Парклеты ў Віцебску нашай мары

16.09.2016 03:20, Выставки

Цэнтр урбаністычных праектаў ды ініцыятыў разам з Vitebsk4me запрашаюць на віртуальную выставу дызайн-праектаў гарадской мэблі “Парклет”, прымеркаваную да Еўрапейскага тыдня мабільнасці.

Сёлета Тыдзень мабільнасці пройдзе з 16 па 22 верасня. Афіцыйна да яго мерапрыемстваў далучыліся больш за 2200 гарадоў-удзельнікаў, у тым ліку пятнаццаць беларускіх. Сярод іх, на жаль, няма Віцебска, але гэта не перашкаджае імкнуцца да галоўнай мэты Тыдня мабільнасці-2016: падкрэсліць перавагі ўстойлівай мабільнасці, паказаць, якім чынам адмова ад аўтамабіля можа паўплываць на гарадскую прастору і ўрбаністычнае асяроддзе. Мы знаёмім вас з трынаццацю працамі, прысвечанымі парклетам і адабранымі па выніках конкурсу “Экадызайн” на Урбаністычным форуме “Прастора” (21 траўня 2016 года).

Парклеты – гэта невялікія рэкрэацыйныя зоны, створаныя замест паркавальных месцаў уздоўж шырокіх вуліц у дзелавых раёнах вялікіх гарадоў. Яны з’яўляюцца як працяг ходніка і ўпоравень з ім, каб мінакі маглі прыпыніцца на колькі хвілін, адпачыць і паназіраць за імклівым жыццём горада.

Першы парклет з'явіўся ў Сан-Францыска ў 2005 годзе. Цяпер паўвыспачкі для адпачынку ўсё часцей можна пабачыць не толькі ў Амерыцы, але і ў буйных еўрапейскіх гарадах. Як яны маглі б выглядаць на віцебскіх вуліцах?

Парклет ствараецца як зона камфорту, і толькі гэтым абмяжоўваецца фантазія дызайнера. Найчасцей парклеты абсталёўваюцца лаўкамі для сядзення ці ляжання, невялікімі столікамі, веласіпеднымі паркоўкамі. А ў Лос-Анджэлесе нават з’явіліся зоны актыўнага адпачынку з велатрэнажорамі. Аздабляюць парклеты афарбоўкай, сапраўднымі ці штучнымі раслінамі, клумбамі.  

Парклет – гэта прыватны доказ, што замест паркоўкі аднаго-двух аўто можна зрабіць месца для камфортнага адпачынку адначасова вялікай колькасці людзей. Гэта маленькая публічная прастора, дзе можна адстойваць пазіцыю экалагічнай мабільнасці проста падчас адпачынку. Гэта атмасфера Віцебска будучыні, пра які мы марым.














16.09.2016 03:20, Выставки

 









Рабіце змеяў, бярыце коўдры

Витебский трансфер

Прастора в Витебске