.

А яшчэ тут вельмі шмат кактусаў. Растуць сабе на зямлі як у Беларусі — кветкі.

Вада ў Грузіі паўсюль...

Перавал Давід Гарэдзі ўвечары. Ты тут пытаешся, ці ёсць адчуванне прысутнасці вайны. Не, няма. Наогул, за ўвесь час ні разу не было пачуцця небяспекі такога кшталту. Наогул, усё мірна і спакойна. Быў, праўда, адзін момант: нам дазволілі пераночыць у манастыры, і вось там, падчас сняданка, мы пачулі стрэлы за вокнамі. Я думаю — ну, капец. А ўсе як елі, так і працягваюць есці, размаўляць паміж сабой па-грузінску. Як высветлілася пасля, побач проста размяшчалася военская частка і салдаты зраніцы вырашылі папрактыкавацца ў стрэляніне. Так што фігня гэта ўсё — расповеды пра небяспеку.

Фунікулёр у пасёлку Хула. Ён нікчэмным стане, але так дух займала, калі ехалі на ім! Вельмі крута было. І каго там толькі не возяць — і кароў, і іншых жывел. Патусаваліся на вяршыні і вярнуліся назад. Адзін з непрыемных момант вандроўкі — размова з чалавекам, які выконваў фкнкцыю правадніка ў фунікулёры: сачыў за парадкам і г.д. Ён нам чамусьці не спадабаўся — з-за непрыемнага погляду і вельмі высокага тону размовы на незразумелай нам грузінскай (а мо і якім дыялекце) мовы. Справа не ў мове, насамрэч — проста ён нават не спрабаваў паразумецца, а толькі выклікаў паніку сваімі паводзінамі. Часам станавілася проста страшна. Яшчэ і гэты кінжал у яго на поясе.

Дзяўчына з кампаніі вандруючых палякаў, якіх сустрэлі па дарозе.

Да Гурджані ехалі на аўтамабілі. Сядзелі на заднім сядзенні ўчацвярых — мы з Андрэем і дзве дзяўчынамі-вандроўніцамі з Ізраілю. Цесна, канечне, было, затое весела.

На Азове апынуўся першы раз, але не купаўся — вада была халодная. Проста сядзеў на беразе інічога больш мне не было патрэбна — вельмі добра было.

Кіроўца аўтобуса. Падвез каля 10 км ад Прыморска-Ахтарска. Ну, вы ведаеце, часам, калі аўтаспынам вандруеш, і кіроўцы аўтобусаў, і таксісты падвозяць бясплатна.

Перавал Гадэрдзі. Снежныя вяршыні гор. У джыпе з адчыненым верхам ехаць было вельмі халодна. Па дарозе зайшлі ў адну з мясцовых забягалавак — пагрэцца. Я у сандалях на ваўняныя шкарпэткі, Андрэй увогуле ў шлёпанцах на босую нагу. І гэта на фоне мясцовых у кажухах і цёплых чаравіках. Пасля было застолле, мы пазнаёміліся з аўстрыйцамі, якія будавалі фунікулёры. На ноч яны размясцілі нас ў вагончыках для будаўнікоў. Так, там былі шклопакеты на вокнах, але нашыя вагончыкі хадуном хадзілі ад ветру. У такія моманты адчуванні былі не вельмі прыемныя.

Вінаград, фрукты тут увогуле вельмі ж танныя, на нашыя грошы — капейкі. Памятую, за кілаграм інжыра заплаціў 1 ларі, гэта пяць–шэсць нашых тысяч, лічы, бясплатна. Прадукты тут экалагічна чыстыя, іх нічым не апрацоўваюць. Мы неяк мылі вінаград ля калонкі, дык нам дзед мінак зрабіў заўвагу — навошта мы прадукт псуем?

Аднойчы ў нашым аўто нешта зламалася, прыйшлося рамантаваць у мясцовых. Заехалі ў вёсачку, меншую за Бешанковічы, на рынак — набыць патрэбныя дэталі. Машына прывабіла такую ўвагу, нібыта джыпа тут раней ніколі не бачылі. Людзі пачалі падыходзіць, пытацца, ці патрэбна дапамога, рэкамендаваць мясцовых майстроў. Гэта пасля мы ўжо засвоілі: Грузія, як Сібір — калі з табой нешта здарылася ў дарозе, людзі заўсёды будуць спыняцца і прапаноўваць дапамогу.

Тбілісі. Я ўвогуле сувеніры амаль не набываў — заплечнік і так без вады і ежы важыў 17 кг. Але, канечне, набыў сабе шапку свануры, калі толькі-толькі ўязджаў з Уладзікаўказа ў Грузію. Там, дарэчы, як і ў Крыму, узджоўж шашы стаялі бабкі, якія прадавалі розныя ваўняныя штукі — шапкі, шкарпэткі. Пра апошнія асобная размова. Яны звязаныя так, што пятка вельмі вытыркаецца. Я падумаў, што гэта вельмі крутыя рукавіцы — будзе зручна ў іх стопіць, шмат месца для вялікага пальца. Набыў, і толькі тады зразумеў, што гэта на сам рэч шкарпэткі.

Фарыз. Кіроўца зернявоза. Разам праехалі каля 600 км па Расеі. З Фарыза і пачалося наша знаёмства з Каўказам. Сам ён паходзіць з Азербайджана, але жыве ў Растоўскай вобласці. Хутка ня ехалі, бо машына была перагружанай. Гэта было відавочна, таму паліцыя нас адразу спыняла. Але стаялі мы хвіліны па тры, Фарыз даваў грошы і нас прапускалі далей. Расея — карумпаваная па вушы. Нажаль, да Растова мы так і не даехалі — скончылася паліва, таму нам прыйшлося шукаць новы сродак перасоўвання.

Горнае возера. Праляжаў каля яго ўвесь дзень — гладзеў на ваду, неба.

У Грузіі крыжы паўсюль. Але што зробіш — горы, заўсёды існуе пэўная небяспека. Некаторыя з крыжоў апрацаваныя нейкімі хімічнымі рэчывамі — свецяцца ўначы.

Руіны абарончых муроў і манастыры ў Грузіі паўсюль...

Вось такія краявіды вакол Батумі.

Краявіды перавалаў зачароўваюць.

Тбілісі ў перакладзе з грузінскай — “цёплая крыніца”. Назва поўнасцю сябе апраўдала — менавіта тут мы схадзілі ў сапраўдную Грузінскую лазню. Гэта была неймаверная асалодна пасля такой вялікай колькасці пераадоленых кіламетраў і мінімума магчымасцяў памыцца!

Вось на гэтым джыпе мы аб’ехалі палову Грузіі. Як бачыце, тэнту тут няма, таму дождж, халодны вецер — паспыталі ўсё. Затое была магчымасць сушыць мокрыя рэчы непасрэдна падчас руху. Дый для гор такое аўто — самы раз! Дзіўная для мяне акалічнасць — ніводнага разу нас не спрабавалі абакрасці. Таму рэчы нярэдка пакідалі ў машыне, нават калі самі ночылі ў памяшканні.

Мцхета — старажытная сталіца Грузіі.

Таксіст з Мцхеты. Параіў нам: “Язджайце ў Кахецію, там павінна быць цепла”. Мы і паехалі

Мястэчка Сігнахі. З пагоркаў, на якіх месцяцца манастыры — шыкоўны від.

У наваколлях невялічкага пасёлка Абастумані. Звычайная тбіліская сям’я. Выбраліся на выходных на прыроду.

Авечачкі. Іх тут шмат. Калі статак у 150 галоў пераходзіць дарогу, машыны запавольваюць рух. Нічога не застаецца, як сядзець і чакаць, пакуль усё скончыцца. У некаторых авечак на галовах чырвоныя плямы. Гэта кроў. Бачыў на ўласныя вочы. Кажуць, што паганятыя спецыяльна малоцяць жывёл па галаве, каб тыя былі больш паслухмянымі. Пасля такія плямы заліваюцца зялёнкай.

Асаблівасць Грузіі ў тым, што тут людзі нібыта не баяцца злодзеяў. Часам трапляюцца хаты, лецішчы, якія яны зачыненыя проста на кручок. А там — бялізна на ложках, посуд, дровы ля каміна. Заходзь і жыві. Тое ж і з пчалінымі хаткамі: стаяць сабе і стаяць і ні кім не ахоўваюцца.

Румынскія байкеры — сустрэлі іх па дарозе.

Грузінскія дзяўчаты… Ведаеш, я з імі не кантактаваў асабліва, але дакладна магу сказаць — у гарадах іх нашмат больш, чым у невялічкіх мястэчках. Праўда. Як па весках, дык я не ўпэўнены, што увогуле іх бачыў. Дома пад замком іх трымаюць, ці што? Але ж што зробіш — гэта Каўказ.

"Немного лет тому назад, там, где, сливаяся, шумят, обнявшись, будто две сестры, струи Арагвы и Куры” — сказаў ужо іншы Міхаіл — Лермантаў, калі спыніўся на гэтым месцы зрабіць чарговую зацяжку.

Грузіна-амерыканскі тэхналагічны універсітэт. Самы высокі будынак у Батумі з такім вось дзіўным колам агляду.

19.06.2014 21:10, Фотосет

GeorgiaBelarus

 









Рабіце змеяў, бярыце коўдры

Витебский трансфер

Прастора в Витебске