Карпаты змяняюць

23.02.2016 21:34, Фотосет

Каб пачаць новы год з “чыстай свядомасцю”, 31 снежня трэба быць дзе заўгодна, але не дома. Віцебскі фатограф Міша Цітоў ператварыўся ў зацятага вандроўніка пасля Грузіі. Потым былі аўтаспыны па Казахстану, Кыргызстану і поўдню Расіі. Улетку Міша адкрываў Малдову і Украіну. Нядаўна вярнуўся з чарговай выправы, на гэты раз у Карпаты. Прывёз фоткі, відэа і новага сябе.

Пакуль даўншыфтары гойсаюць недалёка ад экватара, Міша адбівае на плёнку свайго фотаапарата “постсавецкія” дзяржавы. На пытанне, “Чаму гэтым разам Украіна?” адказвае проста – хацелася на ўласныя вочы пабачыць сітуацыю ў краіне і пагутарыць з людзьмі. Пасля летняга падарожжа адчуў любоў да тых мясцін: з-за гасціннасці, шалёнага патрыятызму, адкрытасці, пяшчотных адносін украінцаў да Беларусі і беларускай мовы.

Наведаўся ў Днепрапятроўск, Адэсу, потым махнуў у Малдову – чаму і не, калі побач? Пасля былі Карпаты, закончыў летнюю паездку ў Львове. Горад захапіў вандроўніка, таму было вырашана абавязкова вярнуцца. Да таго ж тут засталіся новыя сябры.

Вярнуўся 30 снежня з дапамогай магіі беларускай чыгункі і адкрытасці ўкраінскіх кіроўцаў. Сябрукі прапанавалі адразу з Львова стартаваць у горы і сустрэць свята там. На наступны дзень выправіліся ў бок Івана-Франкоўска, каб потым дабрацца да невялічкай вёскі Зялёнае, ля самых Карпатаў.

На месцы былі літаральна за сорак хвілін да наступлення 2016 года. Свята ў невялічкай хаце недзе ў Карпатах сустракалі трынаццаць чалавек. Сімвалічны пераход у новы 2016-ты адбыўся за размовамі і віном, а першы ранак – захопліваючы аб’ектывамі неба ды краявіды. У такой рамантычна-натхняльнай атсмасферы і прайшлі некалькі дзён: горны храбет, снег, сонца, паўпустая абсерваторыя ды іншыя цуды.

Для тых, хто глядзіць на такую выправу як на нешта экстрымальнае і вагаецца, ці ехаць, Міша раіць не турбавацца: амаль усюды ёсць “пратаптаныя” шляхі. Горы насычаныя указальнікамі, таму малаверагодна, што вы згубіцеся. Але адмаўляцца ад мапы не варта.

Пасля цудоўнага пачатку года кампанія захацела працягу, таму  паехалі спынам у Чарнаўцы. Там сябры правялі ноч у дзяўчыны Любові, якая была першым у горадзе каўчсёрферам, а таксама расказала крыху пра родныя мясціны і сваю прафесійную дзейнасць – фатаграфію.

Далей шлях ляжаў у Тэрнопаль, а Каляды Міша сустракаў ў Івана-Франкоўску на сямейным свяце свайго сябра. Беларускага госця з радасцю запрасілі. Потым ізноў Львоў, бо трэба было ўсё ж захапіць фотаапаратам выбітную архітэктуру.

Вяртанне на радзіму таксама не абыйшлося без дапамогі кіроўцаў. Шлях праз Ковель на Мінск падкінуў Мішу некалькі цікавых суразмоўцаў розных нацый, з якімі як заўсёды былі гарачыя размовы за жыццё, палітыку і мову.

Падсумоўваючы свае ўражанні, Міша ўсім абавякова раіць з'ездзіць ва Украіну, калі вы яшчэ не рабілі гэтага. “Мне гэтыя вандроўкі насамрэч дапамаглі спазнаць сябе, не толькі як асобу, але, хутчэй, як грамадзяніна. Я размаўляў па-беларуску, што неверагодна прыемна для мяне, украінцы дужа любяць беларусаў ды нашу мову. Магчыма, у такія часы, усведамленне таго, што ты беларус, – самае каштоўнае, што можна набыць у такім падарожжы”.

Тэкст: Віка Фаміна
Фота і відэа: Міша Цітоў

























23.02.2016 21:34, Фотосет

 









Выставка от журнала «Имена»

Дзень вуліцы

Первый беларуский медиахакатон